19 мая спаўняецца 100 гадоў з Дня стварэння піянерскай арганізацыі. За гады існавання піянерскага руху ў ім удзельнічала больш за 200 мільёнаў хлопчыкаў і дзяўчынак.
На сучасным этапе непарушныя традыцыі савецкіх піянераў у нашай краіне працягвае грамадскае аб'яднанне «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя», якая з'яўляецца самай масавай дзіцячай арганізацыяй у краіне. Піянерскі рух ахоплівае ў Беларусі больш за 600 тысяч дзяцей і падлеткаў: гэта акцябраты ва ўзросце ад 7 да 10 гадоў і піянеры ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў. Адна з галоўных традыцый піянераў — «Ні дня без добрых спраў!» Піянеры заўсёды дапамагаюць тым, каму патрэбная дапамога, бо ад кожнай добрай справы свет вакол становіцца крышачку шчаслівейшы і змяняецца да лепшага! Цімураўскі рух сёння — гэта шэфства над дзіцячымі дамамі, бальніцамі, дзіцячымі садкамі, дапамога ветэранам вайны і працы... Для піянераў дзейнічаюць Закон слова (іх словы не разыходзяцца са справамі), Закон гонару (піянер беражэ сваё добрае імя і гонар піянерскай арганізацыі), Закон сяброўства (піянер паважае меркаванне таварышаў і верны сябрам) і іншыя.
Як расказала старшыня Цэнтральнага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, сакратар ЦК БРСМ Аляксандра ГАНЧАРОВА, векавы юбілей — добрая нагода для дарослых прыгадаць сваё піянерскае мінулае, школьных сяброў і добрыя справы, што рабіліся разам, ваенна-патрыятычную гульню «Зарніца» і піянерскія вогнішчы з піянерскімі песнямі. А для сучаснага пакалення гэта будзе яркае свята, да якога, дарэчы, могуць далучыцца ўсе ахвотныя.
Раніцай 19 мая лідары і актывісты Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі ўскладуць кветкі да манумента Перамогі. Цырымонія стане сімвалам памяці аб усіх дзецях, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аб піянерах-героях. Пад суправаджэнне ваеннага аркестра рота ганаровай варты ўскладзе вянок да манумента Перамогі, побач з якім лягуць 100 гваздзікоў ад прадстаўнікоў дзіцячай арганізацыі.
Напрыканцы памятнай акцыі ўсе прысутныя ўшануюць загінулых хвілінай маўчання, а піянеры аддадуць урачысты салют героям.
Таксама ў гэты дзень у нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа» пройдзе фестываль «Тэрыторыя дзяцінства», які аб'яднае каля 2000 піянераў і акцябрат з усёй краіны: пераможцаў інтэлектуальна-забаўляльнай гульні «Піянерскі КВІЗ», фіналістаў VІІ Рэспубліканскага агляду-конкурсу «Лідар года», прызёраў фестывалю «Агеньчык запрашае сяброў», прадстаўнікоў дзіцячых палат, лідараў, актывістаў руху і проста яскравых і крэатыўных школьнікаў. Яго дэвіз — «Будучыня пачынаецца тут!».
На галоўнай фестывальнай сцэне выступяць найлепшыя дзіцячыя калектывы і хэдлайнеры беларускай эстрады, пройдуць інтэрактыўныя праграмы. Адбудзецца фінал рэспубліканскага конкурсу «Піянер года 2022», які ўключае конкурсныя заданні: «Візітоўка», «Лідар будучыні», «TіkTok-партфоліа», «ІQ-прэзентацыя» і «Талент».
Адной з галоўных фішак стане чэк-ліст «10 рэчаў, якія варта зрабіць на фестывалі «Тэрыторыя дзяцінства». Для яго праходжання хлопцам і дзяўчатам трэба будзе наведаць тэматычныя кластары, выканаць заданні і сабраць дзесяць стыкераў. Запоўнены чэк-ліст дазволіць стаць уладальнікам святочнага падарунка ад арганізатараў. На кластарах удзельнікаў чакаюць віртуальныя фотазоны, майстар-класы ад знакамітых экспертаў, настольныя гульні, фотазоны «Інстаграм» і TіkToK, хэпі-графіці, авіясімулятары і многае іншае.
«А яшчэ мы заўтра пачуем новую піянерскую песню, напісаную спецыяльна да юбілею, — паабяцала Аляксандра Ганчарова. — Увогуле, усіх удзельнікаў і гасцей чакае шмат сюрпрызаў і сустрэч з цікавымі людзьмі...»
Таксама ў гэты дзень на плошчы Дзяржаўнага сцяга пройдзе піянерскі флэшмоб «Сімвалы маёй краіны». У 15 гадзін удзельнікі фестывалю «Тэрыторыя дзяцінства» збяруцца на плошчы пад сучасны піянерскі хіт «Будучыня за намі». Зададуць тон танцу прадстаўнікі сталіцы, а потым да іх далучацца піянеры з усіх рэгіёнаў краіны. Усяго акцыя аб'яднае каля тысячы школьнікаў. У завяршэнне флэшмобу ўдзельнікі разгорнуць 12-метровае палотнішча Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь — як сімвал будучых здзяйсненняў маладога пакалення на карысць Радзімы.
Па выніках дня адбудзецца ўзнагароджанне ўсіх удзельнікаў дыпломамі пераможцаў у розных намінацыях. Найлепшы піянер краіны стане ўладальнікам дыплома Гран-пры, а лідар Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Аляксандра Ганчарова ўручыць лаўрэату ўрачысты нагрудны знак «Заўсёды гатовы!».
Яркім завяршэннем фестывалю стане піянерская дыскатэка «Будзь у камандзе» з неонавым шоу, розыгрышамі і сэтамі ад найлепшых дыджэяў сталіцы.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Лізаветы ГОЛАД
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/author/lizaveta-golad
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/brpa
[5] https://zviazda.by/be/tags/100-goddze
[6] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandra-gancharova
[7] https://zviazda.by/be/tags/piyanery