Вось і дажыліся мы зноў да халадоў і першага снегу... Вядома, кожная пара года мае свае радасці — але ж холад наўрад вялікая радасць для многіх з нас. Героі твораў беларускіх літаратараў кожны па-свойму ратуецца ад сцюжы — наколькі дазваляе сюжэт і фантазія аўтара. Давайце разам пагартаем старонкі і даведаемся рэцэпты, як сагрэцца ў халады.
Іван Мележ у рамане «Людзі на балоце» дае самы беларускі і пракаветны рэцэпт: каб не змерзнуць, папрацуй! Ягоны герой Міканор так і робіць:
«І для дамоўкі, і для грэблі рабіў Міканор усё з ахвотаю — асабліва тады, калі ўсталяваліся звонкія маразы, калі так весела зіхцелі пад чырвоным сонцам палі, калі лес поўніўся такой вусцішнасцю, што хацелася, як малому, дурасліва паваліцца ў снег ці закрычаць на ўвесь свет! У такія дні ў лесе за вярсту было чуваць, як недзе падае, рассыпаючыся на ляту, белы камяк з патрывожанай галіны...
Ці ішоў па лясному цаліку, правальваючыся часам да пояса, ці абтоптваў снег вакол дрэўца, ці памагаў пілаваць і лажыць на воз — радасна было чуць, як хораша, молада поўніць цела дужая гарачыня... Шчасце было і калоць дровы дома — пад павеццю, у адной гімнасцёрцы з расшпіленым каўняром; унесці па рыпучым ганку ў хату, звонка кінуць у кутку, чуць, як маці глядзіць з удзячнасцю і замілаваннем...»
Мележ гэтак сакавіта апісвае не па назіраннях — ён сам быў майстравітым. І хоць на вайне амаль страціў руку, не мог напоўніцу ёю валодаць — у роднай вёсцы Глінішчы адраджаў бацькоўскую хату з папялішча. А што ж рабіць, прывёз на сваю радзіму маладую жонку Лідзію з дачушкай... Трэба ставіць новы зруб! І паставіў.
Уладзімір Дубоўка ў 1930-м годзе быў асуджаны да высылкі ў Яранск... У 1931-м ён піша свае ўспаміны «Пялёсткі». Там ёсць мініяцюра «Даехалі ў добрым гуморы» — ведаючы біяграфію паэта, лёгка здагадацца, куды гэта давялося яму летам 1931 года плысці на невялічкім параходзіку па рацэ Вятцы ад горада Кацельнічы да горада Кукаркі.
«На палубе, адкрытай з усіх бакоў, стаялі, як у гарадскім садзе, драўляныя лаўкі. Толькі мы крануліся, як пачаў дзьмуць з усіх бакоў сіберны вецер, аж пасінелі рукі мае. Бачу, што так і замерзнуць можна лёгка. Доўга не думаючы, развязаў я свой багаж, дастаў кажушок, валёнкі, зімовую шапку і рукавіцы. Пачынаю ўсё нацягваць на сябе. Мой таварыш адзін, зямляк, з якім я ехаў, штурхае мяне пад бок.
— Што? — пытаюся ў яго.
— Што ты робіш! — пачынае ён сароміць мяне. — Зірні, людзі смяяцца пачынаюць з цябе.
А было ўсіх пасажыраў, мясцовых людзей, чалавек дваццаць.
— Няхай смяюцца, — адказваю. Апрануўся, каўнер паставіў, ад ветру закрыўся і сяджу сабе ў поўнай выгодзе. А мой зямляк аж дрыжаць пачаў, аж пасінеў увесь. Урэшце ўстаў, распакаваў свой пак, дастаў раманаўскі кажух, зімовую шапку — ды на сябе. Я яму, як ён мне крыху раней:
— Што ты робіш? Людзі смяяцца будуць.
А ён:
— Маўчы, братка, маўчы! Зуб на зуб не трапляе, які там смех...
Пачакаўшы крыху — усе пасажыры, гледзячы на нас, пачалі ратавацца ад холаду, падаставаўшы ўсё, што ў каго прыдатнага было. Адна кабета толькі засталася ў блюзачцы, а ў самой аж слёзы на вочы набеглі. У яе нічога з сабой цёплага не было.
Не кажучы лішняга слова, я дастаў сваю суконную коўдру, падаю ёй і кажу:
— Ахініся, даражэнькая!
Як яна дзякавала, як яна ўсцешылася, ахінуўшыся тою коўдрай!»
