— Праект прапанаваных змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь закранае асноўныя інтарэсы грамадзян нашай краіны і базіруецца на магутным сацыяльным блоку.
Беларусь славіцца высокім узроўнем сацыяльнай абароны сваіх грамадзян. Чакана, што пытанні сацыяльнай палітыкі і змены, якія прапаноўваюцца ў праекце Канстытуцыі, выклікаюць павышаную цікавасць з боку насельніцтва. Важна захаваць тое, што мы маем, а таксама прымножыць і актуалізаваць шэраг напрамкаў.
Як і раней, грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне па ўзросце, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам. Дзяржава працягне праяўляць асаблівы клопат аб ветэранах вайны і працы, а таксама аб асобах, якія страцілі здароўе пры абароне дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў.
У краіне зроблена ўжо шмат для таго, каб людзі з інваліднасцю былі раўнапраўнымі членамі грамадства. І зараз лічу неабходным замацаваць на ўзроўні Канстытуцыі роўныя магчымасці для іх удзелу ў розных сферах: сацыяльную інтэграцыю інвалідаў, стварэнне даступнага асяроддзя і паляпшэнне якасці іх жыцця, падтрымку сем'яў з інвалідамі.
Пры гэтым нельга не закрануць асноўны прыярытэт дзяржавы — моцная і здаровая сям'я. У эру сучасных тэхналогій, папулярызацыі нетрадыцыйных сямейных каштоўнасцяў і разбурэння інстытута павагі да старэйшага пакалення жыццёва важна абараніць для будучых пакаленняў каштоўнасць шлюбу і яго саюза як жанчыны і мужчыны, захаваць падзяку і памяць аб подзвігах нашых ветэранаў. Беларусы — моцная нацыя са шматвяковымі традыцыямі, а абноўленая Канстытуцыя стане моцнай апорай для іх захавання.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/taxonomy/term/77444
[3] https://zviazda.by/be/tags/iryna-kascevich
[4] https://zviazda.by/be/tags/kanstytucyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/referendum-pa-kanstytucyi
[6] https://zviazda.by/be/tags/syamya