Сёння ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання ажыццяўляюць дзейнасць больш за 3,2 тыс. валанцёраў сярэбранага ўзросту, паведамляе [1] БелТА са спасылкай на афіцыйны сайт Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
«Сярэбраныя валанцёры» — гэта людзі, якія выйшлі на заслужаны адпачынак, але захавалі актыўную жыццёвую пазіцыю і гатовы бескарысліва дапамагаць тым, хто мае патрэбу ў падтрымцы. Так, валанцёры сярэбранага ўзросту рэалізуюць сёння розныя ініцыятывы па клопаце, доглядзе і падтрымцы адзінокіх пажылых грамадзян і інвалідаў, па навучанні рабоце на камп’ютары і фінансавай бяспецы, арганізуюць клубы мастацкай самадзейнасці, моўныя курсы па прынцыпе «Роўны навучае роўнага». Валанцёры сярэбранага ўзросту шырока прапагандуюць здаровы лад жыцця і актыўнае даўгалецце, арганізуюць заняткі па скандынаўскай хадзьбе, ёзе, лячэбнай гімнастыцы, а таксама распаўсюджваюць веды аб прафілактыцы розных захворванняў для людзей старэйшага ўзросту.
Работа «сярэбраных валанцёраў» падтрымліваецца ва ўсіх рэгіёнах. Так, з мэтай абмену паспяховым вопытам і лепшымі практыкамі ў Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцях праведзены абласныя злёты валанцёраў сярэбнага ўзросту. У Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску злёты валанцёраў сярэбранага ўзросту праводзяцца 5 снежня і прысвечаны да Міжнароднага дня добраахвотнікаў, які адзначаецца сёння. Магілёўская вобласць правядзе злёт валанцёраў 9 снежня.
Акрамя таго, сваю дзейнасць ва ўзаемадзеянні з установамі сацыяльнага абслугоўвання ажыццяўляюць больш за 10,4 тыс. валанцёраў грамадскіх аб’яднанняў і іншых арганізацый (установы адукацыі, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускі саюз жанчын, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, рэлігійныя арганізацыі і іншыя). У цэлым колькасць валанцёраў і валанцёраў грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый за 2022 год узрасла амаль на 30 працэнтаў.
Значнасць валанцёрскай дзейнасці і неабходнасць яе развіцця адзначана ў Нацыянальнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце — 2030» як адзін са спосабаў удзелу пажылых грамадзян у жыцці грамадства, які садзейнічае пашырэнню сацыяльных кантактаў.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/bolee-32-tys-serebrjanyh-volonterov-zadejstvovany-v-rabote-uchrezhdenij-sotsobsluzhivanija-538379-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-pracy-i-sacyyalnay-abarony
[3] https://zviazda.by/be/tags/ustanovy-sacabslugouvannya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syarebranyya-valancyory