Паэт Васіль Зуёнак складае оду канкрэтнай зімовай вопратцы — ватоўцы-целагрэйцы:
На гарачую чарэнь
Кінута ватоўка, —
Наблукалася за дзень
Ты са мной, сяброўка.
Хоць і страшыла зіма —
Мы не замярзалі!
Целагрэйка! — нездарма
Так цябе назвалі.
Грэла ты ў мароз круты
Грудзі мне і плечы,
А цяпер пагрэйся ты
І сама на печы...
Герой аповесці Васіля Быкава «Сцюжа» ратуецца ад холаду, залезшы ў нечую стадолу, у гарохавінне, а потым абкрыўшыся прынесеным гаспадыняй кажухом:
«Дзіўна, але з кажухом прыйшло да яго супакаенне, якога ён даўно ўжо не адчуваў. Так было ў маленстве, калі ў выстуджанай на золаку хаце яго накрываў бацька. Ад кажуха патыхала цяплом і спакоем, і ён засынаў добрым салодкім сном, які прыходзіць у маленстве, а пасля ўжо ніколі».
Але нават калі ў хаце нацеплена, трэба пільнаваць, каб не запоўз праз шчыліны мароз. Якуб Колас папярэджвае:
«Зачыняйце шчыльна хату,
Каб не дзьмулі халады,
На вакно пляціце мату,
Каб не клаў мароз сляды».
Сяргей Грахоўскі ў вершы «Блакітная зіма» жадае сагрэць настылае сэрца каханнем, але каханая не забываецца праверыць шыбы:
«Я трачу надзею, а ты нечакана,
Калі ні цяпла, ні спакою няма,
Зайшла, зачыніла фіранкі старанна,
Каб сэрцы дваім не студзіла зіма».
Так, самы рамантычны сродак не мерзнуць у халады — закахацца. Алесь Пісьмянкоў настальгічна ўспамінае прагулкі з каханай у зімовым скверы:
«Думкі-мары, думкі-мары...
Пацалункі на марозе.
Нас апошнія трамваі,
Як заўсёды падбіраюць».
На фоне снегу адбываецца і спатканне герояў «Каласоў пад сярпом тваім» Майкі Раўбіч і Алеся Загорскага:
«...Яны беглі заснежанай алейкай. Майка, у лёгкім футрачку, накінутым на аголеныя плечы, і Алесь. Кашлатыя, сінія стаялі вакол дрэвы. Маўчалі. Парк і ўвесь свет вакол былі нерухомыя. І ў гэтым непарушным, нібы адвечным, спакоі дзіўна было бачыць над шатамі дрэў мігатлівыя, жывыя іскрынкі зор.
Майка спрытна штурхала ў ствалы нестарых ялінак, выслізгвала з-пад іх і імкнулася далей. А за ёй з шолахам асыпаўся з галін іскрыста-сіні і сухі, як порах, снежны пыл. Асыпаўся проста на Алеся, на галаву, на плечы, на ўскінуты твар.
Змярцвела-сіні, абыякавы да жыцця і цеплыні стаяў вакол парк. А гэтыя двое, не зважаючы ні на што, парушалі гэты сон. Молада, дзёрзка і нахабна разбівалі гэты спакой. Зрывалі саваны са змярцвелых дрэў.
Сыпаўся і сыпаўся іскрысты пыл. І Алесь бег і бег за ёю са снегам у валасах, з трывожным захапленнем у сэрцы».
Праўда, Уладзімір Караткевіч дае і іншыя парады, як сагрэцца ў маразы, Успомнім, як яго героі святкуюць Каляды:
«У кола ўвайшоў басаногі, з голай грудзінай і ў доўгім белым кажусе бог холаду, Зюзя. Ільняныя вусы закінуты за плечы, ільняная грыва валасоў падае аж ніжэй лапатак. Зюзя пагрозна рыкаў, сварыўся на людзей пальцам, пляваў на агонь, босымі нагамі ўзвейваў у паветры снег, нібы хацеў зрабіць завіруху. Зюзевы вочы смяяліся. Гэта быў пераапрануты азярышчанскі пастух Данька. Каб ногі не адчувалі холаду — хапіў тры кручкі гарэлкі. Граць ужо, дык граць. Усім жа вядома, што Зюзя — босы. Ад гарэлкі Даньку было весела.
— Замарожу,— рыкаў ён.— Як мядзведзь, навалюся».
Але хіба не лепей за чарку грэе добры ўспамін? Вось рэцэпт ад паэта Хведара Жычкі:
«Калі мароз праймае да костак,
бяроза ўспамінае,
як летам
падбягалі да яе ног мяккія травы,
на голле садзіліся птушкі,
спявалі,
а па лісціках поўзалі ненажэрныя хрушчы.
