Органамі фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю спынена дзейнасць па ўхіленні ад выплаты падаткаў уласніка і кіраўнікоў 5 камерцыйных структур, якім належала ў Мінску буйная сетка магазінаў нізкага цэнавага сегмента (уключала ў сябе 11 гандлёвых аб’ектаў) па продажы тавараў лёгкай прамысловасці, перадае [1] БелТА.
Для ўхілення ад выплаты падаткаў была распрацавана злачынная схема. Большая частка грашовых сродкаў, якія атрымліваюцца ад пакупнікоў за рэалізаваны тавар, хавалася ад падаткаабкладання (не праходзіла праз касавыя апараты).
У выніку ўласнік гэтых гандлёвых аб’ектаў ухіляўся ад выплаты падаткаў. Больш за тое, такі супрацьпраўны механізм працы дазваляў ствараць нядобрасумленную канкурэнцыю айчынным вытворцамі тавараў лёгкай прамысловасці.
Як удакладнілі ў КДК, для легалізацыі тавараў, якія прадаваліся ў крамах, выкарыстоўваліся фіктыўныя дакументы, згодна з якімі тавар нібыта набываўся ў кампаній, падкантрольных уласніку гандлёвых аб’ектаў. Але ў рэальнасці тавары закупляліся за наяўны разлік. Акрамя таго, на большасць тавараў адсутнічалі дакументы, якія пацвярджаюць іх якасць.
Аператыўнікамі УДФР КДК па Мінскай вобласці і г. Мінску таксама ўстаноўлена, што з атрыманай такім чынам выручкі работнікам гандлёвых аб’ектаў выплачвалася заработная плата ў канвертах. Яе атрымлівалі больш за 150 чалавек. Гэта давала магчымасць уладальніку бізнесу не выплачваць падаходны падатак і абавязковыя страхавыя ўзносы, а работнікі пазбаўляліся сацыяльных гарантый.
У дадзены момант дзейнасць сеткі цалкам прыпыненая.
Па выяўленых фактах распачатыя крымінальныя справы. Следчым камітэтам вядзецца папярэдняе расследаванне.
Прэв’ю: СК
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/incident/view/v-minske-sobstvennik-magazinov-razrabotal-shemu-sokrytija-vyruchki-548866-2023/
[2] https://zviazda.by/be/tags/kamitet-dzyarzhkantrolya
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/magazin