Аб тым, куды можна з’ездзіць з дзецьмі напярэдадні Новага года, расказала [1] ў прэс-цэнтры БелТА намеснік дырэктара — начальнік аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Кацярына Нікіціна.
Гаворачы аб альтэрнатывах паездкі з дзецьмі ў Белавежскую пушчу да Дзеда Мароза, спецыяліст прывяла прыклады падобных месцаў і ў іншых абласцях нашай краіны.
«Напрыклад, у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці на турбазе „Азяркі“ з’явіўся новы персанаж Дзед Бай», — расказала яна.
Вобраз Дзеда Бая — гэта даніна павагі творчасці паэта, пісьменніка і перакладчыка Уладзіміра Дубоўкі. У яго творы «Чароўная знаходка» галоўным персанажам з’яўляецца Дзед Бай — вясёлы расказчык і казачнік, які прыйшоўся да спадобы дзіцячай аўдыторыі. Паводле сюжэтаў казак, напісаных Уладзімірам Дубоўкам, ствараюцца анімацыйныя праграмы, героі якіх удзельнічаюць у тэатралізаваных паказах на сцэне комплексу.
«Таксама ў гэтым годзе з тэатралізаваным паказам на турбазу „Азяркі“ вернецца яшчэ адзін фальклорны пастаўскі персанаж — Зюзя Паазерскі», — дадала Кацярына Нікіціна.
Акрамя таго, яна падкрэсліла, што яшчэ адной альтэрнатывай можа быць паездка ў нацыянальны парк «Прыпяцкі» ў Гомельскай вобласці. «У гэтым парку таксама пабудавана рэзідэнцыя Дзеда Мароза, у якога нават ёсць свой алень. Будзе арганізавана навагодняя праграма. З адметнасцей ёсць Музей палешука, што таксама даволі цікава», — рэзюмавала начальнік аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці Дэпартамента па турызме.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/kuda-mozhno-sjezdit-s-detmi-v-belarusi-nakanune-novogo-goda-537413-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/kacyaryna-nikicina
[3] https://zviazda.by/be/tags/turyzm
[4] https://zviazda.by/be/tags/novy-god