У ранейшую вагу, у ранейшы высокі аўтарытэт мастацкай літаратуры даволі складана паверыць. Цяжка паверыць у мільённыя тыражы мастацкіх кніг. Зусім неверагодным падаецца, што наклад літаратурна-мастацкага часопіса мог бы быць роўным аднаму мільёну экзэмпляраў!..
Дарэчы, вось статыстыка такога штомесячніка, як «Новый мир»... У 1958 годзе — 140 000 экзэмпляраў. У 1960-м — 90 200 экз. У 1965-м — 127 900 экз. У 1987-м — 490 000 экз. Студзеньскі нумар за 1988 год — 1 150 000 экз. «Пік» прыйшоўся на 1990 год — 2 700 000 экз. А ў чэрвені 1991 г. — ужо 957 000 экз. Для параўнання — і крыху тыражнай статыстыкі па часопісу «Дружба народов»: пік прыйшоўся на 1989 год — болей 1 135 000 экз. І ў 1993-м яшчэ — 500 000 экз. У 1997 — ужо 6000 экз. Яно і зразумела. У 1989 годзе ў «Новом мире» — публікацыі Фёдара Абрамава, Віктара Астаф’ева, Васіля Бялова, Сяргея Залыгіна, Сяргея Каледзіна («Стройбат»!), Уладзіміра Набокава, Джорджа Оруэла («1984»!), Вячаслава П’ецуха, Аляксандра Салжаніцына (главы з «Архіпелага ГУЛАГа», «Нобелеўская лекцыя»), Варлама Шаламава... А яшчэ — паэзія Сяргея Аверынцава, Ларысы Васільевай, Андрэя Вазнясенскага, Юрыя Кузняцова, Сямёна Ліпкіна, Барыса Чычыбабіна, Ігара Шклярэўскага... «Дружба народов» у лепшыя свае часіны друкуе творы Марка Алданава, Барыса Пільняка, Аляксандра Бека, Ніны Берберавай, Сямёна Ліпкіна («Декаду» друкуе часопіс як споведзь перакладчыка пра дружбу народаў і дружбу літаратур, пра тое, як ствараліся некаторыя нацыянальныя міфы!), Уладзіміра Вайновіча, дзённікі Ісаака Бабеля, паэзію — Віктара Бокава, Уладзіміра Карнілава, Юрыя Кубланоўскага, Аляксандра Кушнера, Віталія Кароціча, перакладзеныя Іосіфам Бродскім паэтычныя адкрыцці літоўца Томаса Венцлавы... Але раскалваўся на часткі Савецкі Саюз, гудзелі аб сваёй аўтаноміі Чачня і Татарстан, Башкартастан і ... Тыражы катастрафічна сталі падаць...
Якімі ж рэчышчамі шукаў свае дарогі «Неман»?.. І ў Беларусі не «спалі ў шапку»... Але не ўваходзячы ў глыбіні, пакідаючы тэму зместа аўтарытэтнага беларускага літаратурна-мастацкага часопіса для іншай размовы, звернемся да аднаго дакумента з цянётаў 1975 года... Галоўны рэдактар часопіса «Неман» народны пісьменнік Беларусі, славуты беларускі, аўтарытэтны савецкі драматург Андрэй Макаёнак звяртаецца да кандыдата ў члены Палітбюро ЦК КПСС, першага сакратара ЦК КП Беларусі таварыша Пятра Міронавіча Машэрава... «Паважаны Пётр Міронавіч!
Тыраж часопіса “Неман” (змена на літару “ё” яшчэ была наперадзе — А.К., В. С.) дасягнуў 118 000 і ў 1975 годзе, па папярэдніх разліках, дасць 220 000 рублёў чыстага прыбытку. Пра папулярнасць “Немана” гаворыць той факт, што яго выпісваюць і чытаюць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі, у тым ліку і за мяжою.
Усім гэтым мы абавязаны і перш за ўсё аўтарскаму актыву — літаратарам, публіцыстам, грамадскім дзеячам, работнікам культуры, навукі і мастацтва, якія выступаюць на старонках часопіса са змястоўнымі аповесцямі, апавяданнямі, нарысамі, публіцыстычнымі артыкуламі».
Што ж просіць Андрэй Ягоравіч, які карыстаўся вялікім аўтарытэтам ў кіраўніка рэспублікі: Пётр Міронавіч чытаў кожную яго п’есу, дзяліўся сваімі ўражаннямі, падоўгу гутарыў з літаратарам пра найболей важкія актуаліі ў жыцці Беларусі...«Рэдкалегія часопіса просіць заснаваць штогадавыя прэміі для заахвочвання аўтараў лепшых твораў:
За лепшую аповесць — адна прэмія — 500 рублёў
за лепшае апавяданне — адна прэмія — 300 рублёў
за паэму ці цыкл вершаў — адна прэмія — 300 рублёў
за лепшы публіцыстычны артыкул — адна прэмія — 200 рублёў
за лепшы нарыс — адна прэмія — 200 рублёў
за лепшы літаратурна-крытычны артыкул — адна прэмія 200 рублёў
за лепшую рэцэнзію — адна прэмія — 100 рублёў
за лепшую ілюстрацыю — 100 рублёў
Дзеля гэтага просім выдзеліць звыш літаратурнага ганарара сродкі ў суме 1 900 рублёў.
