Спартсмены, трэнеры часта кажуць, што спорт — гэта іх жыццё, бо інакш немагчыма. На словах, безумоўна, гучыць вельмі прыгожа. А яшчэ прыгажэй выглядае ў рэальнасці. Як у выпадку сям'і Пышнік. Рэгіна Ігнацеўна — майстар спорту міжнароднага класа, заслужаны трэнер Беларусі, суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі, член выканкама Беларускай федэрацыі баскетбола і Саюза ветэранаў, стаяла каля вытокаў вядомага баскетбольнага клуба «Цмокі-Мінск». Юрый Антонавіч Пышнік — заслужаны трэнер Беларусі, самы вядомы ў краіне дзіцячы футбольны настаўнік, які адкрыў шлях у футбол не адной сотні таленавітых спартсменаў. Кожны з гэтай пары ў сваім відзе спорту дасягнуў многага. А іх самае галоўнае дасягненне — 60 гадоў сямейнага жыцця — уражвае не менш, чым спартыўныя поспехі. У чым сакрэт такога доўгага кахання і чаму сямейнае жыццё — гэта вялікая праца, Рэгіна Ігнацеўна расказала «Сямейнай газеце».
— Мы пазнаёміліся на спартыўнай пляцоўцы. Я тады выступала ў зборнай БССР. Часта спаборніцтвы праходзілі ў Доме афіцэраў. Я заўважыла хлопца, які часта прыходзіў: акуратны такі, у кепачцы. Потым даведалася, што гэта адзін з нашых футбалістаў. Папрасіла аднакурсніка Лёню Грая пазнаёміць мяне з гэтым «хлопцам у кепачцы». Ён без праблем арганізаваў нам сустрэчу. А потым мы разам аказаліся на зборах. Ну і прызначылі спатканне. Так усё і закруцілася: хадзілі, гулялі. Якія тады спатканні былі? Мы, спартсмены, увесь час занятыя на трэніроўках. Вечарам у малочнае кафэ хадзілі. Там былі смачныя булачкі з марцыпанамі, мы іх і сёння ўспамінаем, і невялічкія бутэлькі з вяршкамі. У футбалістаў грошай было больш, чым у баскетбалістаў. Юра нам тое купляў, і мы ішлі ў парк каля цырка. Па праспекце гулялі, моладзь тады любіла гуляць ад цырка да ДУМа. Маглі ў «Цэнтральны» кінатэатр схадзіць. А потым вырашылі распісацца, так сям'я ў нас і ўтварылася.
Ніякай прапановы рукі і сэрца не было. Я проста неяк сказала: «Доўга мы тут будзем хадзіць? Давай распішамся». Ну, мы пайшлі і распісаліся. Нават загс быў нейкім маленькім пакойчыкам. Прыйшлі дадому і сказалі маме, што распісаліся. Яна, вядома, была здзіўлена, але нармальна ўспрыняла, стол накрыла. А пазней ужо Юравы родныя прыехалі, сябры нашы па камандах прыйшлі. І мы сціпла, па-дамашняму, адзначылі сваё вяселле. Не ў пышным вяселлі шчасце, як аказалася.
Мы спачатку жылі ў маёй мамы. Юра тады выступаў за каманду «Беларусь», і яму далі аднапакаёвую кватэру ў раёне Трактарнага завода. А пасля ён перайшоў у «Дынама-Мінск» — і нам далі кватэру на вуліцы Максіма Багдановіча, там у нас і Сярожа, старэйшы сын, нарадзіўся, яму сёлета 60 гадоў будзе. У пачатку нашага сямейнага жыцця Юра шмат ездзіў з камандай. Адразу — у Гомель, пасля — у Фрунзэ, там добра плацілі. Ён паехаў, а я засталася з малым Сярожкам. Я пасля дэкрэта яшчэ нават вярнулася ў спорт. Юра прыехаў з Фрунзэ, і мы купілі «Волгу». За душой амаль нічога няма, а мы на «Волзе» ездзім. Пасля Фрунзэ Юра перайшоў на трэнерскую работу. А калі ў нас нарадзіўся Андрэй, я скончыла гуляць і пасля дэкрэта таксама стала трэнерам, затым — дырэктарам спартыўнай школы, на базе якой утварыўся баскетбольны клуб «Цмокі».
Нашаму каханню адлегласць ніколі не перашкаджала. Я нават з малым Сярожам на некалькі месяцаў ездзіла да Юры ў Фрунзэ. Там для нас былі створаны ўсе ўмовы, вельмі сяброўскія адносіны з усімі былі. Юру вельмі цанілі як гульца. Але ў той перыяд мы мала часу праводзілі разам. Я калі другі раз зацяжарыла, нават думала, што не хачу другое дзіця. Я ў Мінску, Юра — у Фрунзэ, складана. Але ён мне ноччу патэлефанаваў і сказаў: «Нічога не думай, будзем нараджаць». Так я і нарадзіла Андрэя, ён у нас кіргізскае дзіця. Я падтрымлівала мужа і нармальна ставілася да таго, што мы шмат часу праводзім не разам. Такое жыццё не рэдкасць для спартсменаў, тым больш мы займаліся каманднымі відамі спорту. Мы ўмеем працаваць і жыць у камандзе.
