У пачатку гэтага года ў Жыровіцкім Свята-Успенскім стаўрапігіяльным мужчынскім манастыры пачнуцца маштабныя рэканструкцыйныя работы. Пытанне аб рамонце і мадэрнізацыі святыні знаходзіцца пад асабістым кантролем Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Не так даўно кіраўнік дзяржавы наведаў гэтую мясціну і даручыў на працягу бліжэйшых чатырох гадоў канчаткова добраўпарадкаваць не толькі манастыр і яго тэрыторыю, але і самі Жыровічы.
Пытанні па рэканструкцыі і мадэрнізацыі комплексу будуць курыраваць Гродзенскі аблвыканкам сумесна з Міністэрствам культуры і Беларускай Праваслаўнай Царквой. Праграма на 2022–2025 гады па правядзенні рамонтна-рэстаўрацыйных работ мужчынскага манастыра і аграгарадка Жыровічы была прынятая яшчэ ў сярэдзіне мінулай восені.
Ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва Гарадзенскага аблвыканкама растлумачылі, што ў план уключана 29 аб’ектаў, якія падлягаюць рамонту ці рэканструкцыі. Папярэдне, у яго ўвойдуць чатыры крыніцы фінансавання: рэспубліканскі і абласны бюджэты, спонсарская дапамога, а таксама ўласныя сродкі манастыра. Мяркуецца, што на рэалізацыю ўсяго плана будзе накіравана больш за 60 мільёнаў рублёў.
Жыровіцкі манастыр адносіцца да Беларускага экзархату Рускай Праваслаўнай Царквы, а сам комплекс складаецца з трох цэркваў, семінарыі, манаскіх келляў, трапезнай ды іншых гаспадарчых будынкаў. Цэнтрам з’яўляецца галоўны храм манастыра — Успенскі сабор, у асяроддзі семінарыі і манаскіх келляў, з якімі ён злучаны крытымі пераходамі. На паўднёва-ўсходнім напрамку ад яго знаходзіцца Багаяўленская царква, а на ўсход — узвышаецца Крыжаўздзвіжанская царква, якую таксама рэканструююць.
Для сабора, які з’яўляецца самай важнай кропкай аднаўленчых работ, ужо распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, за ёй пройдзе спецыяльная экспертыза. Аднак, спецыялісты ўжо цяпер могуць сказаць, што адновяцца дах і фасад будынка, а таксама будуць замененыя ўсе інжынерныя збудаванні і камунікацыі. Тут жа ўсталююць сучаснае інжынерна-тэхнічнае абсталяванне — сістэму відэаназірання, ахоўную і пажарную сігналізацыі, падсвятленне будынка. Схема ўсёй існуючай гістарычнай забудовы будзе захавана.
На тэрыторыі Жыровіцкага манастыра з’явіцца новая званіца, праектаванне якой ужо пачалося сёлета. Яна будзе мець да шасцідзесяці метраў вышыні і стане самай высокай у Беларусі.
Цяпер у часовай званіцы знаходзяцца дванаццаць званоў, якія прыбылі ў святое месца ў 2020 годзе ў гонар 500-годдзя заснавання манастыра і 550-годдзя з’явы Жыровіцкай іконы Божай Маці. Іх адлівалі ў Варонежы на званаліцейным заводзе «Вера». Вага самага вялікага звана 4200 кілаграм.
На ім адлітыя словы: «Папячэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна». Асвячэнне званіцы і падораных званоў — значная і для беларускага, і для расійскага народаў падзея, увасабленне моцнага сяброўства паміж нашымі краінамі, адзначыў падчас урачыстай цырымоніі пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Мезенцаў.
Мадэрнізацыя таксама чакае гістарычныя гаспадарчыя будынкі, якія ўваходзяць у склад Жыровіцкага комплексу, святыя крыніцы, а таксама былую сядзібу «Старыя Жыровічы».
Мяркуецца, што «Старыя Жыровічы» — не проста манастырскае падвор’е, але важны турыстычны аб’ект. Тут пастаянна спыняюцца як паломнікі, так і звычайныя вандроўцы.
Самі Жыровічы, размешчаныя ў Слонімскім раёне, таксама зменяцца. Адрамантуюць фасады карпусоў Жыровіцкага аграрна-тэхнічнага каледжа і мясцовага Дома культуры, а таксама ўчастковай бальніцы, школы і ясляў. Разам з тым, рэканструкцыя аграгарадка прыўнясе камфорт не толькі для гасцей і падарожнікаў, але і мясцовых жыхароў.
Гісторыя Свята-Успенскага мужчынскага манастыра ў Жыровічах цягнецца з XVI стагоддзя. Праваслаўны манастыр узнік на месцы, дзе, паводле падання, з’явіўся Жыровіцкі абраз Божай Маці. Для яе ўзвялі драўляны храм, які згарэў, аднак святыня была змешчаная ў новым будынку, вакол якога пасля і паўстаў Жыровіцкі манастыр. Па-ранейшаму самай галоўнай славутасцю манастыра з’яўляецца цудадзейны абраз Божай Маці Жыровіцкай. Ёсць тут яшчэ адна асаблівасць — гэта гаючая крыніца, якая цячэ з-пад Успенскага сабора. Паводле падання, яна паўстала адначасова з з’яўленнем іконы.
У суседняй вёсцы знаходзіцца незвычайны храм-крэпасць Святога Міхаіла, яшчэ адну царкву абароннага тыпу вы знойдзеце ў вёсцы Мураванка.
Аліса СКІБА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alisa-skiba
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyrovicki-svyata-uspenski-manastyr
[4] https://zviazda.by/be/tags/ramont
[5] https://zviazda.by/be/tags/rekanstrukcyya