У футболе ёсць трэнеры звычайныя, а ёсць — унікальныя, якіх па ўсім белым свеце адзінкі. Галоўны трэнер беларускай зборнай па міні-футболе сярод інвалідаў па зроку Анатоль Іванавіч Усенка — адзін з такіх спецыялістаў. Ён не ўтойвае, што ўжо даўно мог бы працаваць за мяжой, але, разам з тым, не можа ўявіць, як застанецца без сваіх падапечных — пяціразовых чэмпіёнаў свету і чатырохразовых чэмпіёнаў Еўропы! Сустрэчу з карэспандэнтам "Звязды" Анатоль Іванавіч пачаў з чытання цудоўнага верша, які напісаў нашым тытулаваным футбалістам адзін заўзятар каманды. Верш пра тое, што галоўнае бачыцца сэрцам, а не вачамі…
Усенка Анатоль Іванавіч — нарадзіўся 14 чэрвеня 1948 года.
Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і Вышэйшую школу трэнераў (Масква).
Галоўны трэнер беларускай зборнай па міні-футболе сярод інвалідаў па зроку — пяціразовых чэмпіёнаў свету (1998 г., 2002 г., 2004 г., 2007 г., 2011 г.) і чатырохразовых чэмпіёнаў Еўропы (2001 г., 2007 г., 2009 г., 2012 г.)
Чэмпіён СССР 1982 г., бронзавы прызёр чэмпіянату СССР-1983 у складзе "Дынама" (Мінск).
Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь.
Ганаровы грамадзянін Пухавіцкага раёна.
Узнагароджаны Ордэнам Пашаны, медалём НАКа "За выдатныя заслугі", лаўрэат прэміі "Гордасць нацыі".
Першым чынам — дысцыпліна!
— Напэўна, я так пранікся да сваіх хлопцаў, таму што ў самога было далёка не бясхмарнае дзяцінства. З шасці гадоў выхоўваўся ў Чэрвеньскім дзіцячым доме. Там і пачаў займацца футболам у Леаніда Міхайлавіча Корзуна. Потым пераехаў у Мазыр, наведваў заняткі ў вучылішчы і паралельна гуляў за дзіцяча-спартыўную школу. Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, я спыніўся на трэнерскай працы. Хаця тады выпускнікоў дзіцячых дамоў без экзаменаў прымалі ў вышэйшыя ваенныя вучылішчы. Але мне не падабалася ваенная форма (усміхаецца). Вось і вырашыў застацца ў футболе. Тым не менш, калі скончыў універсітэт фізкультуры, як і належыць, адслужыў у арміі. А пасля працягнуў займацца любімай справай: працаваў з маленькімі дзеткамі, трэніраваў футбольную каманду на заводзе. Потым лёс звёў мяне з нашым легендарным трэнерам Эдуардам Васільевічам Малафеевым. Ён прапанаваў мне папрацаваць у футбольным клубе "Дынама" (Мінск). За восем гадоў працы з камандай мы сталі чэмпіёнамі, а потым яшчэ і бронзавымі прызёрамі Савецкага Саюза. Затым я два гады вучыўся ў Вышэйшай школе трэнераў у Маскве, трэніраваў каманду майстроў... Быў у мяне і невялікі перапынак у дзейнасці. І вось у сярэдзіне 1990-х мне прапанавлі патрэніраваць каманду футбалістаў з захворваннямі зроку.
— Памятаеце першыя трэніроўкі?
— Як зараз! Калі хлопцы ў самы першы раз прыйшлі да мяне і я глянуў, як яны гуляюць у футбол, адразу захацеў адмовіцца. Але штосьці мяне спыніла. Уявіце, згадзіцца на прапанову, падарыць людзям надзею, а праз паўтары гадзіны адмовіцца — гэта зусім не па-людску. Вось і пачалі трэніравацца, трэніравацца і трэніравацца... Я сам перавучваўся, бо перайшоў з вялікага футбола ў маленькі (у камандзе па інвафутболе — 5 чалавек, і пляцоўка значна меншая. — Аўт.). Перапрацоўваў сістэму трэніровак з улікам цяжкіх захворванняў хлопцаў, карэктаваў нагрузкі. Было цяжка і з педагагічнага пункту гледжання, бо ўсе падапечныя з розных гарадоў. Я мог кантраляваць толькі тых хлопцаў, якія знаходзіліся побач. А іншыя? Скажуць, што ўсё добра, трэніруюцца, а насамрэч прыйшлі ў залу, паўгадзіны паганялі з мячом... Але ж гэта не трэніроўкі. Так што прыходзілася і з такім змагацца.
