Прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Сяргей Дыярдзіца на прэс-канферэнцыі расказаў аб інавацыйных мерах, неабходных для выяўлення ВІЧ-інфекцыі і прафілактыкі заражэння, паведамляе [1] БелТА.
«Напярэдадні Сусветнага дня барацьбы са СНІДам Еўрапейскае бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя сумесна з Еўрапейскім цэнтрам па кантролі за захворваннем публікуе штогадовую справаздачу аб захворванні і смяротнасці ў еўрапейскім рэгіёне СААЗ, які ахоплівае 53 краіны. Справаздача гэтага года паказала, што колькасць новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі ў краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, куды адносіцца і Беларусь, у разліку на 100 тыс. насельніцтва практычна ў 10 разоў большая за гэты паказчык у Заходняй ці Цэнтральнай Еўропе. Акрамя таго, колькасць людзей з нявыяўленай ВІЧ-інфекцыяй, на жаль, павялічваецца», — адзначыў Сяргей Дыярдзіца.
«Гэта патрабуе ад краін прыняцця больш эфектыўных і інавацыйных мер па выяўленні ВІЧ-інфекцыі, уключаючы ўкараненне новых алгарытмаў тэсціравання, заснаваных на экспрэс-тэстах, пашырэння ахопу прафілактычнымі і дыягнастычнымі паслугамі для ключавых груп насельніцтва, дыспрапарцыянальна закранутых ВІЧ-інфекцыяй. Работа з мэтай змяншэння грамадскай прадузятасці павінна прадаўжацца, паколькі стыгма і дыскрымінацыя застаюцца галоўнымі рухавікамі няроўнасці і галоўнымі бар’ерамі на шляху да дасягнення глабальных ідэй у галіне барацьбы з эпідэміяй ВІЧ-інфекцыі», — прадоўжыў прадстаўнік СААЗ у Беларусі.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя вітае намаганні Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь па забеспячэнні ўніверсальнага, або стапрацэнтнага, бясплатнага доступу да сучаснага антырэтравіруснага лячэння для ўсіх людзей, якія жывуць з ВІЧ у Беларусі, з 2018 года, дадаў Сяргей Дыярдзіца. «Мы павінны памятаць, што эфектыўнае лячэнне — гэта таксама важны элемент прафілактыкі, паколькі людзі, якія знаходзяцца на лячэнні і маюць невызначаемую вірусную нагрузку, не перадаюць ВІЧ сваім сексуальным партнёрам», — сказаў ён.
Сусветны дзень барацьбы са СНІДам адзначаецца штогод 1 снежня.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/vnedrenie-novyh-algoritmov-testirovanija-predstavitel-voz-o-merah-po-vyjavleniju-vich-infektsii-537440-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/vich-infekcyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/syargey-dyyardzica
[4] https://zviazda.by/be/tags/saaz