Сёння ў верхняй палаце парламента адбылося падвядзенне вынікаў работы маладзёжнага крыла за мінулы год. Перад удзельнікамі выступіла спікер Савета Рэспублікі і расказала аб сваім бачанні тых задач і прыярытэтаў у рабоце, якія павінны стаяць перад членамі Маладзёжнага савета (парламента), створанага пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь.
— Галоўная задача — працаваць на карысць нашай краіны і нашага народа, — акцэнтавала ўвагу ў гутарцы з журналістамі Наталля Качанава.
Яна нагадала, што сёння маладыя парламентарыі шчыльна працуюць разам з сенатарамі на розных мерапрыемствах: на пасяджэннях сесій Савета Рэспублікі, прыёмах па асабістых пытаннях, выязных прэзідыумах у рэгіёнах, круглых сталах, якія хвалююць грамадства.
— Гэта нашы агульныя задачы, — адзначыла яна і падкрэсліла. — Але самым галоўным мне бачыцца ў рабоце нашых маладых калег — яны павінны больш актыўна працаваць са сваімі аднагодкамі ў рэгіёнах.
Спікер нагадала, што зараз прадстаўніцтва рэгіёнаў у Маладзёжным парламенце маштабнае (па 10 чалавек ад вобласці), таму яго члены павінны быць прыкладам, пунктам прыцягнення для такіх жа маладых людзей, каб разам вырашаць важныя пытанні ў жыцці краіны.
Паводле яе меркавання, гэта датычыцца такіх кірункаў работы, як валанцёрскі рух, работа з маладымі людзьмі, якія трапляюць у цяжкае жыццёвае становішча, узаемадзеянне з маладымі сем’ямі — прывіванне ім традыцыйных каштоўнасцяў.
— Працуючы над Асноўным Законам нашай краіны мы ўбачылі, што людзей вельмі хвалюе статус сям’і, стасункі ў ёй, — патлумачыла Наталля Качанава. — Людзей вельмі хвалюе, што заходнія краіны навязваюць абсалютна нетрадыцыйныя для нас каштоўнасці (аднаполыя шлюбы і ўсё астатняе). І гэта выклікае ў іх моцную занепакоенасць.
Яна звярнула ўвагу, што ў своеасаблівым рэйтынгу зваротаў у Канстытуцыйную камісію гэтая тэма выйшла на першае месца.
— Таму роля маладых парламентарыяў — працаваць з большай энергіяй, бо гэта важна, калі роўны вучыць роўнага, — лічыць Старшыня Савета Рэспублікі. — Там, дзе не дастукаецца дарослы да маладога чалавека, да падлетка ў пераходным узросце — да яго можа дастукацца малады чалавек, які яму падкажа, як правільна, і дапаможа выбраць патрэбны кірунак у жыцці.
Наталля Качанава адзначыла, што работа павінна весціся маладымі парламентарыямі па ўсіх праблемных пытаннях, якія існуюць у грамадстве: па супрацьдзеянні п’янству і алкагалізму, распаўсюджанню брыдкаслоўя, наркаманіі.
Акрамя таго, спікер верхняй палаты парламента лічыць неацэннай работу маладых парламентарыяў па давядзенні праўды.
— Гэтыя маладыя людзі з’яўляюцца ўдзельнікамі практычна ўсіх важных мерапрыемстваў у нашай краіне: яны ўдзельнічаюць ва Усебеларускім народным сходзе, нарадах, рэспубліканскім педагагічным савеце, пасяджэннях сесіі Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, — прывяла прыклады Наталля Качанава і адзначыла. — Яны глыбока пагружаныя ў тое, што рэальна адбываецца ў нашай краіне. І гэтую праўду яны павінны даносіць да сваіх аднагодкаў.
Напрыканцы спікер верхняй палаты парламента звярнула ўвагу і на яшчэ адзін важны аспект у рабоце маладзёжных арганізацый.
— Важна, каб яны ўзаемадзейнічалі адна з адной: БРСМ, Маладзёжны савет, рух (Наперад. — Заўв. аўт.) — яны павінны працаваць разам, не канкурыраваць паміж сабой, а ўзаемадзейнічаць. А мы бачым, што ў іх складваецца нядрэннае ўзаемадзеянне, бо яны ўсе прысутнічаюць на падвядзенні вынікаў і гэта вельмі добра, — адзначыла Наталля Качанава.
