Беларусь і Свярдлоўская вобласць дамовіліся аб развіцці супрацоўніцтва ў сферы энергетыкі. Сумесныя праекты абмяркоўваліся 28 сакавіка на сустрэчы міністра энергетыкі Беларусі Віктара Каранкевіча з першым намеснікам губернатара Свярдлоўскай вобласці Расіі Аляксеем Шмыковым, паведамілі [1] ў прэс-службе Мінэнерга.
Беларусь і Свярдлоўскую вобласць звязваюць моцныя гандлёва-эканамічныя і кааперацыйныя сувязі, у тым ліку ў энергетычнай галіне. Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, колькасць сумесных праектаў з рэгіёнам, які з’яўляецца найбуйнейшым прамысловым цэнтрам Расіі, адным з лідэраў па дынаміцы эканамічнага развіцця ў краіне, пашыраецца. «Неабходна і далей паглыбляць наша супрацоўніцтва, магчымасці для гэтага ёсць», — адзначыў міністр.
Канкрэтныя напрамкі двухбаковага ўзаемадзеяння разгледжаны на паседжанні рабочай групы Міністэрства энергетыкі Беларусі і ўрада Свярдлоўскай вобласці, якое адбылося сёння ў Мінэнерга. Як адзначыў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк, Беларусь зацікаўлена як у далейшай арганізацыі паставак энергетычнага абсталявання са Свярдлоўскай вобласці ў Беларусь, так і ў рэалізацыі праектаў па сумеснай вытворчасці запасных частак і вузлоў, у тым ліку з удзелам Уральскага турбіннага завода.
«Асаблівую ўвагу нам неабходна надаць імпартазамяшчэнню, вырашыць пытанні па газавых турбінах. У нашай краіне рэалізуюцца праекты па будаўніцтве і рэканструкцыі падстанцый, гатовыя больш актыўна працаваць з вашымі вытворцамі і па электратэхнічным абсталяванні», — сказаў намеснік міністра.
Мінэнерга Беларусі гатова прапанаваць паслугі спецыялізаваных арганізацый у праектаванні, будаўніцтве, рамонце і наладцы аб’ектаў энергетыкі як на тэрыторыі Расіі, так і ў трэціх краінах.
Акрамя гэтага, узаемавыгадным можа быць двухбаковае супрацоўніцтва ў газавай галіне. У Свярдлоўскай вобласці рэалізуецца маштабная праграма газіфікацыі: Беларускія газазабеспячальныя арганізацыі маюць неабходны вопыт па будаўніцтве газаправодных сетак і могуць удзельнічаць у адпаведных праектах. У якасці магчымай сферы ўзаемадзеяння таксама названа тарфяная прамысловасць. Акрамя таго, Мінэнерга Беларусі зацікаўлена ў далейшым вывучэнні вопыту расійскіх калег у галіне абыходжання з радыеактыўнымі адходамі.
Фота: Мінэнерга
Спасылкі
[1] https://minenergo.gov.by/press/glavnye-novosti/belarus-i-sverdlovskaya-oblast-rossii-dogovorilis-o-razvitii-sotrudnichestva-v-sfere-energetiki/
[2] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-energetyki
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/rasiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/supracounictva