Беларускім вучоным трэба сфарміраваць навуковую базу для штучнага інтэлекту. Аб гэтым паведаміў [1] у інтэрв’ю БелТА старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў.
«Ужо ў бліжэйшай перспектыве нам трэба будзе сфарміраваць навуковую базу для штучнага інтэлекту, якая забяспечвае яго выкарыстанне для апрацоўкі вялікіх даных і рэалізацыі канцэпцыі „Інтэрнэт за ўсё“. Даследаванні і распрацоўкі ў галіне цыфравізацыі і штучнага інтэлекту стануць асновай для разумных сістэм у самых розных галінах — ад смарт-энергетыкі і разумных гарадоў да аховы здароўя і задач, звязаных з прыняццем кіраўніцкіх рашэнняў і аўтаматызацыяй адміністрацыйных працэдур», — сказаў Уладзімір Гусакоў.
Сярод яркіх вынікаў працы навукоўцаў ён назваў офісны суперкамп’ютар «СКІФ-ГЕА-ЦАД РБ» прадукцыйнасцю больш за 100 трлн аперацый у секунду. «Гэта ў 10 разоў больш, чым у папярэдніх мадэлей. І гэта не проста фізічнае нарошчванне вылічальнай магутнасці, а работа пад запыты рэсурсаёмістых дадаткаў», — падкрэсліў старшыня Прэзідыума НАН.
На аснове акадэмічных суперкамп’ютэрных тэхналогій цяпер функцыянуюць комплекс для правядзення выпрабаванняў элементаў аўтатранспартных сродкаў, сістэма мадэлявання і інжынернага аналізу карданных перадач, сістэма разліку гідрамеханічных трансмісій, тэлемедыцынская сістэма дыстанцыйных кансультацый па лічбавых флюараграфічных даследаваннях, цэнтралізаваная сістэма электроннай выпіскі лекавых сродкаў.
У НАН створаны Рэспубліканскі суперкамп’ютарны цэнтр калектыўнага карыстання на базе суперкамп’ютарных канфігурацый СКІФ і базавая інфраструктура інфармацыйных тэхналогій для пошуку радовішчаў вуглевадародаў і калійных солей, інфармацыйна-тэхналагічная сістэма аналізу геолага-геафізічнай інфармацыі для разведкі радовішчаў нафты і газу.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/gusakov-predstoit-sformirovat-nauchnuju-bazu-dlja-iskusstvennogo-intellekta-481262-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-gusakou-2
[3] https://zviazda.by/be/tags/navuka
[4] https://zviazda.by/be/tags/shtuchny-intelekt