Аб дзейнасці Маладзёжнага парламента за 2021 год расказаў яго старшыня Ягор Макарэвіч. Малады парламентарый падрабязна спыніўся на пытаннях рэгіянальнага ўзаемадзеяння і ўцягванне маладых людзей у дзейнасць Маладзёжнага парламента, актывізацыі інфармацыйнай дзейнасці ў сетцы Інтэрнэт і СМІ, захавання аб'ектыўнай гістарычнай памяці. Таксама надаў увагу такім актуальным кірункам дзейнасці як работа над унясеннем змяненняў у Канстытуцыю, а таксама ў заканатворчай дзейнасці.
У прыватнасці, маладыя парламентарыі ініцыявалі праект «Гістарычная памяць», у рамках якога ў Бяроза Брэсцкай вобласці на месцы размяшчэння канцэнтрацыйнага лагера прайшоў мітынг-рэквіем, а таксама абвешчаны збор сродкаў на стварэнне мемарыяльнага комплексу ахвярам палітычных рэпрэсій польскіх уладаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў перыяд 1921-1939 гадоў. Гэты помнік быў абноўлены напярэдадні першага Дня народнага адзінства - 17 верасня 2021 года.
Удзельнічалі юныя парламентарыі і ў пасадцы "Алеі Перамогі".
- З прадстаўнікамі грамадскасці і палітычных сіл падчас старту праекта ў Мінску адбылася закладка аднайменнай алеі. Далучыцца да акцыі мог любы беларус, высадзіўшы дрэва ў памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, - паведаміў Ягор Макарэвіч.
Таксама была заменена састарэлая мемарыяльная дошка ў сталіцы ў памяць аб выбітным савецкім і беларускім палітычным дзеячы, арганізатары камсамольскага падполля Заходняй Беларусі, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны Сяргеі Прытыцкім.
Паводле слоў лідара маладых парламентарыяў, дзейнасць ў інфармацыйнай прасторы накіравана як на новыя, так і традыцыйныя медыя.
Так, у Маладзёжнага парламента з’явіўся свой сайт - mpns.by, праводзіцца актыўнае абнаўленне інфармацыі аб яго дзейнасці ў сацыяльных сетках. Ягор Макарэвіч кажа, што за год зарэгістравана каля 2000 водгукаў і запытаў аб маладзёжным парламенце.
- Сумесна з патрыятычнай блогерскай супольнасцю запушчаны праект па асвятленні дзейнасці членаў Маладзёжнага парламента. Выпускі праекта трансляваліся ў ранішнім блоку на тэлеканале "РТР-Беларусь", а таксама размяшчаліся ў сацыяльных сетках, - паведаміў старшыня Маладзёжнага парламента.
Летам на тэлеканале «СТБ» з’явілася аўтарская інфармацыйна-аналітычная рубрыка "Сенат", у якой асвятляецца дзейнасць членаў Савета Рэспублікі і маладых парламентарыяў. Зараз прапрацоўваецца абнаўленне канцэпта і рыхтуецца новы сезон праграмы.
Гаворачы аб зменах і дапаўненнях, што да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Ягор Макарэвіч - член Канстытуцыйнай камісіі - падкрэсліў, што моладзі аказаны вялікі давер - удзельнічаць у вырашэнні лёсу сваёй краіны.
Праводзіліся дыскусійныя пляцоўкі "Беларусь будучыні" для акумулявання прапаноў маладых грамадзян па Асноўным Законе. На сайце Маладзёжнага парламента таксама арганізаваны збор прапаноў.
Лідар маладых парламентарыяў перакананы ў важнасці сустрэч з аднагодкамі для абмеркавання важных тэм грамадска-палітычнага жыцця краіны, так як маладыя людзі больш успрымальныя да інфармацыі ад роўнага.
Спікер верхняй палаты парламента акцэнтавала ўвагу на удзеле моладзі ў падрыхтоўцы праекта асноўнага Закона
- Важная падзея - работа над Асноўным законам краіны. Моладзь працавала ў Канстытуцыйнай камісіі. Нам важна Ваша меркаванне. Галоўнае, каб вы рабілі гэтую працу шчыра, без фармалізму, — адзначыла Наталля Качанава.