Вецер прыносіць з поля
духмяны пах спелай пшаніцы».
А Рыгор Барадулін увогуле звяртаецца ва ўспамінах да экзотыкі:
«Здорава пад ушацкую завіруху грэцца ўтрапёным Парыжам.
Апячы далоні i вусны каштанамі з гарачай жмені жароўні».
Ну і, вядома, што грэе лепей, чым вогнішча? Сяргею Грахоўскаму давялося шмат памерзнуць у жыцці. Ён быў рэпрэсаваны, шмат гадоў правёў у лагерах, валіў у тайзе дрэвы... Менавіта той горкі час ён успамінае ў вершы «Каля вогнішча»:
«Знаёмыя пахі сатлелай ігліцы
Я прагна ў абветраным полі лаўлю
I мару, — да вогнішча б мне прытуліцца,
Іскрынку б знайсці, — я агонь распалю.
Знайшоў і з-пад прысака выграб жарынку,
Дыханнем яе у далонях сагрэў,
Падкінуў ігліцы, і цераз хвілінку,
Як знічка, агеньчык дрыжаў і гарэў.
Я ўкленчыў прад ім, нібы вогнепаклоннік,
Прасіў не патухнуць, ажыць і гарэць...»
А сагрэць можа нават маленькі агеньчык. Янка Сіпакоў апісвае сваё падарожжа на паўвостраў Дыксан, знаёмства з побытам ненцаў:
«А ў калгасным мярзлотніку было холадна. Недзе глыбока-глыбока ў тунелі цьмяным святлом хліпае невялічкі агарак свечкі. Над ім стаіць цёпла ўхутаная ненка і над яго мізэрным полымем грэе рукі. Святло палахліва мітусіцца па вечнай мерзлаце скляпення, выхоплівае з цемры крышталікі лёду, ад чаго яны свецяцца рознакаляровымі крапінкамі. Пад нагамі грукаціць марожаная рыба. І варта толькі трошкі адысціся ад каганца — нічога не відно: цёмная і доўгая пячора».
«Даставайце з вышак сані —
Гайда сцежкі праціраць
I па белым акіяне
Ўдоўж і ўпоперак гуляць!» — заклікаў Якуб Колас.
Сапраўды, пабегаеш па снезе — угрэешся! Лыжы на выдатна засвоіў паэт Андрэй Грынкевіч з рамана Караткевіча «Нельга забыць:
«Андрэй уставаў у шэсць гадзін раніцы, калі ў гарадку гарэлі толькі рэдкія агні і ранішні снег вішчаў пад лыжамі. З адхону на дняпроўскі лёд, потым на стромы адхон процілеглага берага. Праз дзесяць хвілін ужо не хочацца спаць, знікае некуды свінцовы цяжар стомы. Лыжы бягуць па зарэчных палях, перасякаючы ваўчыныя сляды і хітрыя зайцавы петлі.»
А напрыканцы — яна, божышча хатняга цяпла, печ-матухна! Для Рыгора Барадуліна яна асаблівая... У вершы «Матчына хата» ён апавядае, як акупанты спалілі іх хату, дзе знаходзіўся партызанскі штаб. Бацька «загінуў у акружэнні ў перадапошняй бойцы з карнікамі», а маленькі Рыгор з бабуляй і маці вярнуліся да пагарэлішча, дзе яшчэ галавешкі тлелі,
«На пажарышчы сірацеў
абгарэлы комін.
Здавалася, ўсё яшчэ шыю цягнуў
ён праз агонь са страху,
упарта спадзеючыся недзе вышэй
уперціся ў страху».
У апавяданні Алеся Якімовіча «За адной партай» героі-хлапчукі гарэзуюць зімой на рэчцы, адзін з іх, Міша, уваліўся ў ваду, а сябар Валодзя яго выцягнуў.
«Валодзева хата была першай па дарозе, і Валодзя без слоў пацягнуў Мішу да сябе дамоў.
Бядуючы і вохкаючы, Валодзева маці пераапранула хлопцаў у сухое, нагрэла чаю з ліпавым цветам, напаіла іх і пагнала на печ грэцца».
Як бачыце, тут яшчэ адзін рэцэпт ад холаду — ліпавая гарбата!
Не ведаю, які са сродкаў змагання з холадам акажацца вам бліжэй, галоўнае, каб не быў той холад на душы і на сэрцы. Цёплых зімовых святаў!
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/lyudmila-rubleuskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[5] https://zviazda.by/be/tags/scyuzha
[6] https://zviazda.by/be/tags/zima