Дзясяткі неабыякавых людзей з розных куткоў Беларусі падтрымалі кранальную ініцыятыву педагогаў і навучэнцаў Гомельскага медыцынскага каледжа. Разам яны вяжуць малюсенькае шарсцяное адзенне і першыя цацкі для немаўлят, якія нарадзіліся раней належнага тэрміну.
Год таму ў Гомельскім медыцынскім каледжы была аб’яўлена дабрачынная акцыі «Штонікі для спяшонікаў» («Штанишки для торопыжек»). Яе ініцыятарам стала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Ларыса Кавалеўская. Ларыса Вітальеўна пачала сама і паказала прыклад усім ахвотным — педагогам і навучэнцам, як вязаць камплекты, малыя для некаторых лялечных пупсаў, — але такія неабходныя для немаўлят, што нарадзіліся з крытычна малой масай цела.
— Дзеці, якія з’явіліся раней тэрміну, схільны праводзіць амаль увесь час як бы ў забыцці, – расказваюць аб важнасці вязаных рэчаў для дзетак гомельскія медыкі. – Рэчы з натуральнай ваўнянай пражы ўздзейнічаюць на рэфлекторныя зоны цела немаўляці. Гэта нясе танізуючае, агульнаўмацавальнае ўздзеянне і спрыяе росту і развіццю дзіцяці.
Для ўдзельнікаў дабрачыннай акцыя вязанне камплектаў — гэта яшчэ і магчымасць падтрымаць сем’і, якія сутыкнулася з нараджэннем дзіця раней тэрміну.
Летась педагогі і навучэнцы перадалі звязаныя камплекты для немаўлят у Гомельскую абласную дзіцячую клінічную бальніцу. Але акцыя не толькі не збавіла абароты, але і заахвоціла падтрымаць дабрачынную ініцыятыву гомельскіх медыкаў жыхароў розных гарадоў краіны.
— Наладзілі сувязь з вязальшчыкамі з Мінска, Мар’інай Горкі, іншых гарадоў. Хтосьці перадае пражу, а хтосьці — не толькі гатовыя камплекты адзення, але і звязаныя цацкі-васьміножкі, вядомыя як тактыльная замена пупавіны, што дапамагае супакойвацца немаўляці, — адзначае педагог-псіхолаг Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Марыя Камарова. — У акцыі з вялікім задавальненнем працягваюць прымаць удзел нашы навучэнцы. Напрыклад, Ліза Носар перадала некалькі пледыкаў, якія дзяўчына звязала разам са сваёй мамай, дарэчы, былой выпускніцай нашай навучальнай установы. Падтрымліваюць акцыю і людзі, якія не могуць вязаць, але вельмі жадаюць зрабіць штосьці добрае, паспачуваць.
Так, другі год вязальшчыцам Гомельскага медкаледжу пражу для маленькага адзення перадае невядомы спонсар акцыі — малады чалавек позна вечарам пакідае пакункі з ніткамі на вахце каледжа.
— Цяпер да нашай дабрачыннай ініцыятывы падключыліся і супрацоўнікі гомельскіх аптэк. Яны вырашылі падтрымаць мамачак немаўлят гігіенічнымі сродкамі, неабходнымі для самых маленькіх, — дадае педагог-псіхолаг Марыя Камарова.
Між тым, днямі выкладчыкі і навучэнцы Гомельскага медкаледжа перадалі амаль 150 звязаных рэчаў для маленькіх пацыентаў радзільнага аддзялення Гомельскай гарадской клінічная бальніца № 3 і абласнога клінічнага радзільнага дома.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота: Гомельскі дзяржаўны медыцынскі каледж
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/shtoniki-dlya-spyashonikau
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/gomelski-medycynski-kaledzh