Повязь народнага песняра Беларусі Янкі Купалы з Татарстанам — асобная тэма ў гісторыі беларуска-расійскага літаратурнага і культурнага пабрацімства. Пра гэта нагадваюць і падзеі сёлетняга года, калі мы адзначаем 140-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы.
Яшчэ 2 красавіка ў Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі музей класіка беларускай літаратуры ў Печышчах, які месціцца непадалёку ад Казані, прэзентаваў у Доме Дружбы народаў Рэспублікі Татарстан адмысловую выстаўку мастацкіх прац юных мастакоў Расіі «Па Купалаўскіх старонках». Хлопчыкі і дзяўчынкі з усіх куткоў Расійскай Федэрацыі прадставілі мастацкі плён музейнага праекта «Чытаем Купалу разам».
На выявах — уражанні юных мастакоў ад знаёмства з вершамі «Спадчына», «Хлопчык і лётчык», «Мужык», «Явар і каліна», з п’есай «Паўлінка», іншымі творамі народнага песняра. «Песняй вясны лебядзінаю,/ Скінуўшы зімнія чары,/ Шэпчуцца явар з калінаю/ Ў сумнай даліне над ярам./ Лісцікі зеляняй хваляцца/ Небу панятлівай мовай,/ Росамі мыюцца раніцай,/ Песцяцца сонцам паўднёвым...» Каб пачуць і па-мастацку перадаць з дапамогай фарбаў гэты паэтычны стан, трэба ўнікліва ўгледзецца ў напісанае Купалам, што і зрабілі школьнікі Расіі.
Цяпер выстаўка працуе ўжо ў самім музеі Янкі Купалы ў сяле Печышчы. Сюды яна пераехала 21 мая.
— Наведвальнікі нашага ўнікальнага і для Татарстана і для ўсёй Расійскай Федэрацыі музея беларускага класіка змогуць знаёміцца з працамі юных матскоў да 1 верасня, — расказвае дырэктар музея, добры сябар Беларусі Рыма Абызава. — Дарэчы, сёлетні год пазначаны ў нашай краіне як Год народнага мастацтва і нематэрыяльнай культурнай спадчыны Расіі. У музей на адкрыццё выстаўкі мы запрасілі навучэнцаў мастацкага аддзялення Дзіцячай школы мастацтваў Верхнеўслонскага раёна. Дзеці змаглі не толькі пазнаёміцца з працамі сваіх равеснікаў, але ўбачылі і свае творы на выстаўцы пераможцаў усерасійскага праекта. Заўважу, што гэта не адзінае наша мерапрыемства да 140-годдзя Янкі Купалы. 25 чэрвеня правядзём сустрэчу пад назвай «Пясняр зямлі беларускай» — са святочным канцэртам і адкрыццём бронзавай мемарыяльнай дошкі ў памяць пра наведванне нашай старонкі Купалам, пра тое, як шчыра паставіліся нашы прашчуры да паэта, які патрапіў у Татарстан у эвакуацыю, калі яго родны край тапталі боты фашысцкіх катаў. А напрыканцы жніўня правядзём вялікае свята паэзіі «Янка Купала ў дыялогу культур», да ўдзелу ў якім спрычыняцца ФНКА «Беларусы Расіі», розныя рэгіянальныя аддзяленні гэтай грамадскай арганізацыі, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў Мінску.
Рыма Абызава — часты госць у Беларусі, часты госць у мінскім Купалаўскім музеі. І зараз яна асабіста робіць усё магчымае дзеля захавання ў Татарстане памяці пра вялікага сына зямлі беларускай. Варта нагадаць, што ў апошнія гады шмат намаганняў да новых пераўвасабленняў паэзіі Янкі Купалы на татарскую мову зрабіў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі, народны паэт Татарстана Рэнат Харыс.
Кастусь ХАДЫКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kupala
[3] https://zviazda.by/be/tags/pechyshchy
[4] https://zviazda.by/be/tags/fnka-belarusy-rasii
[5] https://zviazda.by/be/tags/renat-harys
[6] https://zviazda.by/be/tags/ryma-abyzava