Прэміі, якія будуць прысуджацца рэдкалегіяй, дапамогуць прыцягнуць новых таленавітых аўтараў, яшчэ вышэй падняць ідэйна-мастацкі ўзровень і дзейснасць матэрыялаў, якія друкуюцца». Вось і ўвесь зварот. Як вядома, каб выпрацаваць правільнае рашэнне, ЦК звяртаецца за кансультацыямі, удакладненнямі... Найперш — у Савет міністраў. Адтуль прыходзіць адрасаванае Пятру Міронавічу Машэраву тлумачэнне. Непасрэдна ад Н. Сняжковай, датаванае 22 жніўня 1975 г. З 1970 па 1985 гг. яна займала пасаду намесніка старшыні беларускага ўрада. Фактычна вяла ўсю сацыяльную, культурна-асветніцкую тэму ў беларускім урадзе. Журналістка па адукацыі, вопытны партыйны работнік (да ўрада паспела папрацаваць у Гомельскім абкаме КПБ, у Магілёўскім абкаме Кампартыі) Ніна Лявонаўна (1926 — 2008) зарэкамендавала сябе добрым знаўцам айчыннай культуры. І запіска яе носіць дзелавы, канкрэтны характар, падрыхтавана з разлікам на станоўчае вырашэнне пытання: «Галоўны рэдактар часопіса “Неман” тав. Макаёнак А. Я. звярнуўся ў ЦК КПБ з просьбай заснаваць 9 штогадовых прэмій для заахвочвання аўтараў лепшых твораў, надрукаваных у часопісе. Памер прэмій ад 100 рублёў да 500 рублёў на агульную суму 1900 рублёў.
На дадзены момант з рэспубліканскіх выданняў літаратурна-мастацкіх часопісаў толькі часопісу “Полымя” усталяваны 3 прэміі ў суме 600 рублёў. Але, як паказвае парктыка, гэтых прэмій недастаткова для заахвочвання аўтарскага актыву, які выступае ў розных жанрах, і для прыцягнення ў часопіс літаратараў, якія плённа працуюць над сучаснай тэмай.
На наш погляд, просьба тав. Макаёнка А. Я. заслугоўвае ўвагі і ў сувязі з гэтым лічылі б мэтазгодным даручыць Дзяржкамвыдату БССР (т. Дзяльцу М. І.) усталяваць часопісу “Полымя” і часопісу “Неман” па 9 штогадовых прэмій на агульную суму 1900 рублёў кожнаму. Выплату ажыццяўляць з каштарысу на ўтрыманне гэтых часопісаў». Што болей? Логіка поўная, прапановы разлічаныя на развіццё і часопісаў, і беларускай літаратуры ўвогуле.
Да запіскі прыкладаецца даведка пра фінансавы стан часопісаў «Полымя» і «Неман», што цалкам лагічна і зразумела. Высвятляецца, што часопісу «Полымя» на 1974 год планаваліся выдаткі ў суме 115, 7 тыс. рублёў. Па выніках года планавыя выдаткі склалі 108, 3 тыс. рублёў. Эканомія 7, 4 тыс. рублёў. У часопісе «Неман» на 1974 год планаваўся прыбытак у суме 113, 3 тысяч рублёў. Па выніках года прыбытак склаў 176, 2 тысяч рублёў, што на 62, 9 тысяч рублёў болей, чым было запланавана.
Але станоўчую кропку на гэтым паставіць не атрымалася. Ужо работнікі ЦК (падпісваюць Я. Парватаў і яшчэ нехта — почырк нечытэльны) 25 ліпеня пішуць яшчэ адну запіску... «Галоўны рэдактар часопіса “Нёман” (ужо праз “Ё” у гэтым тэксце — А.К., В.С.) тав. Макаёнак А. Я. звярнуўся ў ЦК КПБ выдзеліць звыш літаратурнага ганарара сродкі ў суме 1900 рублёў на заснаванне штогадовых прэмій для заахвочвання аўтараў лепшых твораў.
З рэспубліканскіх літаратурна-мастацкіх часопісаў прэміяльным фондам у памеры 600 руб. на год валодае толькі часопіс “Полымя”. Яму былі заснаваны ў 1972 годзе тры прэміі як аднаму са старэйшых часопісаў краіны ў сувязі з 50-годдзем з дня заснавання. У часопісе “Полымя” друкуюцца арыгінальныя мастацкія творы беларускай літаратуры і ўсталяванне штогадовых ўнутрычасопісных прэмій за лепшае апавяданне, нарыс і літаратурна-крытычны артыкул цалкам заканамерна.
