Сёння стартуе Сусветны тыдзень груднога кармлення. Штогод мерапрыемства праходзіць больш як у 120 краінах свету, у тым ліку ў Беларусі.
Уплыў груднога кармлення на здароўе і развіццё дзяцей добра вывучаны. Наўрад ці хоць адзін спецыяліст аспрэчыць той факт, што грудное малако з'яўляецца ідэальным харчаваннем для немаўлят, забяспечвае іх усімі неабходнымі рэчывамі і абараняе ад небяспечных захворванняў. Некаторыя замежныя вучоныя даказалі ўзаемасувязь груднога кармлення і здароўя жанчыны, працяглай лактацыі і зніжэння рызыкі развіцця дыябету, гіпертэнзіі, павышанага ўзроўню халестэрыну, метабалічнага сіндрому і кардыяваскулярных захворванняў. Ёсць і даныя аб тым, што кормячыя матулі лягчэй вяртаюцца да сваёй ранейшай вагі, чым тыя, што не пачынаюць грудное кармленне.
Грудное кармленне зніжае рызыку раку, у тым ліку анкалагічных захворванняў рэпрадуктыўнай сістэмы. Амерыканскія вучоныя сцвярджаюць, што рызыка ўзнікнення раку грудзей зніжаецца ў кормячых маці на 25 працэнтаў.
Акрамя таго, лактацыя змяншае рызыку ўзнікнення анкалагічных захворванняў маткі і яечнікаў.
А вось пытанне аптымальнай працягласці лактацыі з пункту гледжання здароўя маці пакуль абмяркоўваецца. Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе карміць дзяцей грудным малаком да 2 гадоў і больш (разам з належным прыкормам). Аднак аўстралійскія вучоныя ўстанавілі, што на лактацыю траціцца каля 30 працэнтаў сутачнай патрэбы жанчыны ў энергіі, а гэта больш, чым траціцца на падтрымку мазгавой дзейнасці. Спецыялісты кафедры акушэрства, гінекалогіі і рэпрадуктыўнага здароўя Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі мяркуюць, што працягваць грудное кармленне больш за 1 год немэтазгодна. Цяжарнасць і лактацыя ўсё ж такі звязаны са стратамі арганізмам кальцыю, што павялічвае рызыку развіцця астэапарозу. Таму кормячая маці павінна праводзіць прафілактыку гэтага захворвання. Дзіця ж у год ужо гатова атрымліваць іншую ежу. А яго матулі неабходна аднавіць сілы. Ахвяраваць здароўем маці не варта. Паняцці "здароўе маці" і "здароўе дзіцяці" — непадзельныя.
Святлана БАРЫСЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[5] https://zviazda.by/be/tags/susvetny-tydzen-grudnoga-karmlennya
[6] https://zviazda.by/be/tags/amerykanskiya-vuchonyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/susvetnaya-arganizacyya-ahovy-zdarouya
[8] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-medycynskaya-akademiya-paslyadyplomnay-adukacyi