Працаздольнасць — гэта функцыянальныя магчымасці нашага арганізма. Яна характарызуецца колькасцю і якасцю работы, якую мы выконваем за пэўны час пры максімальна інтэнсіўным напружанні. Узровень функцыянальных магчымасцяў чалавека залежыць ад яго ўмоў працы, стану здароўя, узросту, ступені трэніраванасці, матывацыі да работы і іншых фактараў.
Як тлумачыць памочнік урача-гігіеніста аддзела гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Таццяна Ляшкевіч, працаздольнасць вагаецца на працягу рабочага дня і мае некалькі фаз.
Характэрна, што такая дынаміка працаздольнасці паўтараецца і пасля абедзеннага перапынку.
Што можа дапамагчы работніку, улічваючы дынаміку працаздольнасці, максімальна якасна выконваць сваю работу?
Найперш — рацыянальная арганізацыя рабочага месца і мэблі. Канструкцыя вытворчага абсталявання і арганізацыя рабочага месца павінны адпавядаць нашым антрапаметрычным даным і псіхафізіялагічным магчымасцям.
Па-другое, нельга дасягнуць высокай працаздольнасці без трэніроўкі. Таму паўтараючы дзень пры дні дзеянні, якія патрабуе работа, мы ўдасканальваем свае ўменні і навыкі.
Па-трэцяе, прытрымлівайцеся рацыянальнага рэжыму працы і адпачынку. Гэта або ўвядзенне абедзеннага перапынку ў сярэдзіне рабочага дня, або кароткачасовыя рэгламентаваныя перапынкі.
Дапамагае і вытворчая фізкультура. Некалькі практыкаванняў на 5-7 хвілін спрыяюць хутчэйшаму ўваходжанню ў работу. Фізкультпаўзы праводзяцца як падчас зніжэння працаздольнасці, так і для зніжэння стомленасці асобных органаў. Асабліва яны неабходныя для тых, хто займаецца разумовай працай. Гэта комплекс практыкаванняў для мышцаў шыі, спіны, рук, ног, дыхальныя практыкаванні.
Добра, калі ў вас на рабоце ёсць пакоі псіхафізіялагічнай разгрузкі. За кошт эстэтычнага афармлення інтэр'ера, зручнай мэблі, праслухоўвання класічных музычных твораў, прыёму танізавальных напояў, дэманстрацыі слайдаў з краявідамі прыроды і перадачы гукаў лесу, марскога прыбою дасягаецца эфект псіхаэмацыяльнай разгрузкі.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/praca
[5] https://zviazda.by/be/tags/medycyna
[6] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue