Аператыўнікі затрымалі дваіх кур’ераў тэлефонных аферыстаў, якія выманілі ў 61-гадовага жодзінца 6 тысяч долараў. Падрабязнасці гэтай гісторыі паведамляе УУС Мінскага аблвыканкама.
Кіроўца атрымаў замову на дастаўку пасылкі. Трэба было забраць пакет з кватэры і прывезці ва ўмоўленае месца. Прыбыўшы па адрасе адпраўніка, ён убачыў усхваляванага пажылога мужчыну, які адлічваў купюры і паралельна размаўляў па тэлефоне. Таксіст зразумеў, што яго «апрацавалі» ашуканцы. Ён паспрабаваў супакоіць ахвяру, патлумачыў, што яго ашукваюць, і патэлефанаваў у міліцыю. Кіроўцу праінструктавалі аб далейшых дзеяннях і, як толькі ён перадаў заказчыку пакет з грашыма, зламысніка затрымалі.
Фігурантам аказаўся 23-гадовы жыхар Рагачоўскага раёна. Падчас далейшых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў сышчыкі ўстанавілі і затрымалі яго аднагодка-змоўшчыка. Цяпер устаноўлена датычнасць дуэта да чатырох аналагічных злачынстваў у Мінскім і Смалявіцкім раёнах.
Следчымі заведзена крымінальная справа за махлярства.
УУС Мінскага аблвыканкама нагадвае кіроўцам любых службаў дастаўкі: звяртайце ўвагу на эмацыйны стан асоб, якія аддаюць пасылкі, і вонкавы выгляд рэчаў, што перадаюцца пасылкай. Часцей за ўсё тэлефонныя аферысты просяць разам з грашыма перадаць ручнікі, прасціны ці прадметы гігіены, а самі пажылыя ахвяры злачынства выглядаюць спалоханымі ці заплаканымі. Пры ўзнікненні падазрэння неабходна заставацца на месцы і звярнуцца ў міліцыю.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kryminalnaya-sprava
[2] https://zviazda.by/be/tags/mahlyarstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/uus-minskaga-ablvykankama-0