База адпачынку ў вёсцы Прыбар Бялыніцкага раёна сёлета рыхтуецца прыняць дзяцей ужо ў 25 раз. Дарэчы, зімой яна таксама не пустуе, з сярэдзіны кастрычніка да сярэдзіны красавіка база становіцца прытулкам для адзінокіх пенсіянераў з Бялыніцкага раёна.
— Дзяржава размясціла ў нас сацыяльны заказ ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Бялыніцкага райвыканкама, які так і называецца — пансіянат сезоннага пражывання для пажылых і адзінока пражываючых людзей, — удакладняе дырэктар базы адпачынку для дзяцей, падлеткаў і асобных катэгорый грамадзян у вёсцы Прыбар Ірына Дзямідава. — Мы можам прыняць і абслужыць максімум 12 чалавек. І жадаючых таксама хапае.
Летам тут адначасова могуць адпачыць 60-70 дзяцей. Змена ў 10-12 дзён пралятае як адно імгненне: заняткі, гульні, творчыя вечары з песнямі пад гітару... Побач рака — Друць. А яшчэ лес з яго птушыным рознагалоссем і яловым пахам...
Гэтая база не ўваходзіць у спіс аб'ектаў Цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. Яна належыць магілёўскай дабрачыннай арганізацыі «Табея» і існуе дзякуючы фінансавай падтрымцы спонсараў. «Спачатку ў нас аздараўляліся дзеці з чарнобыльскіх раёнаў, а цяпер акцэнт робім на тых, якія растуць у малазабяспечаных сем'ях ці маюць праблемы са здароўем, — расказвае кіраўнік дабрачыннай арганізацыі Павел Бродаў. — Мы плённа супрацоўнічаем з гарадской арганізацыяй інвалідаў. Пры неабходнасці дзеці з абмежаванымі магчымасцямі знаходзяцца ў нас разам з бацькамі».
За час існавання лагера праз яго, па падліках Паўла Бродава, прайшло каля сямі тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. Некаторыя з іх сёння прывозяць сюды сваіх дзяцей.
Ірына Дзямідава адзначае, што шанц пабываць у лагеры ёсць у кожнага дзіцяці, для якога бацькі не знайшлі грошай на аздараўленне.
— Пуцёўка бясплатная, — кажа яна. — Наша база трымаецца на валанцёрах і спонсарах. Таму і змены пачынаюцца ў першай-другой дэкадзе ліпеня. Чакаем, калі моладзь вызваліцца ад вучобы і зможа дапамагаць. Адзін з нашых былых выхаванцаў, Марк Батурэвіч, заўсёды прыязджае ў якасці памочніка выхавальніка.
Ірына падкрэслівае, што стаць валанцёрам можна толькі пры ўмове адсутнасці схільнасці да моцных напояў і цыгарэт. І кантроль наконт гэтага строгі.
Летась тут за чатыры змены аздаравілі 210 дзяцей. Як будзе сёлета, пакуль не загадваюць. З кожнай зменай звычайна працуюць розныя групы валанцёраў. Яны загадзя распрацоўваюць сваю праграму адпачынку. Сплавы на лодках па Друці, калі пашчасціць з надвор'ем, квэсты, спартыўныя мерапрыемствы — сумаваць не прыходзіцца.
У дзяцей савецкага перыяду лагер заўсёды асацыіраваўся з вогнішчам, якое абавязкова ладзілі на развітанне. Тут вогнішча, як той казаў, стацыянарнае, зробленае з улікам усіх патрабаванняў ратавальнікаў. Так званая чаша для агню абкладзена камянямі. Дзятва з задавальненнем праводзіць тут вечары, спявае пад гітару.
Кожны дзень адпачынку распісаны па хвілінах. Пад'ём у восем гадзін, зарадка, а дзявятай — сняданак, а палове дзясятай — заняткі па інтарэсах, потым агульналагерная гульня накшталт папулярнай у дзяцей «Захоп сцяга». Пасля абед, ціхая гадзіна, падвячорак.
— Харчаванне ў нас выдатнае, — заўважае Ірына Дзямідава. — Мы складаем меню так, каб было смачна дзецям. Калі нехта не есць катлеты з цыбуляй, робім без цыбулі або пераціраем яе цалкам. Шмат выпечкі, рабіць якую дапамагаюць таксама валанцёры.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва летніка
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[4] https://zviazda.by/be/tags/lager
[5] https://zviazda.by/be/tags/prybar
[6] https://zviazda.by/be/tags/baza-adpachynku
[7] https://zviazda.by/be/tags/byalynicki-rayon
[8] https://zviazda.by/be/tags/iryna-dzyamidava
[9] https://zviazda.by/be/tags/tabeya