— Як праходзіў адбор у каманду?
— Бралі толькі тых, хто быў гатовы шмат трэніравацца і паказваць вынік. Бо сярод кандыдатаў знаходзіліся і звычайныя гультаі, якія хацелі ездзіць на зборы, каб проста пакрасавацца. Зразумела, што ад такіх кадраў мы адмаўляліся. Мая філасофія такая: чалавек павінен ведаць, чаго ён хоча ад жыцця. Цяжка працаваць і займацца футболам — тады толькі працуй, можаш сумяшчаць трэніроўкі і працу — тады сумяшчай. Звычайны натуральны адбор. Затое я шчаслівы за сваіх хлопцаў, якія калісьці пераадолелі гэты адсеў і з якімі мы прайшлі вельмі цяжкі шлях. Сапраўды імі ганаруся, бо ўсе яны атрымалі вышэйшую адукацыю, знайшлі працу, стварылі сем'і, нарадзілі дзяцей.
— Ваш уласны прыклад шмат у чым паўплываў на падапечных?
— Хочацца так думаць. З самага пачатку дамовіліся з хлопцамі, што я — трэнер, а не пастух. Дысцыпліна павінна быць ва ўсім: на футбольным полі і па-за яго межамі, па стаўленні да мяне і да сваёй сям'і.
Небяспечны занятак
— Чаму футбол сярод людзей з хваробамі зроку не ўваходзіць у паралімпійскую праграму?
— Так склалася, што наш від спорту з самага пачатку не з'яўляўся паралімпійскім. Планавалася, што да Алімпіяды ў Лондане сітуацыя зменіцца. Але не спрацаваў алімпійскі прынцып: на некаторых кантынентах дагэтуль няма падобных футбольных каманд — у Афрыцы, напрыклад. Зараз у паралімпійскую праграму ўваходзіць толькі футбол сярод татальна сляпых. Але ў Беларусі гэты від не вельмі развіты. Каб прабіцца на Паралімпіяду, зборная павінна добра выступаць на кантынентальных і сусветных першынствах. А беларуская каманда сярод татальна сляпых, на маёй памяці, толькі раз удзельнічала ў чэмпіянаце Еўропы. І больш я пра гэтых хлопцаў нічога не чуў. Адкуль? У нас жа не праводзіцца чэмпіянат краіны па футболе сярод татальна сляпых.
— А што датычыцца чэмпіянату Беларусі па футболе сярод людзей з асаблівасцямі зроку?
— Наш чэмпіянат слабее. Раней у ім выступала 12 каманд, а зараз ледзь набіраем пяць. Справа ў тым, што закрываецца шмат прадпрыемстваў, дзе працуюць інваліды, а дзіцяча-спартыўных школ, у якіх займаюцца дзеці з асаблівасцямі зроку, увогуле няма. Ёсць школы-інтэрнаты. Але бацькі іх навучэнцаў забараняюць сваім сынам на прафесійным узроўні займацца футболам. Гэта, безумоўна, можна зразумець. У гэтых хлопчыкаў вельмі сур'ёзныя захворванні, яны ў любы момант могуць стаць цалкам сляпымі.
— Што можа змяніць стаўленне бацькоў такіх дзяцей да інваспорту?
— Важна зразумець, што праз спорт (напрыклад, футбол, валейбол ці баскетбол) такія дзеці праходзяць рэабілітацыю — як сацыяльную, так і фізічную. Нездарма кажуць, што рух — гэта і ёсць жыццё. Але мала хто думае гэтак жа. Часам даводзіцца чуць, у тым ліку і ад чыноўнікаў, што інвалід павінен ляжаць у ложку і нічога не рабіць. Мне, як галоўнаму трэнеру, які па макулінках збіраў сваю каманду, крыўдна чуць падобныя словы.
