У сувязі з невялікай працягласцю светлавога дня і сезонным пагаршэннем умоў надвор’я, якое аказвае істотны ўплыў на стан дарожна-транспартнага траўматызму, з 8 па 10 лютага Дзяржаўтаінспекцыя правядзе прафілактычныя мерапрыемствы, інфармуе ГУУС Мінгарвыканкама.
У гэты перыяд экіпажы дарожнай міліцыі будуць дзяжурыць ля пешаходных пераходаў і аварыйна-небяспечных участкаў дарог. Праваахоўнікі пракантралююць выкананне правілаў праезду пешаходных пераходаў аўтамабілістамі. Не застануцца без увагі інспектараў і пешаходы, якія парушаюць дзейнае заканадаўства ў сферы дарожнага руху. Акрамя таго, будзе арганізавана шырокая інфармацыйна-тлумачальная работа па прафілактыцы такіх ДТЗ.
Па статыстыцы, наезд на пешахода — адзін з самых распаўсюджаных відаў дарожна-транспартных здарэнняў. Асноўная доля наездаў прыпадае на цёмны час сутак, калі ў кіроўцаў няма магчымасці своечасова ўбачыць людзей, якія выйшлі на праезную частку або якія знаходзяцца на ёй.
Так, па выніках студзеня 2023 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на тэрыторыі Мінска колькасць ДТЗ знізілася з 43 да 39. Два чалавекі загінулі (пешаходы), 42 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Прычым найбольшая колькасць (40,5 працэнта) параненых — гэта пешаходы.
Асаблівую небяспеку для дарожнага руху ўяўляюць нецвярозыя пешаходы. Таму Дзяржаўтаінспекцыя просіць грамадзян паведамляць у міліцыю пра пешаходаў або веласіпедыстаў, якія знаходзяцца побач з праезнай часткай у нецвярозым выглядзе. Ваш званок зможа папярэдзіць трагедыю, нагадвае Дзяржаўтаінспекцыя.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/dtz
[2] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhautainspekcyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/guus-mingarvykankama