Фільмы з дакументальнага цыкла «100 імён Беларусі» — гэта заўсёды магчымасць даведацца новае альбо з новага ракурсу глянуць на ўжо вядомае. І на наступным тыдні ў эфіры сацыякультурнага канала нас чакаюць два дакументальныя фільмы пра вучоных, якіх ведаў свет і якія апярэджвалі час сваімі адкрыццямі.
У чацвер, 19 мая, увазе гледачоў будзе прадстаўлена кінастужка «Якуб Наркевіч-Ёдка. Утаймавальнік бліскавіц, ці «Электрычны чалавек» (рэж. Людміла Клінцова). У 1896 годзе ў Парыжы выйшла кніга Марыуса Дэкрэспа «Наркевіч-Ёдка. Жыццё і адкрыцці», прысвечаная неверагодным эксперыментам беларускага вучонага, урача, вынаходніка Якуба Наркевіча-Ёдкі. У канцы ХІХ стагоддзя яго імя (чалавека, які быў супрацоўнікам Імператарскага інстытута эксперыментальнай медыцыны ў Пецярбургу, Фізіка-матэматычнага таварыства Галілея ў Фларэнцыі, Французскага электратэрапеўтычнага таварыства пры Парыжскай акадэміі навук) ведала ўся Еўропа. Неверагоднай папулярнасцю карыстаўся яго ўнікальны метад электратэрапіі. У сябе на радзіме ў Мінскай губерні Наркевіч-Ёдка адкрыў санаторый, дзе яго пацыенты лячыліся атмасфернай электрычнасцю, сонечнай энергіяй і нават музыкай. Менавіта там і адбывалася зараджэнне метадаў электратэрапіі і біяэлектраграфіі, якія сёння прымяняюцца ва ўсім свеце. І сучасныя вучоныя лічаць, што Наркевіч-Ёдка на цэлае стагоддзе апярэдзіў навуку свайго часу.
Не менш цікава ў пятніцу, 20 мая, паглядзець фільм Тараса Вашчанкі «Аляксандр Чыжэўскі. Паланёны сонцам». Адны называлі яго Леанарда да Вінчы ХХ стагоддзя, іншыя ахрысцілі чалавекам, які пакланяўся сонцу. Аляксандр Чыжэўскі ў 21 год стаў доктарам гістарычных навук, а ў 24 — прафесарам. За навуковыя дасягненні яму нават прысуджалі Нобелеўскую прэмію, аднак ён быў вымушаны адмовіцца ад узнагароды. Ураджэнец Гродзенскай губерні вядомы сваімі ўнікальнымі даследаваннямі ўплыву сонечнай актыўнасці на біялагічныя і гістарычныя працэсы. Сусветнае прызнанне атрымалі яго працы ў вобласці іанізацыі паветра і ўздзеяння аэраіонаў на жывыя арганізмы. Аднак, як і многія вучоныя сталінскіх часоў, Чыжэўскі не змог пазбегнуць ссылкі ў лагер, хоць і там не спыняў сваёй дзейнасці.
Не прапусціце цікавыя аповеды пра жыццё вядомых вучоных на «Беларусь 3».
Алена ДРАПКО
Прэв’ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-2
[5] https://zviazda.by/be/tags/100-imyon-belarusi