У адным флаконе
— Раскажыце, як праходзіць ваш трэніровачны дзень?
— Трэба зразумець, што мы трэніруемся тады, калі нам выдзяляюць залу. Часцей за ўсё гэта ў восем гадзін раніцы ці ў дзесяць вечара. Уявіце, футбаліст прачынаецца, ідзе на працу, вяртаецца дадому, вячэрае — і адпраўляецца на трэніроўку. У выніку дадому галава сямейства вяртаецца апоўначы. Жонка не бачыць мужа, дзеці — бацьку. У гэтым плане я яшчэ выконваю функцыі сямейнага псіхолага. Нярэдка даводзіцца ўгаворваць жонак маіх футбалістаў дазволіць ім працягваць займацца спортам. А была б нейкая трэніровачная база — не існавала б такіх праблем. Я ўжо не кажу пра тое, што ў нас няма ўрачоў. Хлопцы гуляюць у футбол з такімі цяжкімі захворваннямі, рызыкуюць стратай зроку, а на пляцоўцы няма медперсаналу! Так і атрымліваецца, што я і трэнер, і менеджар, і ўрач, і псіхолаг — усё ў адным флаконе.
— Вы пабывалі не на адным чэмпіянаце свету і Еўропы, бачылі каманды з іншых краін. Стаўленне да вашага віду спорту ў Беларусі і за мяжой значна адрозніваецца?
— Безумоўна. Не скажу, што замежныя каманды маюць больш сур'ёзную падтрымку ад дзяржавы. Мабыць, яна таксама невялікая, але... проста іншая. Там дапамагаюць інваспартсменам не дзеля адмашкі, а дзеля таго, каб яны адчувалі сябе роўнымі сярод роўных. У нас жа, пакуль не абаб'еш усе парогі, падтрымкі не пабачыш. А часам і забегі па кабінетах не дапамагаюць. Напрыклад, сёлета не знайшлося сродкаў, каб адправіць каманду на планетарнае першынство. А мы ж рыхтаваліся, трэніраваліся, праводзілі рэабілітацыю за ўласныя грошы! Гэта ўсё адно, што паабяцаць сыну ці дачцэ паездку на мора, а потым сказаць: "Ты нікуды не паедзеш". Слёзы, крыўда, неразуменне. Але больш за ўсё я не разумею, чаму пяціразовым чэмпіёнам свету дагэтуль не прысвоілі звання заслужаных спартсменаў краіны. Па законе належыць! Між тым дакументы на прысваенне гэтых званняў ужо два гады ляжаць у Міністэрстве спорту. Не ведаю, якімі словамі тлумачыць хлопцам, чаму так адбываецца.
— Таксама вы трэніруеце футбалістаў з праблемамі па слыху...
— Так. Зараз у мяне такіх 40 чалавек. Ведаеце, першыя пяць месяцаў трэніровак думаў, што з глузду з'еду. Калі мае хлопцы дрэнна бачаць, але чуюць без праблем, то гэтыя футбалісты амаль нічога не чуюць і, адпаведна, мала што разумеюць. Спачатку даводзілася літаральна вадзіць іх за ручку і на пальцах тлумачыць, як гуляць у нападзенні, як дзейнічаць у абароне. Я заўсёды кажу: не бывае футбола без памылак, як не бывае і жыцця без памылак. Зараз мае новыя байцы нарэшце пачалі перамагаць. Дык у мяне душа спявае!
Каманда без будучыні?
— Адной з праблем інвафутбола вы называлі адсутнасць новага пакалення спартсменаў. Атрымліваецца, што ў каманды няма будучыні?
— Баюся, што так і ёсць. Многім маім хлопцам ужо за трыццаць гадоў. Колькі яны яшчэ змогуць займацца футболам на высокім узроўні? Год, два, тры... А што потым? Пераемнікаў няма. Я ўжо казаў, што бацькі неахвотна адпускаюць сваіх дзяцей у прафесійны спорт. Але тут справа яшчэ і ў тым, што ў сучасных дзяцей — іншыя інтарэсы: камп'ютары, мабільныя тэлефоны, планшэты. Фізічная культура ўжо не тое што на другім плане... добра, калі не на дзясятым! І гэта датычыцца як здаровых дзяцей, так і тых, хто мае некаторыя абмежаванні.
