Сённяшняя проза пакутліва шукае (а мо і не пакутліва? а мо і не шукае?) свае шляхі, каб расказаць нешта прыцягальнае, вартае і разам з тым сказаць галоўныя думкі пра час. Сярод сотняў назваў празаічных кніг, якія штогод дадаюцца ў «архіў» вечнай бібліятэкі беларускай літаратуры, памяць мала што і ўтрымлівае. Уражанне часам такое, што і кніг новых няма. Вось бы прызнацца нам, чытачам, у гэтым перад статыстыкай Нацыянальнай кніжнай палаты!.. Крыўды не абярэшся! І па-свойму бібліёграфы будуць правымі: толькі ў 2021 годзе выйшла ў свет, здаецца, болей 500 назваў кніг прозы...
Ці будуць захоплена чытаць тое, што сабраў пад адной вокладкай Віктар Шніп, паэт, які настойліва шукае свае празаічныя шляхі, каб нешта вартае, галоўнае сказаць пра час? Пра час і пра сябе. Апошняе дапаўненне неабходнае, бо яго вымагае і жанр кнігі «Заўтра была адліга-2» : «Дзённікавы раман паэта». І дзённік, і «раман паэта» — значыць, адразу аўтар пазначае, што адмаўляе, адпрэчвае ўсемагчымыя рэалістычныя канструкцыі дзеля пабудовы класічнага рамана. Разбурае ў кампазіцыі, сюжэце, у вобразе свайго «Я» як галоўнага героя літаральна ўсе прызнакі рэалізма... Хіба не так павінна быць?..
«27.08. 2016. Больш месяца не былі ў роднай хаце. Гадзіннік пасля запуску тры разы спыняўся і толькі на чацвёрты ажыў. Падумалася, што яшчэ б пару тыдняў не прыязджалі, дык ён бы зусім спыніўся, як сэрца хаты. У падворку ўсё зарасло травой. Грады таксама ўтравелі. Праўда, у сёлетні сухмень у траве сёе-тое з пасаджанага вырасла і някепска. Пад яблынямі ад яблыкаў эліта. Выглядае, як брукаванка з яблыкаў. Сястра Валя з дачкой разбіраліся з агародам, швагра Віця ім дапамагаў, а я касіў. Касіў доўга. Гадзін пяць. Тэлефанаваў Максім. Ён мяне заўтра чакае ў Пінску. Вяртаючыся ў Мінск, заехалі на Ракаўскія могілкі да бацькоў. Бачылі бусла каля дарогі. Ён павінен быў учора паляцець у вырай, бо кожны год 26 жніўня беларускія буслы пакідаюць родныя мясціны. Чаму не паляцеў? Дома мяне чакала Міёна. Абнюхала ўсе торбы, абкусала мне з радасці ўсе пальцы...»
«1.09. 2016. Сто дзесяць гадоў таму ў газеце «Наша доля» вершам «Наш родны край» дэбютаваў у друку Кастусь Міцкевіч, упершыню скарыстаўшы псеўданім Якуб Колас. Сёння з гэтай нагоды ў Музеі Песняра адбылася святочная вечарына. Я меў гонар у ёй паўдзельнічаць. На жаль, людзей было няшмат. А гадоў пятнаццаць таму 1 верасня коласаўцы дэбют Песняра ў друку адзначалі на плошчы Якуба Коласа. Я некалькі разоў удзельнічаў у тых шматлюдных святочных мерапрыемствах. Потым з плошчы святкаванне перанеслі ў парк імя Максіма Горкага, дзе некалі стаяў дом Коласа. Я там таксама выступаў. Людзей ужо было меней, але нярэдка збіралася пад некалькі соцень. А вось цяпер усё было ў музеі. Святочна, прыгожа, душэўна, з любоўю, але ў чатырох сценах.
Вяртаючыся дахаты па вуліцы Каржа, здалёку ўбачыў пад балконам чатырохпавярховіка міліцэйскі УАЗік, некалькі дзясяткаў усхваляваных людзей і чырвона-белую стужку, якой было штосьці адгароджана. Падумаў: «Нехта скончыў жыццё самагубствам...» Падышоў бліжэй. На асфальце вялікая чорная пляма. Міліцыянер складае пратакол. І раптам бачу, што ўсё гэта здымаецца на кінакамеру. І не на адну. «Што за фільм?» — пытаюся ў мужчыны, які трымае ў руках кіпу папер, і чую: «Пра любоў!».
«2.09. 2016. На тратуары на вуліцы Каржа, дзе ўчора здымалі фільм пра любоў, засталася вялікая чорная пляма, якая выконвала ролю крыві самагубцы. Я хвілін дзесяць пастаяў непадалёку і паназіраў: старыя, людзі майго ўзросту і маладзейшыя за мяне на гадоў дзесяць пляму абыходзяць, а ўсе маладыя ідуць, не гледзячы на тое, што ў іх пад нагамі...»
