У Віцебску з доказамі злачынства затрыманы 26-гадовы наркакур’ер, паведамілі [1] ва УУС Віцебскага аблвыканкама.
Аператыўнікі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС і Першамайскага РАУС Віцебска затрымалі непрацуючага жыхара абласнога цэнтра. Гэта адбылося ў першы дзень правядзення спецыяльнага комплексу прафілактычных мерапрыемстваў па спыненні распаўсюджвання ў маладзёжным асяроддзі наркотыкаў і псіхатропаў. Мужчыну спынілі каля аднаго з жылых дамоў па вул. Баграмяна, дзе той збіраўся рабіць закладкі.
«Падчас асабістага дагляду ў затрыманага было выяўлена і канфіскавана больш за 9 г мефедрону. Асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва было расфасавана і падрыхтавана да продажу. Падазраваны планаваў раскласці скруткі на тэрыторыі Віцебска ў месцах масавага адпачынку», — удакладнілі ва УУС.
Як аказалася, 26-гадовы жыхар Віцебска сам ужываў наркатычныя рэчывы і часта наведваў форум наркаманаў. Там яму на вочы трапілася аб’ява аб прыёме на працу ў інтэрнэт-краму. Наймальнік гарантаваў высокі даход за невялікі прамежак часу: за кожную з дзевяці закладак выканаўцу абяцалі $4. Жыхар абласнога цэнтра трапіў у поле зроку праваахоўнікаў у першы ж дзень.
У дачыненні да мужчыны ўзбуджана крымінальная справа па ч. 3 арт. 328 КК. Наркакур’еру пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Праваахоўнікі правяраюць дачыненне падазраванага да іншых фактаў распаўсюджвання наркотыку на тэрыторыі Віцебска.
Спасылкі
[1] https://vk.com/away.php?to=http%3A%2F%2Fvitebsk.mvd.gov.by%2Fru%2Fnews%2F4324&post=-106158477_4008&cc_key=
[2] https://zviazda.by/be/tags/uus-vicebskaga-ablvykankama
[3] https://zviazda.by/be/tags/raspausyudzhvanne-narkotykau
[4] https://zviazda.by/be/tags/kryminalnaya-sprava