— Раскажыце, калі ласка, ці атрымлівае ваша каманда спонсарскую дапамогу?
— Так. Свет усё ж такі не без добрых людзей. Але хачу сказаць, што нас падтрымліваюць не толькі буйныя прадпрыемствы.
У апошні час камандзе шмат дапамагала Беларуская федэрацыя футбола, за што асобна "вялікі дзякуй" былому прэзідэнту федэрацыі Генадзю Мікалаевічу Нявыгласу. Нам аплачвалі пераезды-пералёты на спаборніцтвы, давалі сутачныя, налічалі прэміі. Што датычыцца спонсарскай падтрымкі, то яна ёсць. Хтосьці купіць некалькі мячоў, хтосьці — камплект формы. З экіпіроўкай нам вельмі дапамагае кампанія "Umbrо". Атрымлівалі садзейнічанне ад "Макдональдса". Яны выдавалі талоны на харчаванне, і хлопцы маглі там без праблем абедаць. Але, безумоўна, падтрымка магла б быць больш адчувальнай. Ведаеце, у мяне шмат праектаў і задумак, былі б толькі магчымасці для іх рэалізацыі. Напрыклад, я шмат езджу па Мінскай вобласці, праводжу майстар-класы і таварыскія матчы для дзяцей-сірот, навучэнцаў інтэрнатаў для інвалідаў. Зразумела, што ўсё гэта за ўласны кошт. Зараз я мару аб тым, каб знайсці неабыякавага чалавека, які б мог, напрыклад, аплаціць транспарт, каб навучэнцы мінскай школы інвалідаў па зроку ці па слыху маглі б з'ездзіць у Гродна і сыграць таварыскі матч з мясцовымі хлопцамі. Гэта ж папулярызацыя футбола!
"Раблю людзей шчаслівымі!"
— Безумоўна, ёсць. Па-першае ўсё дзякуючы таму, што мы ўжо на працягу шасці гадоў прымаем удзел у чэмпіянаце горада сярод здаровых людзей. І каманда там не на апошніх ролях. Калі ў першынстве ўдзельнічаюць 33 дружыны, то мае хлопцы займаюць трынаццатае месца. Па-другое, за сямнаццаць гадоў існавання ў каманды, вядома, з'явіліся сябры. Калі мы прыязджаем на спаборніцтвы, нас пазнаюць, некаторыя нават па-добраму зайздросцяць, што каманда без нейкіх фантастычных умоў дабіваецца такіх поспехаў.
— Атрымліваеце задавальненне ад таго, чым займаецеся?
— Яшчэ як! Ведаеце, нягледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды, я шчаслівы трэнер. Бо за гэтыя гады было шмат момантаў, калі прыходзіла разуменне, што ўсё нездарма. Напрыклад, калі заканчваецца матч і мы становімся чэмпіёнамі свету ці Еўропы. У гэтыя хвіліны я гляджу кожнаму ў вочы. Вы б бачылі, як яны блішчаць! Няма ніякіх праблем, хвароб, толькі вялікая радасць і асэнсаванне таго, што ты НАЙЛЕПШЫ.
— Тым не менш прыходзіцца спускацца з нябёсаў на зямлю — да цяжкасцяў, перашкод і непаразумення. Адкуль бяруцца сілы і жаданне працягваць займацца гэтай нялёгкай справай?
— Я не ведаю. Вось такі я. Прачынаюся раніцай і адразу пачынаю думаць, дзе знайсці лячэнне для хлопцаў, як здабыць пляцоўку для трэніровак... Але я працую не проста так. Працую, каб рабіць людзей шчаслівымі.
І сапраўды не разумею, чаму людзі развучыліся рабіць адно аднаму дабро.
Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/sport
[2] https://zviazda.by/be/sport-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/zvyazda
[5] https://zviazda.by/be/tags/anatol-usenka