Дзень памяці Максіма Багдановіча адзначаць 25 мая ў сталіцы праграмай мерапрыемстваў «Захавальнікі памяці», прысвечаных класіку беларускай літаратуры. Аб гэтым паведамілі [1] ў літаратурным музеі Максіма Багдановіча.
Паводле слоў арганізатараў, праграма «Захавальнікі памяці» дасць магчымасць гасцям іншымі вачыма зірнуць на асноўную экспазіцыю, даведацца аб яе стваральніках і зазірнуць у музейныя фонды.
«25 мая 1917 года завяршыўся зямны шлях аднаго з самых выдатных беларускіх пісьменнікаў. Практычна адразу пачаўся збор матэрыялаў, прысвечаных генію, а таксама правядзенне памятных мерапрыемстваў, прысвечаных праслаўленаму сыну нашай зямлі», — расказалі ў музеі.
Дзень памяці пачнецца ў 11.30 з ускладання кветак да помніка Максіму Багдановічу ў скверы каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. У 12.00 пройдзе паніхіда ў саборы святых Пятра і Паўла.
Прадоўжаць памятныя мерапрыемствы тэматычныя экскурсіі, якія стартуюць у 15.00 і 16.00 у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Пасля гэтага наведвальнікам прапануюць паглядзець анімацыйны фільм «Я тайну ў глыбіні душы сваей хаваю» і іншыя дакументальныя кінастужкі, прысвечаныя класіку.
Асноўную місію па зборы, захаванні і папулярызацыі асабістай, творчай спадчыны пісьменніка ўзяў на сябе Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Гэта ўстанова захоўвае каштоўныя музейныя экспанаты і, у больш шырокім сэнсе, памяць пра паэта. У экспазіцыях прадстаўлена толькі малая частка музейных калекцый. У фондах захоўваецца шмат цікавых прадметаў — сведак жыцця пісьменніка.
Спасылкі
[1] http://bagdanovich.museum.by/
[2] https://zviazda.by/be/tags/maksim-bagdanovich
[3] https://zviazda.by/be/tags/litaraturny-muzey-maksima-bagdanovicha
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzen-pamyaci
[5] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[6] https://zviazda.by/be/tags/pamyac-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/ushanavanne