Кожны ў запольскім краі Віцебскага раёна ведае Віктара Зіноўевіча Родчанку. Не спыніцца каля яго чырвонай хаты на вуліцы Савецкай проста немагчыма: са сцен вяскоўцаў вітаюць намаляваныя беластволыя бярозкі, нібыта запрашаючы ў маленькую майстэрню. Там карпатліва творыць мастак-вынаходнік з прыдзвінскай глыбінкі.
85-гадовы майстар канструюе дзівосныя ровары: пярэдняпрывадны, з рулявой трапецыяй наперадзе і іншыя. Яны не проста стаяць на двары, але і выдаюцца аднавяскоўцам у часовае карыстанне. А ў доме ажываюць карціны: пад столлю кружаць тры буслы, ківаюць кучарамі лілеі, вядуць да сялянскай хаткі снежныя сцяжынкі — так па-майстэрску кладзе фарбы на палатно мастак. Нягледзячы на тое, што карціны не прадстаўляюцца на сусветных выставах, не прадаюцца за велізарныя грошы, прызнанне сваёй сям’і і сяброў Віктар Зіноўевіч атрымаў даўно.
Вялікая Айчынная вайна пакінула свой адбітак на творчасці мастака. Будучы шасцігадовым хлапчуком, Віця з мамай трапілі ў канцлагер «5-ы полк» пад Віцебскам, там адбіралі светлавалосых блакітнавокіх дарослых і дзяцей з мэтай адпраўкі ў Нямеччыну. Віцю з маці павезлі ў Асвенцым, адтуль — у іншыя канцлагеры. Расказвае, што ад моцнага голаду палонныя з’елі на тэрыторыі барака ўсю траву і пасвіліся, як коні. Нямецкія дзеці прыязджалі на роварах з кошыкамі, поўнымі сакавітай травы і па-за сеткай здзекваліся са знямоглых. Віктар Зіноўевіч кажа, што толькі цяпер зразумеў, колькі нянавісці і злосці было ўнутры ў «немчурат».
Мастацкія навыкі выявіліся ў Віктара яшчэ ў бараку, за што ён у сем гадоў атрымаў ад начальніка канцлагера падарунак.
— Мы там «безгаспадарныя» былі, у нас нават сваіх нумароў не было. Ад недаядання гублялі зрок. Тады даводзілася аднаго з хлопцаў апранаць у лепшую вопратку і з дарослай рабочай групай выводзіць за агароджу. Там людзі працавалі ў баўера, ім давалі крышку цукру, а мы ім вочы прамывалі, каб не аслепнуць. Аднойчы, калі я застаўся адзін, узяў абгарэлую палачку і правёў ёю па белай печы. І так мне гэтая лінія спадабалася, што я не заўважыў, як узорамі размаляваў яе ўсю. Тады прыйшоў наглядчык, даў маці вядро і анучу, а яна руку над печчу занесла і застыла. Увайшоў камендант, убачыў мае малюнкі, спытаў " Хто?«. Усё на мяне паказалі, а ён падышоў і руку мне на плячо паклаў. Мне цяжка стала, але чамусьці злосці ў яго поглядзе я не адчуў. Праз два дні ўсіх хлопцаў паставілі ў шэраг, уручылі кожнаму па адварным яйку, а мне яшчэ і губны гармонік. Вось так я атрымаў свой першы падарунак за мастацтва, — распавядае Віктар Зіноўевіч.
