Беларусь і Расія разам шукаюць і рэалізуюць магчымасці імпартазамяшчэння. Аб гэтым у час наведвання БЕЛАЗа заявіў пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Барыс Грызлоў, паведамілі [1] ў прэс-службе прадпрыемства.
Аб сучасных тэхналогіях вытворчасці, новых узорах кар’ернай тэхнікі БЕЛАЗ, развіцці кааперацыйных сувязей і пашырэнні супрацоўніцтва з расійскімі кампаніямі кіраўніку дыпмісіі расказаў генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» Сяргей Нікіфаровіч. У сваю чаргу Барыс Грызлоў адзначыў важнасць і своечасовасць новых тэхнічных распрацовак, інавацыйных рашэнняў і актыўнай кааперацыі Беларускага аўтамабільнага завода з партнёрамі з Расіі. «Прыемна, што многія расійскія прадпрыемствы пастаўляюць сюды свае камплектуючыя. Мы цяпер разам шукаем магчымасці імпартазамяшчэння, і, што вельмі важна, гэтыя магчымасці ўжо рэалізуюцца, — заявіў пасол. — Час нам даў магчымасць лакалізацыю вытворчасці давесці да 100 працэнтаў і не залежаць ад заходніх пастаўшчыкоў, ды і ад усходніх таксама».
На прадпрыемстве Барыс Грызлоў правёў тэст-драйв доследнага ўзору 90-тоннага электрасамазвала БЕЛАЗ на цягавых акумулятарных батарэях і застаўся пад вялікім уражаннем ад пракату. «Гэта проста сусветны лідар у вытворчасці кар’ернай тэхнікі», — рэзюмаваў расійскі пасол і пажадаў поспехаў калектыву.
ААТ «БЕЛАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-Холдынг» — буйнейшы сусветны вытворца кар’ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар’ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы буйны ў свеце кар’ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.
Спасылкі
[1] https://belaz.by/
[2] https://zviazda.by/be/tags/barys-gryzlou
[3] https://zviazda.by/be/tags/pradpryemstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaz
[5] https://zviazda.by/be/tags/syargey-nikifarovich