Па традыцыі ў мінскай Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» з 10 па 25 лютага 2022 года будзе працаваць выстаўка іранскага мастацтва «Іран — краіна майстроў».
Ва ўсіх гасцей будзе магчымасць пазнаёміцца з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам вялікай краіны Усходу. Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь адкрые нямала цікавостак, якія пазнаёмяць з культурай Ірана. На адкрыццё збяруцца і многія ўсходазнаўцы, даследчыкі іранскай культуры, гісторыі Ірана, якія жывуць і працуюць у Беларусі.
Варта адзначыць, што іранска-беларускія гуманітарныя адносіны апошнім часам разгортваюцца даволі шырока. З самых блізкіх у гэтым плане праектаў: выданне кнігі вершаў сусветна вядомага класіка персідскай паэзіі Амара Хаяма ў перакладзе на беларускую мову. Перакладчыкі — народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, лаўрэт Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Віктар Шніп, Генадзь Аўласенка. Кніга Амара Хаяма «Выбраныя старонкі» у хуткім часе павінна пабачыць свет у Выдавецкім доме «Звязда». Выданне раней зробленых і новых перакладаў абяцае стаць цікавай падзеяй у развіцці беларуксіх міжнародных сувязяў.
Раман СЭРВАЧ
Прэв’ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iran
[2] https://zviazda.by/be/tags/universitet-kultury-1
[3] https://zviazda.by/be/tags/amar-hayam
[4] https://zviazda.by/be/tags/rygor-baradulin
[5] https://zviazda.by/be/tags/viktar-shnip
[6] https://zviazda.by/be/tags/genadz-aulasenka-2