У пятніцу на тэрыторыю нашай краіны будуць паступаць вільготныя паветраныя масы з Балтыйскага мора, паведаміла рэдакцыі спецыяліст Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Вольга Фядотава.
Удзень чакаюцца кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах магчымы навальніцы. Максімальная тэмпература паветра — 18—24 цяпла. У выхадныя прагназуецца павышаны атмасферны фон. Аднак у суботу на ўсходзе краіны яшчэ будзе гаспадарыць вільготнае паветра з Балтыкі. Таму 3 жніўня па ўсходнім рэгіёне Беларусі будуць назірацца кароткачасовыя дажджы. На астатняй тэрыторыі — без ападкаў. Тэмпература паветра ў ноч на суботу 10—15 цяпла, удзень ад плюс 18 па паўночным усходзе да плюс 28 па паўднёвым захадзе Беларусі.
У нядзелю чакаецца ўвогуле без ападкаў. Аднак месцамі па Магілёўскай і Гомельскай абласцях магчымы слабенькія кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Стане цяплей. Уначы будзе ўжо 11—16, удзень — плюс 22—27, а па паўднёвым захадзе нават да плюс 29 градусаў.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у панядзелак уначы будзе без ападкаў, а ўдзень у асобных раёнах непрацяглыя дажджы і навальніцы. Стане яшчэ цяплей. У ноч на панядзелак чакаецца 12—17, удзень — 24—29, а па паўднёвым захадзе Брэсцкай вобласці да плюс 30 градусаў. Сіноптыкі лічаць, што ў сярэдзіне наступнага тыдня нас увогуле чакае спякотнае надвор'е, калі максімальная тэмпература паветра ўдзень будзе дасягаць 26—33 градусаў.
Сяргей КУРКАЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/rozgalas