У Магілёўскай вобласці праходзіць абласны конкурс прафесійнага майстэрства «Майстар года» сярод майстроў вытворчага навучання ўстаноў адукацыі-каледжаў, ліцэяў і прафесійна-тэхнічных каледжаў. Аб гэтым расказала начальнік аддзела вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ірына Кандрашова, перадае [1] БелТА.
«Абласны конкурс сярод майстроў вытворчага навучання праводзіцца з 2010 года, — адзначыла Ірына Кандрашова. — Ён складаецца з двух этапаў — унутрыстаноўчага і абласнога, які ў сваю чаргу праходзіць у два туры. Выпрабаванні першага тура (тэставанне) пераадолелі 11 з 24 удзельнікаў. Менавіта ім трэба будзе зараз паспрачацца за званне „Майстар года“ ў фінале конкурсу. Выніковае мерапрыемства адбудзецца з 24 па 28 студзеня ў Бабруйскім будаўнічым прафесійна-тэхнічным каледжы».
У другім туры заключнага этапу канкурсантам неабходна загадзя даць журы відэазапіс урока, а таксама падрыхтаваць на сцэне творчую прэзентацыю «Мая прафесія — мой выбар». Тут ад удзельнікаў патрабуецца прадставіць сябе, выбраную прафесію і прафесійны вопыт. Наяўнасць у выступе прафарыентацыйнай накіраванасці, артыстызму і творчага падыходу толькі вітаецца.
Па словах Ірыны Кандрашовай, конкурс мае важнае значэнне для сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі рэгіёну: ён раскрывае творчы патэнцыял удзельнікаў, павышае іх прафесіяналізм, стымулюе асобасны рост, а таксама спрыяе распаўсюджванню перадавога педагагічнага вопыту. Журы ўзнагародзіць пераможцаў дыпломамі першай, другой і трэцяй ступеняў, а таксама адзначыць канкурсантаў у дадатковых намінацыях.
У Магілёўскай вобласці ў 25 установах прафесійнай адукацыі працуе 486 майстроў вытворчага навучання.
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/regions/view/mastera-goda-v-proizvodstvennom-obuchenii-vybirajut-v-mogilevskoj-oblasti-480235-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/maystar-goda
[3] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-voblasc
[4] https://zviazda.by/be/tags/iryna-kandrashova
[5] https://zviazda.by/be/tags/konkurs