Тэма вайны і супрацьстаяння ёй заўсёды была і застанецца прасторай для даследаванняў, пошуку натхнення і магчымасцю выказвацца майстрам у розных сферах: ад гісторыі да кіно і літаратуры. Проста кожны зробіць тое па-свойму. Прапануем звярнуць увагу на адзін з такіх фільмаў у эфіры тэлеканала «Беларусь 3».
У суботу нас чакае кінапаказ ваеннай драмы «...А зоры тут ціхія» рэжысёра Станіслава Растоцкага, які выйшаў паўстагоддзя таму, у 1972 годзе. Кінастужка знятая па аднайменным творы Барыса Васільева. Дзеянне адбываецца ў 1942 годзе падчас Вялікай Айчыннай вайны ў далёкіх лясах Карэліі. У тыле раскватэраваны два аддзяленні ўзводу зенітных войскаў. Старшыні Фядоту Васкову даручаюць кіраўніцтва атрадам дзяўчат-дабравольцаў, якія маюць надзею на светлую будучыню. Яны мірна жылі ў лесе, пакуль не даведаліся, што побач з імі сярод балот і лясоў высадзіўся нямецкі дэсант... Як паведаміць пра гэта ў штаб? Маленькі атрад з сямі байцоў, адрэзаны ад сваіх, робіць усё магчымае, каб вырашыць няпростую задачу. Шэсць адважных жанчын і іх камандзір не маглі нават сябе ўявіць, што ім давядзецца дзейнічаць як антыдэверсійнай групе, але галоўнае — спыніць ворага любой цаной...
Варта адзначыць, што фільм быў зняты ў памяць пра медсястру, якая падчас вайны выратавала рэжысёра-франтавіка Станіслава Растоцкага ад смерці, калі вынесла яго з поля бою. І ў 1973 годзе кінастужку нават намінавалі на прэмію «Оскар» у катэгорыі «Найлепшы фільм на замежнай мове».
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-2
[6] https://zviazda.by/be/tags/kinapakaz