У Юры былі выдатныя адносіны з маёй мамай. Я нарадзіла Сяргея ноччу і Юра ноччу пехам пайшоў праз увесь горад, каб сказаць маёй маме, што ў яе нарадзіўся ўнук. Пасля мы забралі маму жыць да сябе, яна ўжо была слабая. І мая мама заўсёды Юру шкадавала. Вечарам я ёй зраблю каву, бутэрброды і адпраўляю Юру, каб ёй аднесці. Яна нават потым суседцы скардзілася, што дачка не прынясе, а зяць нясе. Мне крыху крыўдна было, але выгляду я не падавала. Юра для яе заўсёды быў добры. І нам ад гэтага было добра.
— У нас вялікая сям'я — двое сыноў, трое ўнукаў і трое праўнукаў. І ў іх Юравы футбольныя гены. Старэйшы сын выступае за каманду ветэранаў, працуе з маладымі футбалістамі. Гэта яго прызванне, як і Юры. Я на месцы не сяджу. Мне ўжо 83 гады, але я стараюся рухацца, матчы суджу, на гульні хаджу. Вось прыйшла, адсудзіла матч, і настрой падымаецца. У Юры пакуль ёсць праблемы са здароўем, аднаўляецца пасля аперацыі. І многае ляжыць на маіх плячах. Дзеці нам, вядома, моцна дапамагаюць. Яны ўсё для нас робяць. У нас вельмі дружная сям'я. Я стараюся трымаць усіх разам. Яны нават называюць мяне камандзірам.
І з нявесткамі нам пашанцавала. Сыны сабе добрых жонак выбралі. Я нават жартую, што Сяргею з жонкай пашанцавала таксама, як і Юру. Сяргей па характары — копія бацькі. Яны калі жаніліся, некаторы час жылі з намі. І мне здаецца, нявестка на мяне глядзела і вучылася, як сябе паводзіць. Я ім дапамагала, вучыла. Яна маладая, іншы раз слова мужу супраць сказаць не магла, калі ён, напрыклад, збіраўся з сябрамі кудысьці схадзіць. А я ж магла яму сказаць, каб дома з жонкай заставаўся. Так мы іх вучылі сямейнаму жыццю. У Сяргея нарадзіліся двайняткі, шасцімесячныя, па паўтара кілаграма кожны. І мы ўсе разам іх выходжвалі. Яны тады ў нас два з паловай гады жылі. І мы дапамагалі. Юра ў шэсць гадзін раніцы ўставаў, мыў пялёнкі і ехаў на трэніроўку. І такія хлопцы выдатныя ў нас, выраслі па 40 гадоў ім ужо!
Дзеці заўсёды былі з намі — на трэніроўках, на зборах, у спартыўных летніках. І спартсмены, якіх мы выхоўвалі, нам ужо як родныя дзеці. І сёння з усімі святамі нас віншуюць, дапамагаюць. Сярод маіх вучаніц — дзве алімпійскія чэмпіёнкі. Юра выхаваў шмат знакамітых футбалістаў — Антон Пуціла, Сяргей Кісляк, Юра Жаўноў, Міша Марціновіч. Віця Ганчарэнка, знакаміты трэнер, таксама ў Юры вучыўся. І што мне асабліва прыемна, Юравы хлопцы і мяне важным чалавекам лічаць. Няма такога свята, каб яны яму не патэлефанавалі і не перадалі прывітанне Рэгіне Ігнацеўне. Я іх усіх таксама выхоўвала, адносілася да іх, як да сваіх дзяцей.
— Юра заўсёды быў больш заняты работай. А я працавала, дзяцей выхоўвала і домам займалася. А пасля яшчэ і дачу будавала. Каб была добрая сям'я, трэба ўсюды паспяваць. Мне здаецца, нам было прасцей, чым сучаснай моладзі. Мы менш ведалі даброт жыцця і канкрэтна разумелі, што нам трэба. А сёння столькі ўсяго, і маладыя людзі не ведаюць, за што хапацца.