Жыццё маленькаму Віцю выратаваў гітлераўскі кіцель. Калі хлопцы чарговы раз збеглі з барака за травой для дзяцей, якія не маглі хадзіць самі, Родчанка стаміўся і прысеў пад дрэвам, пакуль астатнія беглі наперад. Дзіцячая рука намацала пад сабой тканіну, выцягнуўшы яе наверх стала ясна, што гэта нямецкі кіцель з ордэнамі.Хлопчык стаў раскручваць бліскучыя металічныя кругляшы, і тут над галавой пачуўся гул самалётаў, за імі — выбухі бомбаў і снарадаў. Дзеткі, якія сышлі наперад, загінулі. Пазней майстар выража з дрэва сябе і тых васьмі дзяцей, якія загінулі на яго вачах. Самога Віцю адкінула ўдарнай хваляй у яму, засыпала зямлёй і накрыла паваленым дрэвам. У такой «магіле» хлопчык праляжаў ноч. Калі поўз да лагера, бачыў велізарныя чорныя варонкі: спераду, злева, справа. 2 мая 1945 года іх вызвалілі амерыканцы. Заехалі на танках, кідалі цукеркі, булкі, печыва. Пасля доўгага голаду людзі елі і многія паміралі.
Пасля вайны ў піянеры, ваеннае вучылішча вязняў не прымалі. Віктар скончыў сямігодку, адвучыўся ў Лужаснянскім тэхнікуме на агранома. Але мастацкі пачатак ўзяў верх, і Родчанка стаў адным з першых студэнтаў мастацка-графічнага факультэта ў віцебскім педінстытуце.
Лёс занёс Віктара ў Полацкі раён, дзе ў Варонецкай школе больш за чвэрць стагоддзя ён выкладаў працоўнае навучанне. Там жа арганізаваў рэдкі гурток канструявання тэхнікі, разам з хлопцамі рабіў мотаблокі. Мастак на сценах навучальнай установы пакінуў напамін будучаму пакаленню «Вучыцца, вучыцца, вучыцца!». У канцы 70-ых гадоў сканструяваў з вучнямі 4 мотаблокі, за што Віктару Зіноўевічу было прысвоена ганаровае званне «Старэйшы настаўнік».
— Я казаў, што нарадзіўся ў нядзелю? Гэтыя людзі любяць размаўляць доўга, часта не па справе, — усміхаецца мастак.
Пасля вярнуўся дадому, у роднае Заполле. Сваімі рукамі пабудаваў хату: ад аконных рам да ганка. Энергія, якой прасякнуты дом, падтрымлівае жыццё 85-гадовага мастака-вынаходніка.
Запольскі майстар захапіўся яшчэ адной тэмай — геабіялагічнай лакацыяй, і вучыць жадаючых вызначаць энергетычную сетку Зямлі. Аказваецца, што ідэальныя людзі існуюць, трэба ўсяго толькі разлічыць іх жыццёвую энергію і патэнцыял, чым і займаецца ў вольны час Віктар Зіноўевіч.
Аднак справай усяго яго жыцця было і застаецца выяўленчае мастацтва. У хатняй галерэі шмат карцін: «Малая радзіма», «Лес», «Бусляняты вучацца лётаць», «Нацюрморт», «Лясная Мадонна» і многія іншыя ўпрыгожваюць пакоі не толькі ў хаце, але і лазню, спецыяльны міні-музей. Свае творы Віктар Зіноўевіч дорыць сябрам, і яны разыходзяцца па свеце: Масква, Германія, Полацк, Віцебск. Але ён не абмяжоўваецца толькі палотнамі: на ўваходных дзвярах — букет духмянага бэзу, на печы — пара буслоў, на столі выведзены цікавыя ўзоры. Творы мастака знаходзяць сваё прызнанне на выставах розных узроўняў, двойчы за іх пенсіянер атрымліваў прэміі. Віктар Родчанка — чаканы госць у мясцовай школе, там працуе настаўнікам яго дачка Людміла, а педагогі рэгулярна арганізоўваюць тэматычныя выставы карцін.
У хатняй майстэрні міжволі прыцягваюць увагу выразаныя з дрэва іконы і лікі святых. Такіх работ тут налічваецца больш дзесяці.
Дзень за днём калекцыя вырабаў з дрэва, карцін і навамодных веласіпедаў папаўняецца, а словы захаплення і падзякі за працу Віктара Зіноўевіча запаляюць у вачах іскрынкі натхнення.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-gvozdzeva
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/vicebski-rayon
[4] https://zviazda.by/be/tags/mastactva
[5] https://zviazda.by/be/tags/viktar-rodchanka