Супрацоўнікаў, а таксама ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях з прафесійным святам — Днём ратавальніка, якое адзначаецца сёння, павіншаваў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, дэманструючы адданасць сваёй справе, мужнасць і адвагу ў самых цяжкіх і небяспечных сітуацыях, ратавальнікі кожны раз прыходзяць праверку на трываласць з гонарам і годнасцю.
Найлепшыя ратавальнікі Мінскай вобласці атрымалі ўзнагароды ў зале Славы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Як яны самі адзначаюць, вельмі сімвалічна, што сабраліся ў гэтым знакавым для нашай краіны месцы ў Год гістарычнай памяці.
— Прафесія ратавальніка — адна з самых складаных, але і адна з найбольш высакародных, — заўважыў, віншуючы супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр ТУРЧЫН. — Рызыкуючы жыццём, вы ратуеце жыцці нашых грамадзян: тушыце пажары, дапамагаеце падчас дарожна-транспартных здарэнняў, шукаеце тых, хто заблукаў у лесе... Дзякуючы вам, многія аб’екты народна-гаспадарчага комплексу былі выратаваныя. Мы будзем працягваць будаваць для вас жыллё, набываць тэхніку, узводзіць будынкі. Гэта сістэмная работа праводзіцца для таго, каб вам, людзям, якія рызыкуюць сваім жыццём, даводзілася працаваць у добрых умовах.
Як адзначыў начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС палкоўнік унутранай службы Сяргей ЛАПАНОВІЧ, за мінулы год ратавальнікі вобласці здзейснілі звыш сямі тысяч выездаў, выратавалі 277 чалавек, у тым ліку 30 дзяцей. «Самае галоўнае, што летась мы не дапусцілі буйных надзвычайных сітуацый, разам з прадстаўнікамі іншых сілавых структур спрацавалі разам па папярэджанні гібелі людзей, — расказаў начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС. — Развіваецца матэрыяльна-тэхнічная база, будуюцца падраздзяленні — мы робім усё для таго, каб ратавальнікам было камфортна несці службу, а атрыманыя рэсурсы толькі садзейнічалі ліквідацыі надзвычайных сітуацый».
Сярод узнагароджаных і адзначаных — Дзмітрый Хоміч, жыхар Любанскага раёна. Ён не прафесійны ратавальнік, але, калі ўбачыў у доме аднавяскоўца задымленне, не раздумваючы кінуўся на дапамогу.
Інструктар-кіроўца пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 1 г. Мар’іна Горка Дзмітрый Якімук, які служыць у МНС ужо 15 гадоў, аб прафесіі ратавальніка марыў з дзяцінства. «Я, напэўна, народжаны ратаваць людзей, — прызнаецца супрацоўнік МНС. — У надзвычайнай сітуацыі мы не думаем аб тым, што падвяргаем сваё жыццё небяспецы. У першую чаргу, мы павінны не даць загінуць іншаму чалавеку».
Вераніка КАНЮТА
Фота Мінскага абласнога ўпраўлення МНС
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/mns
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-homich
[5] https://zviazda.by/be/tags/syargey-lapanovich
[6] https://zviazda.by/be/tags/prezident
[7] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[8] https://zviazda.by/be/tags/vinshavanne