Каля трох гадзін ночы ўвагу нарада міліцыі Ганцавіцкага РАУС прыцягнуў мужчына, які выйшаў з аўтамабіля «Форд-Эскорт» і, хістаючыся, накіраваўся ў бок кавярні. У ходзе размовы з праваахоўнікамі высветлілася, што грамадзянін, будучы ў стане алкагольнага апянення, сеў за руль чужога транспартнага сродку.
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку высветлілі, што напярэдадні жыхар Брэста разам са сваёй дзяўчынай прыехаў у вёску Люсіна. У той вечар пара адпачывала сярод знаёмых, кампанія распівала спіртное.
Каля гадзіны ночы госць з абласнога цэнтра вырашыў прагуляцца па вёсцы. Калі мужчына праходзіў міма прыпаркаванай іншамаркі, яму прыйшла ідэя пагрэцца ў салоне аўто. Як паведамляе УУС аблвыканкама, у тую ноч жыхару Брэста ўсміхнулася ўдача: транспартны сродак быў не зачынены, і, больш за тое, у замку запальвання знаходзіліся ключы.
Далей мужчына завёў рухавік і паехаў у Ганцавічы. Свой шлях ён трымаў ва ўстанову грамадскага харчавання. З «начной місіяй» ён справіўся, але вось застацца незаўважаным, роўна як і схаваць супрацьпраўны ўчынак, не ўдалося.
Раней хлопец ужо трапляў у поле зроку праваахоўнікаў за хуліганства.
Следчымі дадзена прававая ацэнка дзеянням фігуранта. За крадзеж транспартнага сродку яму пагражае пакаранне аж да трох гадоў пазбаўлення волі.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gancavicki-raus
[2] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh-transpartnaga-srodku
[3] https://zviazda.by/be/tags/uus-ablvykankama