Выклікаць яшчэ нязвыклае для Беларусі таксі можна будзе, набраўшы нумар 107. А перад паездкай пасажыру належыць апрануць спецыяльную экіпіроўку, якая складаецца са шлема, курткі і пальчатак.
— Матацыклы ў якасці таксі — гэта хутчэй магчымасць развеяцца і атрымаць новыя ўражанні, — адзначыў аўтар ідэі, дырэктар таксі "Бертэль" Сяргей Бертэль, які сам захапляецца матацыкламі. — Спачатку замовы на мотатаксі будуць рабіцца загадзя, але пасля завяршэння тэставага перыяду матацыкл будзе падавацца кліенту за той жа час, што і звычайнае таксі, за 5-7 хвілін. Але асаблівага даходу ад гэтай паслугі мы не чакаем. Гэта больш прапаганда байкерскага руху, магчымасць для тых, хто захапляецца матацыкламі, пакатацца з байкерам і адчуць атмасферу свабоды і драйву.
Па інфармацыі з сайта "Блог Гродна", кожны матацыкл у сярэднім каштуе 20 тысяч долараў, да таго ж расход паліва у гэтых транспартных сродкаў большы, чым у аўтамабіляў, таму кошт, адпаведна, вышэйшы, чым паслугі звычайнага таксі. Аплата будзе пагадзінная, без уліку кіламетражу. Так, за 15 хвілін паездкі давядзецца заплаціць 80 тысяч рублёў. Як сцвярджаюць аўтары ідэі, гэтага часу дастаткова, каб нават пры моцных заторах праехаць праз увесь горад. Паколькі ў Беларусі не ўвесь год спрыяльны для мотапрагулак, то новы сэрвіс, хутчэй за ўсё, будзе даступны для кліентаў з мая па кастрычнік. Для работы патрабуецца спраўны матацыкл з тэхаглядам, а вадзіцельскі стаж байкера павінен перавышаць 2 гады.
Ганна ГАРУСТОВІЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/rozgalas