Часопіс “Нёман” размяшчае ў асноўным перакладную літаратуру — раманы, аповесці, апавяданні, вершы і г.д. Арыгінальныя творы гэтых жанраў, якія з’яўляюцца на яго старонках, на жаль, як паказвае практыка часопіса за апошнія гады, пакуль што не адпавядае тым узорам, якія варта было б заахвочваць...» У 1974 годзе «Нёман» надрукаваў сабраныя Алесем Адамовічам, Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам запіскі, успаміны сведкаў драматычных падезй Вялікай Айчыннай вайны «Я з вогненнай вёскі». Яшчэ раней — у 1968 годзе — «Нёман» друкуе паэму Яўгенія Еўтушэнкі «Пад скурай статуі Свабоды», якую ніякі іншы з савецкіх часопісаў не надрукаваў дагэтуль. А проза Аркадзя Савелічава, Георгія Папова, шмат каго з пісьменнікаў, якія жылі ў Беларусі і пісалі на рускай мове..?! Хіба гэта не арыгінальныя творы?! І ўсё ж выснова цэкоўская наступная: «...Таму, на наш погляд, размова можа ісці пра заахвочванне ў часопісе такіх жанраў, як публіцыстычны нарыс, які расказвае пра дасягненні рэспублікі, і літаратурна-крытычны артыкул, якія з’яўляюцца арыгінальнымі творамі.
Такога ж меркавання прытрымліваецца і Дзяржкамвыдат БССР.
Лічылі б мэтазгодным выдзеліць часопісу “Нёман” па лініі Дзяржкамвыдата БССР звыш літаратурнага ганарара сродкі ў суме 400 руб. для заснавання двух штогадовых прэмій за лепшы публіцыстычны нарыс і літаратурна-крытычны артыкул». Здавалася б, пытанне вычарпанае. Тым болей, што адрасат запіскі накладвае рэзалюцыю адносна таго, што варта перагаварыць з тав. Макаёнкам...
Можна толькі здагадвацца, які гром, якая маланка іскрылі ад «тав. Макаёнка»!.. Андрэй Ягоравіч, які лічыў сябе тым рэдактарам, які зрабіў адзін з лепшых рэспубліканскіх літаратурных часопісаў на рускай мове ў Савецкім Саюзе ( а так яно было! Тыраж — найлепшае на тое пацвярджэнне!), не лічыў магчымым здацца проста так, без барацьбы!..
І ўжо 27 жніўня Пятру Машэраву на стол кладзецца новая запіска. Гэтым разам — за подпісамі С. Марцэлева і С. Паўлава. «Галоўны рэдактар часопіса “Нёман” тав. Макаёнка А. Я. звярнуўся ў ЦК КПБ з просьбай выдзеліць звыш літаратурнага ганарара ў суме 1900 руб. на ўсталяванне штогадовых прэмій для заахвочвання аўтараў лепшых твораў.
Просьба тав. Макаёнка А. Я., на наш погляд, заслугоўвае ўвагі. З рэспубліканскіх літаратурна-мастацкіх часопісаў прэміяльным фондам у памеры 600 руб. на год валодае толькі часопіс “Полымя”. Але, як паказвае практыка, гэты фонд недастатковы для заахвочвання аўтарскага актыву, які выступае ў розных жанрах, і для прыцягнення ў часопіс літаратараў, якія плённа працуюць над сучаснай тэмай.
Лічылі б мэтазгодным у сувязі з гэтым даручыць Савету Міністраў БССР прыняць пастанову аб усталяванні штогадовых прэмій у часопісах “Нёман” і “Полымя” па 1900 руб. кожнаму».
Гісторыя завяршаецца напрыканцы 1975 г. інструктар аддзела культуры ЦК КПБ Анатоль Кудравец (у хуткім часе ён зменіць Макаёнка на пасадзе галоўнага рэдактара часопіса «Нёман») 30 снежня дадае «да справы» наступнае тлумачэнне: «Савет Міністраў БССР зрабіў распараджэнне Дзяржкамвыдату БССР ад 25 снежня 1975 года N 858 — Р з усталяваннем, пачынаючы з 1976 года, штогадовых прэмій часопісаў “Полымя” і “Неман” у памеры па 1000 рублёў кожнаму для заахвочванню аўтараў лепшых твораў. Галоўным рэдактарам часопісаў “Полымя” і “Неман” паведамлена».
Гісторыя з прэміяй завершылася. Макаёнак атрымаў перамогу. Аўтары часопісаў «Неман» і «Полымя» — таксама.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ales-karlyukevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyachaslau-selyameneu
[4] https://zviazda.by/be/tags/andrey-makayonak
[5] https://zviazda.by/be/tags/saveliy-paulau
[6] https://zviazda.by/be/tags/nyoman-2
[7] https://zviazda.by/be/tags/polymya-1
[8] https://zviazda.by/be/tags/pyotr-masherau