Трапляючы на выставу беларускай мастачкі Любові Кірылавай, гледачы нярэдка губляюць дар мовы ад захаплення і пачуццяў, якія іх перапаўняюць. Многія ўпершыню бачаць, каб з тканінай стваралі такія цуды.
Любові Мікалаеўне часта задаюць пытанне: «Як вы гэта робіце»?
Звычайна яно ставіць яе ў замяшанне. Як растлумачыць усе тэхнічныя дэталі, канструктарскія і дызайнерскія прыёмы, асабістыя знаходкі, знойдзеныя шляхам спроб і памылак на працягу дзесяцігоддзяў? Пошук і эксперымент ідуць бесперапынна. Творчасць — гэта заўсёды шмат-шмат працы і крыху натхнення і чараўніцтва. Толькі аўтар ведае, колькі маленькіх сакрэтаў яна адкрыла, каб «прывесці тканіну ў пачуццё» (а ў кожнай з іх — парчы, атласу, шоўку, арганзы, лёну і г.д. — свой характар і асаблівасці!), каб дамагчыся ў патрэбных месцах аб’ёму, пры неабходнасці — металічнага эфекту, схаваць усе швы, упляценні і накладання аднаго матэрыялу на іншы.
— Я перфекцыяніст, ствараю рэчы, якія павінны пераходзіць па спадчыне, цешыць не адно пакаленне. Над кожнай карцінай, як правіла, працую некалькі месяцаў, а здаралася, і больш за год, — прызнаецца Любоў Кірылава. — Складанасці мяне не палохаюць, наадварот, дадаюць цікавасці. Каб давесці задуманае да завяршэння, трэба закахацца ў сваю задуму, і тады ў чарадзе будняў, поўных карпатлівай чарнавой працы, не страціш пуцяводную нітку і застанешся задаволенай вынікам.
«Серанада», «Ірысы» «Хамелеон», «Гаспадыня меднай гары», «Радасць», «Успаміны аб готыцы», «Зімародак», «Мадонна», «Эдэм», «Танец».
Па старанным падборы тканін і фурнітуры, прапрацоўцы кожнай дэталі, адметнай геаметрыі, выключнай якасці выканання карціны Любові Кірылавай — гэта тэкстыльны Фабержэ. Крызіс ідэй мастачцы не знаёмы: у яе з дзяцінства багатая фантазія. Менавіта жаданне ўвасабляць уласныя шматлікія задумы ў свой час і падштурхнула яе пакінуць прафесію мастака-мадэльера жаночай сукенкі, паступіць у акадэмію мастацтваў і заняцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю.
Сёння Любоў Кірылава ў адной асобе і мастак, і канструктар, і дызайнер, і швачка.
— У мяне, як у пісьменнікаў — ні дня без радка. Толькі мае радкі — не ручкай на паперы, а машынкай на тканіне, — заўважае суразмоўніца. — Не магу сядзець без справы, якую вельмі люблю. Нават калі няма заказаў, усё роўна працую. І звычайна, як паказвае досвед, мае пано знаходзяць свайго пакупніка.
Калісьці Любові Кірылавай было шкада развітвацца са сваімі карцінамі. Цяпер ужо не. Яна навучылася іх, як дарослых дзяцей, адпускаць ад сябе ў вялікі свет, каб уладкоўвалі свой лёс, цешылі і натхнялі людзей. Яе пано ўпрыгожваюць Усіхсвяцкую царкву, Палац Незалежнасці, загс Кастрычніцкага раёна Мінска, іх дораць кіраўнікам дзяржаў, імі папаўняюць прыватныя калекцыі.
Карціны Любові Кірылавай рэгулярна выстаўляюцца ў Беларусі і за мяжой.
— Улетку з персанальнай экспазіцыяй прымала ўдзел у выставе-кірмашы «Шэдэўры лапікавага шыцця» ў Гасціным двары ў Маскве. У кастрычніку запрасілі на фестываль «Эка Этна Курак» у Кыргызстан: на яго арганізатары адбіралі па адным мастаку ад краіны. Была магчымасць пазнаёміцца з творчасцю калег з Расіі, Францыі, Германіі, ААЭ, Азербайджана, Манголіі, Узбекістана, Таджыкістана, — дзеліцца Любоў Кірылава. — Гэтая паездка стала для мяне лепшым падарункам да дня нараджэння. Столькі яркіх уражанняў ад Кыргызстана, сустрэч з людзьмі, а перш за ўсё — ад прыроды: гор і неверагоднага Ісык-Куля. У падзяку за гасціннасць падарыла Музею нацыянальных выяўленчых мастацтваў імя Гапара Айціева сваю карціну «Чароўнае возера Ісык-Куль».
Любоўю да жыцця, жывёл, раслін, прыгажосці ва ўсіх яе праявах прасякнуты ўсе творы мастачкі. Гледзячы на іх, людзі насычаюцца стваральнай энергіяй і пакідаюць выставы, адчуваючы супакаенне і гармонію. Такі вось кругазварот пазітыўных эмоцый. І ад сябе яшчэ заўважу. Ні экран, ні паліграфія не перадаюць поўнасцю чараўніцтва карцін Любові Кірылавай. Цуды трэба назіраць без пасярэднікаў. Ісці і глядзець. У снежні мастачка са сваёй сястрой і калегай Верай Блінцовай плануе правесці сумесную выставу «Калядная казка» ў галерэі «Мастацтва».
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота прадстаўлена Любоўю Кірылавай
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-paklonskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/mastactva
[5] https://zviazda.by/be/tags/vystauka
[6] https://zviazda.by/be/tags/tkactva