У сямейным жыцці многае залежыць ад жанчыны. Мы абое — людзі з характарам. Я больш падатлівая. Я часта як жанчына яму падказвала, як трэба паводзіць сябе з дзецьмі, з яго маладымі спартсменамі. У нас вельмі добрая каманда, нават спайка атрымалася. Вядома ж, не ўсё соладка было. Многае мы адно аднаму даравалі. Часам кажуць: як Рэгіне пашанцавала, што Юра такі спакойны. А насамрэч ён зусім не спакойны, а наадварот, узрыўны. Жыццё яго не шкадавала. У дзяцінстве ён выхоўваўся не ў бацькоў, а ў дзядзькі. Юра ў сваёй маці 12-ты сын, і каб было прасцей, яна аддала яго на выхаванне свайму бяздзетнаму брату. Хоць і ў роднага чалавека, але ўсё роўна жыў не з бацькамі. Потым яму прыйшлося даказваць, што ён, хлопец з правінцыі, можа стаць добрым футбалістам. Мне было прасцей, я мінчанка і мяне ўсе ведалі. А яму прыйшлося заваёўваць сваё месца пад сонцам, даказваць, што ён не горшы за гарадскіх гульцоў. Я гэта ўсё разумела і многае яму даравала. Ды і трэнерская работа цяжкая. А ён такі, што ўсяго сябе прысвячаў дзецям. Сядзеў, начамі маляваў схемы, прыдумваў камбінацыі. Я стварала ўсе ўмовы, каб яму было камфортна. І пры гэтым сама працавала, вельмі любіла сваю справу, нягледзячы на невялікую зарплату. Мне падабалася, калі і Юрава каманда перамагала, і мае спартсмены. Усюды паспявала. І як вынік — моцная сям'я і выдатныя адносіны са спартсменамі, шмат сяброў.
Юра — выдатны выканаўца, усё робіць ідэальна. Яму трэба толькі падказаць і накіраваць. І я яго накіроўваю, а ён выконвае. Часам муж нават крыўдзіцца, што я камандую. А я не магу інакш. Я амаль 30 гадоў камандавала двухметровымі хлопцамі-баскетбалістамі. Зразумела, мой вопыт кіраўніка ўплывае на сямейнае жыццё. Але мы ўжо прывыклі. Я сама па сабе цвёрдая, але з добрай душой. Я заўсёды любіла дысцыпліну, і мае спартсмены, дзеці, унукі тое адчулі на сабе. Яны часам могуць і пакрыўдзіцца на маё камандзірства, але прыслухоўваюцца.
Жанчыне галоўнае — не ўшчаміць мужчыну. Ад яе мудрасці, розуму вельмі многае залежыць. Мужчыны розныя бываюць. У мяне, напрыклад, раўнівы, і ў некаторыя моманты было цяжка. З цягам часу прыходзіць разуменне, як правільна сябе паводзіць. Часам трэба і цераз сябе пераступіць. Чаму сёння маладыя разбягаюцца хутка? Праз упартасць. А потым шкадуюць. Колькі я такіх сямей захавала. Нехта запсіхаваў, нешта не падабаецца, і адразу разводзіцца бягуць. Ці жонка дома чакае, а муж тут, у лагеры, заляцаецца да дзяўчат. Былі моманты, калі я проста ім казала: «Пішы заяву на звальненне, калі да жонкі не вернешся». Гэта я так маніпулявала, але сем'і захаваліся і сёння жывуць шчасліва. Я нават часам думаю, як я не баялася гэтымі мужыкамі камандаваць і як яны мне ніколі не пярэчылі?
Я ніколі не была абыякавай да людзей. Нават сёння, калі я ўжо заслужаны чалавек і магу спакойна жыць. Але я сачу за трэніроўкамі, калі трэба, падказваю, вопыт дазваляе. Часам гляджу на дзяўчынку і бачу патэнцыял, але некаторыя моманты трэба выправіць. Я пра гэта кажу, падказваю, і так атрымліваецца, што я заўсёды маю рацыю. І на душы спакойна, што добрую справу зрабіла. Але ў сямейным жыцці прынцып «я заўсёды маю рацыю» не працуе. Тут трэба прыстасоўвацца адно да аднаго. Гэта вялікая праца. Можна іншым разам чагосьці не ўбачыць, не пачуць, каб для сям'і было добра.
Сваркі здараюцца ў кожнай пары, і ў нас не заўсёды ўсе было добра. Цяпер, у салідным узросце, іх, вядома, стала менш. Але я часам магу Юру сказаць: «Каб быў пісталет, дык прыстрэліла б проста тут». Ну, ва ўсіх такое бывае. Але трэба сябе стрымліваць, дараваць, нешта ў гумар пераводзіць.
Пасля 60 сумесных гадоў мы ўжо не ўяўляем жыцця адно без аднаго. Мы разумеем адно аднаго як ніхто іншы. Мы — нібыта адно цэлае. Я, можа, да дзяцей не так стаўлюся, як да мужа. Вядома, праз столькі гадоў гэта ўжо больш звычка, чым каханне. Але ж без кахання нічога не было б.
У сямейным жыцці галоўнае — павага і талент ісці на ўступкі. Гэта складана, але важна. Даю параду дзяўчатам — спачатку мужу трэба саступіць, а потым ён будзе рабіць усё, як вы скажаце. Сёння Юра мне ні ў чым не адмаўляе. Ён усё робіць, як я кажу. Паўтаруся: самае галоўнае — павага і ўменне саступаць. Я заўсёды так жыла, і мы нават не заўважылі, як праляцелі гэтыя 60 гадоў.
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/spartsmeny
[5] https://zviazda.by/be/tags/trenery
[6] https://zviazda.by/be/tags/sport
[7] https://zviazda.by/be/tags/regina-pyshnik
[8] https://zviazda.by/be/tags/yuryy-pyshnik
[9] https://zviazda.by/be/tags/syamya