Віктар Шніп піша вершы, жыве ўспамінамі, вучыцца ў кніг, назірае рэчаіснасць. За плячыма — гады вучобы ў архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме. Беспрацоўе і швэнданне па Мінску на працягу сямі гадоў. Сустрэчы з маладымі і сталымі творцамі. Вучоба на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, знаёмства з расійскай літаратурнай багемай. Вопыт судакранання з выдавецтвамі і рэдакцыямі часопісаў, газет. Удзел у легендарным згуртаванні "Тутэйшыя«...Уладкаванне сямейнага жыцця... Жыццё з кнігамі і рукапісамі, жыццё сярод кніг і рукапісаў нараджае свае ідэі... Аўтар — паэт і рамантык... Ён як захавальнік вясковых, глыбока народных традыцый па-свойму успрымае задачу літаратуры, трывала ўваходзіць па мастацкіх прыступках на грунт рамантызму... «Сутыкненні светапоглядных і эстэтычных крайнасцей надаюць выключную кантрастнасць рамантычнаму бачанню і ацэнкам жыцця. Своеасаблівы культ кантрастаў, барацьба антыномаў, пераўтварэнні з’яў і сутнасцей — усё гэта пры жыццесцвярджальнай арыентацыі складае прыцягальную сілу рамантычнага мастацтва, але — засцеражомся — і спакушае на суб’ектывізацыю, фармалізацыю, штукарства і павярхоўную манернасць» (Уладзімір Калеснік. «Тварэнне легенды»). І далей — з Уладзіміра Калесніка, з яго асэнсавання жыцця літаратуры, яе развіцця: «У рамантызме сутыкаліся супрацьлеглыя адносіны да мінулага, сучаснага і будучага, да перажыткаў феадальнай іерархічнасці і да асветніцкага рацыяналізму, да рэвалюцыйнай бунтарнасці і да панылай празаічнасці новабуржуазнага стылю жыцця, які здаваўся пародыяй на прадказанні філосафаў-асветнікаў. Канфлікт паміж мінулым і сучасным, праблема ломкі старога і захавання пераемнасці як умовы грамадскага развіцця новага грамадства — галоўныя прыкметы і антыномы рамантычнай свядомасці».
«Дзённікавы раман паэта» сатканы з розных часін. Адам Міцкевіч і Хаім Суцін, Якуб Колас і Янка Купала, Пятро Бітэль і Анатоль Сыс як добрыя і шчырыя знаёмцы аўтара, тыя, хто пайшоў з жыцця шмат раней, чым мог з імі сустрэцца аўтар, і тыя, хто ішлі па жыцці поруч, хто і зараз з ім, Віктарам Шніпам, аглядае рэчаіснасць, — усе яны ў коле адной ідэі: слова, мастацкае слова непарыўна звязана з жыццём. І гэтую непарыўнасць не ўдасца парушыць ніякім тэарэтыкам, ніякім арганізатарам «неўміручасці» «-ізмаў». Аўтар нават не спрачаецца і не даказвае выключна свае ўласныя, самім абраныя прыярытэты. Ён проста піша жыццё, любуецца яго хараством, углядаецца ў складаныя яго праявы. Часам нешта не дагаворвае, пакідаючы чытача сам-насам з узнятымі пытаннямі, часам перакідвае тонкую кладку да ісціны...
«14.03. 2017. Прысніліся Дубравы, дзе пахаваны дзед з бабуляй, сваякі і мае сябры-аднавяскоўцы. Побач Навасёлкі. Я прыйшоў у госці да дзядзькі Лёні Жыткевіча. Ён, узрадаваны, дастаў з шафы вялікую кнігу (фотаальбом) і даў мне. На вокладцы ў цэнтры сінія дзверы, да якіх прыбіты вялікі крыж. Каля дзвярэй стаіць мастак Мікола Селяшчук з дзяўчынай. Навокал зеляніна — дрэвы, вінаград. Вясна. Разгортваю кнігу, гартаю і бачу, што на ўсіх старонках сінія дзверы (падобныя да дзвярэй маёй роднай хаты), але ўжо без крыжа. На дзвярах толькі белыя палосы ад крыжа. Навокал зеляніна, як і на першай старонцы. Побач з дзвярыма стаяць мне знаёмыя мастакі і пісьменнікі з дзяўчатамі і жанчынамі. Па пары. І чым далей гартаю кнігу, тым знак ад крыжа на дзвярах усё слабейшы і слабейшы, а на апошняй старонцы — чыстыя сінія дзверы і побач анікога. Навокал голыя дрэвы і апалае лісце. Дзядзька пытаецца: „Як назваць кнігу?“ — „Тры пары жыцця! Вясна, лета і восень. Зімы тут няма. Зіма — смерць“, — адказваю я.»
