Разам краіны СНД змогуць не толькі справіцца з бягучымі цяжкасцямі, але і захаваць стваральны парадак дня ў Садружнасці. Такое меркаванне выказаў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на чарговым пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якое праходзіць сёння ў фармаце відэа-канферэнц-сувязі, перадае [2]БелТА.
«Сёння мы перажываем адзін з найбольш складаных перыядаў развіцця СНД. Сітуацыя вакол Беларусі і Расіі няпростая. Захад, спрабуючы падарваць асновы нашых эканомік, як на канвееры штампуе новыя і новыя пакеты беспрэцэдэнтных і нелегітымных з пункту гледжання міжнароднага права санкцый. Іх наступствы, на жаль, уплываюць на ўсе дзяржавы СНД. Ускладняецца кааперацыйнае ўзаемадзеянне, парушаюцца грашова-фінансавыя патокі, узнікаюць цяжкасці з рэалізацыяй, транспартам і сэрвісным абслугоўваннем прадукцыі», — расказаў Раман Галоўчанка.
Ён адзначыў, што для процідзеяння незаконным абмежаванням актыўна прымяняюцца ахоўныя меры на нацыянальным узроўні і ва ўсіх інтэграцыйных фарматах. Найбольш актыўна гэта работа праводзіцца ў Саюзнай дзяржаве і інтэграцыйнай «пяцёрцы». На пляцоўцы Садружнасці па ініцыятыве Беларусі ў сакавіку створана рабочая група для маніторынгу эканамічнай сітуацыі ў краінах і падрыхтоўкі прапаноў па магчымых сумесных мерах рэагавання на праблемы, якія ўзнікаюць.
«Спадзяюся, што ў бліжэйшы час работа па процідзеянні санкцыйнай палітыцы дасць значны вынік з мэтай недапушчэння зніжэння тэмпаў нашага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. Упэўнены, што разам мы зможам не толькі справіцца з бягучымі праблемамі, але і захаваць стваральны парадак дня ў нашай сумеснай рабоце ў рамках Садружнасці», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://blr.belta.by/economics/view/galouchanka-razam-my-spravimsja-z-tsjazhkastsjami-i-zahavaem-stvaralny-paradak-dnja-u-sadruzhnastsi-115227-2022/
[3] https://zviazda.by/be/tags/raman-galouchanka
[4] https://zviazda.by/be/tags/savet-kiraunikou-uradau-snd