Сустрэча па вырабе глінянай цацкі-свістулькі з членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Іванам Дашковым адбудзецца 18 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамляецца [1]на сайце ўстановы.
Сустрэча — працяг серыі майстар-класаў бібліятэкі з удзелам вядомых народных майстроў Беларусі ў рамках выставачнага праекта «Жывыя крыніцы», прымеркаванага да Года гістарычнай памяці.
Вытокі глінянай цацкі — у неаліце, які доўжыўся на тэрыторыі Беларусі з IV па II тысячагоддзе да нашай эры. Навукоўцы знаходзяць цацкі падчас раскопак курганоў, паселішчаў старажытнага чалавека. Першымі былі бразготкі і свістулькі: іх нашы продкі выкарыстоўвалі не толькі як дзіцячую забаву, але і як абярэгі ад «нячыстай сілы». У народзе верылі, што гук бразготкі і свіст свістулькі засцерагалі ад злых духаў.
Сёння цацкі, вылепленыя сучаснымі майстрамі, маюць шмат падабенства з цацкамі, створанымі старажытным чалавекам. Яны невялікага памеру, простыя па форме, ўвасабляюць тыя ж сюжэтныя вобразы.
«На майстар-класе наведвальнікі змогуць стварыць такую ж цацку, якую стваралі людзі тысячы гадоў таму. Гэты гліняны цуд – сапраўдная скарбніца генетычнай памяці і ўвасабленне эстэтычнага дасканаласці», – адзначаюць арганизатары.
Спасылкі
[1] https://www.nlb.by/content/events/404283/
[2] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnaya-bibliyateka
[3] https://zviazda.by/be/tags/narodnyya-maystry
[4] https://zviazda.by/be/tags/maystar-klas