«29.03. 2017. Працягваю чытаць Янку Брыля. Чую ягоны голас. Узгадваю, як Брыль прыходзіў у „ЛіМ“. Высокі, вялікі. Здавалася, што такімі і павінны быць народныя пісьменнікі Беларусі. Сядзеў у мяне ў кабінеце і гаварыў са мной, як дзед з унукам. Задаваў пытанні, слухаў адказы, распавядаў пра мінулае, скардзіўся на зрок, на вушы. І чым больш я знаёміўся з Брылём, тым было прасцей з ім размаўляць. І часам здавалася, што гэта мой дзед ажыў, памёршы ў 1982 годзе».
«30.03. 2017. Працягваю чытаць Янку Брыля. Пра палітыку і палітыкаў напісана праўда, але пройдзе час і мала хто зразумее, пра каго гэта. Палітыкі прыходзяць і сыходзяць, як снег. А вось гэты запіс прачытаў некалькі разоў: «Не смяюся з „дзейбарадзеяў“ Мюнхгаўзена і ад сатыры Самасуя — не смешна мне, што ты зробіш. Пра першага падумалася, чытаючы Пяскова, які ў Нямеччыне наведаў баронаў дом, а пра другога — успомніўшы нядаўна прачытаны хвалебны артыкул маладога даследчыка». Не верыцца, што Брыль не цаніў сатыру Мрыя, мераючы яе ўласным «смешна, не смешна».
«30. 03. 2017. Раптам падумалася: Брыль кожны дзень чытаў і чытаў, таму пісаць раманы і аповесці не меў часу, а мо нават не меў энергіі для напісання шматстаронкавых твораў...»
Брыль — якраз з кагорты тых, хто аддаў сябе, усё сваё мастацкае мышленне рамантычнаму складу ўзірання ў жыццё. І калі чытаеш яго лірычныя мініяцюры, чамусьці даверу да яго ацэнак жыцця шмат болей, чым да высноў, зробленых многімі, знешне, здавалася б, аўтарытэтнымі раманістамі. Час ад часу ў «некалькі хвілін чужога жыцця» (як, напрыклад, Ян Скрыган кніжачкай сваіх мемуарных зацемак) папярэднікі Віктара Шніпа стараліся ўмясціць зусім «не хвіліны». Яшчэ ў 1970-я гады рамантычнае пранікненне ў жыццё ўзвысіла абразкі вялікага беларускага мовазнаўцы Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага ў разрад высоікх мастацкіх адкрыццяў добрай, шчырай літаратуры.
Дзённік, які паэт і празаік Віктар Шніп вядзе сістэмна, паслядоўна, мог бы быць агучаным праз гады-дзесяцігоддзі. Але вось яны, шчырыя і адкрытыя старонкі пра самога сябе, пра ўласныя судакрананні з жыццём у розных яго праявах, сталі кнігай, сталі «дзённікавмы раманам»... У творы няма крызісу. Няма нестандартнага перыяду ў жыцці галоўнага героя. Няма барацьбы, сацыяльных супярэчанняў... І ўсё ж усё гэта ёсць: сумненні, трывогі, недарэчныя здарэнні, якія ўзыходзяць да глыбіннага мастацкага, філасофскага асэнсавання побытавага, зямнога. І вось — перад намі раман, вагу якога ацэньваць кожнаму з чытачоў самастойна.
Раней проза-таямніца, проза-дзённік Віктара Шніпа прыйшла да чытачоў з кніг «Пугачоўскі цырульнік» (2013), «Заўтра была адліга» (2015), «Трава бясконцасці» (2018). І калі вы не чыталі іх, вярніцеся да ранейшых старонак «дзённікавага рамана» Віктара Шніпа. Перакананы: не пашкадуеце. Вы не проста сустрэнецеся з дзённікам чалавека з іншых часін, няхай сабе і блізкіх (хаця Віктар Шніп у кнізе «Заўтра была адліга-2» шмат цытуе сябе ранейшага, з другой паловы 1980-х гадоў), а яшчэ напоўніцу зразумееце, што такі мастацкі «фармат» спрыяе найболей гучнаму выкладанню рэчаіснасці. Той плыні, у якую ўжо адпрэчыўшы розную каламуць, увайшлі Адам Глобус, Алесь Пісьмянкоў (яго «думанне вершаў» — шырокае святло роднага асэнсавання сусветнага пранікнення ў паэтычны космас), Уладзімір Сцяпан, Леанід Галубовіч, Алесь Асташонак...
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ales-karlyukevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/viktar-shnip-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/vydavecki-dom-zvyazda-2
[6] https://zviazda.by/be/tags/leanid-galubovich-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/yanka-bryl
[8] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-scyapan-0
[9] https://zviazda.by/be/tags/adam-globus