Дарэчы, па ініцыятыве Савета Рэспублікі ўнесена шмат прапаноў, якія сёння падтрыманыя. Сенатары прапанавалі і асобны артыкул па моладзі, які б гарантаваў падтрымку моладзі дзяржавай.
Спікер Савета Рэспублікі агучыла задача маладым парламентарыям напярэдадні рэферэндуму.
- Абмеркаванне Канстытуцыі падышло да завяршэння. Мы ідзем да рэфэрэндуму. І таму ваша задача - працягваць актыўна тлумачыць вашым аднагодкам пытанні, якія іх хвалююць. Далучайцеся, - заклікала яна. - Толькі не трэба думаць, што гэта вы не вырашыце. Вырашыце. Вы можаце звярнуцца да сенатара, які працуе ў вашым рэгіёне. Члены Савета Рэспублікі шмат робяць, каб верхняя палата парламента працавала эфектыўна на карысць народа і краіны.
Што тычыцца міжнароднага парадку дня, нягледзячы на эпідэміялагічную сітуацыю, таксама быў насычаным. Ягор Макарэвіч расказаў, што прайшлі сустрэчы з калегамі з Цюмені, Санкт-Пецярбурга, Прыморскага краю, Кітая. Члены Маладзёжнага парламента актыўна ўдзельнічалі ў восьмым Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Таксама члены Маладзёжнага парламента прымалі заявы па фактах ціску з боку міжнароднай супольнасці на нашу краіну.
- Мы працягнем гэтую тэндэнцыю. Важна, каб нашы аднагодкі, якія жывуць за мяжой, бачылі, што моладзь Беларусі мае разумны пункт гледжання на тыя падзеі, якія адбываюцца, і маглі атрымаць аргументаваны адказ на хвалю ціску ў дачыненні да нашай краіны, - заявіў Ягор Макарэвіч.
Працягваючы тэму ціску на нашу краіну, Наталля Качанава звярнула ўвагу маладых людзей на ўменне аналізаваць і вылучаць праўдзівую інфармацыю з вялікай колькасці хлусні і фэйкаў, якія апанавалі нашу краіну.
- А праўда – на паверхні. Усе намеры разбурыць нашу краіну - гэта адназначна спланаваная акцыя. Пасля таго як не атрымаўся бліцкрыг, прыдумалі гвалт, потым самалёт, потым сітуацыю з бежанцамі. У чым толькі не абвінавачваюць нашу краіну, а ўсё развальваецца як картачны домік, - кажа спікер.
Падводзячы вынікі сустрэчы, Наталля Качанава выказала пажаданні Маладзёжнаму парламенту быць больш настойлівымі і актыўнымі ў адстойванні сваёй пазіцыі.
- Будзьце неабыякавыя, выразна перакананыя ў сваіх пазіцыях. Калі ты працуеш сумленна і адкрыта з людзьмі, - людзі гэта ацэняць, - пераканана яна. - Трэба вызначыць галоўнае для сябе і разумець, што ад мяне шмат у чым залежыць будучыня маёй краіны.
Яна выказала падзяку маладым людзям, якія ў няпросты час выразна разумелі, што яны - за сваю краіну і за свой народ.
- Разумелі, што для вас робіць улада, наколькі дзяржава падтрымлівае моладзь, - падкрэсліла Наталля Качанава. - Таму што няма такой іншай краіны ў свеце, дзе столькі б клапаціліся пра людзей у розных няпростых сітуацыях, дзе людзям настолькі даступныя органы ўлады.
Напрыканцы яна пажадала моладзі поспехаў у працы, грамадскай дзейнасці і вучобе.
- Вы павінны думаць аб нашай краіне, аб тым, як важна яе захаваць такой, якая яна ёсць сёння. Дапамога ваша ў гэтым проста неацэнная, - рэзюмавала спікер верхняй палаты парламента.
Вольга АНУФРЫЕВА
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/starshynya-saveta-respubliki
[4] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[5] https://zviazda.by/be/tags/parlamentaryi-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-shod
[7] https://zviazda.by/be/tags/asnouny-zakon