Нараджацца новаму заўсёды няпроста. Гэта тычыцца не толькі жывых істот, рэлігій, грамадскіх фармацый, але і інтэграцыйных утварэнняў. Тое, наколькі цяжка і балюча адбываюцца працэсы ўтварэння Еўразійскага эканамічнага саюза, выразна адчувалася на "круглым стале" Міжнароднага форуму "Еўразійская эканамічная перспектыва", які адбыўся 12 чэрвеня ў Авальнай зале Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Нездарма прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч падзякаваў удзельнікам сустрэчы за смеласць, а яго апанент з наднацыянальнага органа АЭП Таццяна Валавая — за адкрытасць.
Цікава, што, нягледзячы на абмеркаванне праблемных і спрэчных пытанняў, выступленні прадстаўнікоў краін, якія пакуль толькі збіраюцца далучыцца да "тройкі" або прыглядаюцца да яе, былі напоўнены захапленнем і аптымізмам, нават змяшчалі папрок у дарэмных скаргах і паніцы з боку астатніх удзельнікаў. Між тым "сухі астатак" ад пачутага не пакінуў сумненняў у тым, што "дзіця" нараджаецца жывым і з характарам.
Не толькі эканоміка
Гэта другая падобная сустрэча: першая адбылася ў красавіку ў Санкт-Пецярбургу. "Цяпер форум будзе насіць рэгулярны характар, яго задача — фарміраванне грамадскай платформы прыхільнікаў інтэграцыі", — сказаў, адкрываючы сустрэчу,старшыня Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі Сяргей НАРЫШКІН. Ён назваў чатыры асноўныя праблемы на шляху Еўразійскай інтэграцыі: маніторынг выкананых і нявыкананых задач у сферы свабоднага руху тавараў, працоўнай сілы, капіталу і паслуг на тэрыторыі АЭП; пашырэнне ўзаемадзеяння дзяржаў за кошт гуманітарнага, інфармацыйнага, культурнага, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, а таксама ў сферах экалогіі і адукацыі; абмежаванне функцыянальных звёнаў будучага Еўразійскага эканамічнага саюза Еўрапейскай эканамічнай камісіяй
і Вышэйшым эканамічным саветам; карэкціроўка нарматыўна-прававой базы ЕўрАзЭС у сувязі з утварэннем Еўразійскага эканамічнага саюза.
Спікер Расійскай Дзярждумы падкрэсліў, што Еўразійская інтэграцыя адкрытая для іншых краін. Кыргызстан ужо вызначыўся і падаў заяўку на ўступленне ў Мытны саюз, Украіна пакуль назірае. "Аднак Расію, Беларусь і Казахстан звязвае з Украінай значна больш, чым проста ўзаемныя эканамічныя інтарэсы, — сказаў ён. — І упэўнены, што ад паўнацэннага ўдзелу Украіны ў Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы, безумоўна, выйграюць народы ўсіх нашых дзяржаў".
Зразумеласць
У сваю чаргу першы намеснік старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка звярнуў увагу на тое, што важна паказаць людзям, якую практычную карысць дае еўразійская інтэграцыя.
— Гаворачы аб інтэграцыі, я б вельмі хацеў, каб прыярытэт паступова зрушваўся на яшчэ адзін важны аспект — сацыяльную накіраванасць, — сказаў ён. — Ад ступені падтрымкі грамадзян нашых дзяржаў ідэі інтэграцыі, разумення яе як унікальнага шанцу, што адкрывае прынцыпова новыя магчымасці, у многім залежыць лёс інтэграцыйнага працэсу.
Спікер ніжняй палаты беларускага парламента заявіў, што фарміраванне да 2015 года Еўразійскага эканамічнага саюза ў фармаце, агавораным лідарамі краін у Астане, з удзелам Кыргызстана і Украіны ў якасці назіральніка, будзе мець найсур'ёзны геапалітычны эфект.
Узгодненасць
Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч выказаўся за тое, каб стварэнне дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе складалася з інстытуцыянальнай і кадыфікаванай частак.
— Ёсць вялікая ступень рызыкі і вялікія сумненні ў тым, што ў адведзены перыяд (а гэта фактычна да 1 студзеня 2015 года) бакі дамовяцца па ўсіх прынцыповых пытаннях, таму што ёсць розныя падыходы і ў пытаннях глыбіні інтэграцыі, тэрмінах рэалізацыі тых ці іншых мерапрыемстваў. У тым ліку, напрыклад, размова ідзе аб стварэнні адзінай чыгуначнай карпарацыі, адзінай энергасістэмы, адзінай міграцыйнай палітыкі і многіх іншых, — папярэдзіў кіраўнік беларускага ўрада.
Міхаіл Мясніковіч прапанаваў распрацаваць мадэльны закон аб прамысловай палітыцы Саюзнай дзяржавы, надаць вырабленым у Мытным саюзе таварам і паслугам асаблівы статус, а Еўразійскай эканамічнай камісіі курыраваць перагаворы краін Мытнага саюза з СГА. Выказаўся беларускі прэм'ер і за стварэнне адзіных органаў кіравання міждзяржаўных аб'яднанняў электраэнергетычных сістэм.
Прэм'ер-міністр таксама адзначыў важнасць навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва ў АЭП. Глабальнай канкурэнтаздольнасці краіны "тройкі" могуць дасягнуць з апорай на айчынны інавацыйны патэнцыял з магутнай сістэмай даследаванняў і распрацовак. Сфакусіраваць увагу трэба на невялікай колькасці прарыўных напрамкаў. "На гэтай аснове лічу магчымым распрацаваць і прыняць мадэльны закон аб навукова-тэхнічным і інавацыйным супрацоўніцтве спачатку Саюзнай дзяржавы, а потым і, магчыма, нашай "тройкі", — сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Дарогі
Пра неабходнасць стварэння на еўразійскай прасторы высакахуткасных транспартных шляхоў казаў падчас "круглага стала"дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгор РАПОТА. Ён падкрэсліў, што аснова інтэграцыі — гэта эканоміка, і да той пары, пакуль па нашых дарогах цяжкія фуры будуць рухацца з хуткасцю 250 км за суткі (а ў Еўропе — 750 км, у ЗША — больш як 1 тыс. км), пакуль мы не створым высакахуткасныя шляхі праз усю тэрыторыю еўразійскай супольнасці, гаварыць пра далейшую эфектыўную інтэграцыю складана.
Пра стварэнне цэласнай прамысловай палітыкі ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы паведаміў член калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі, міністр па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Сяргей Сідорскі: "На жаль, мы сутыкнуліся з тым, што Беларусь бачыць прамысловую палітыку як адзіную, Казахстан пакуль не адказаў на гэтае пытанне, а Расія выступае за ўзгодненую прампалітыку".
Еўразійская эканамічная камісія выпрацавала дакумент пад назвай "Аб асноўных напрамках каардынацыі нацыянальных прамысловых палітык Беларусі, Казахстана, Расіі", які з 31 мая 2013 года дзейнічае ў АЭП. "Мы выставілі базавыя прапановы, якія сёння бачаць нацыянальныя эканомікі", — патлумачыў Сяргей Сідорскі. ЕЭК узялася прааналізаваць нацыянальныя праграмы. Размова ідзе аб праграмах на кароткатэрміновую і доўгатэрміновую перспектывы па развіцці прамысловасці ў трох краінах.
Назіральнікі
— Тэма "круглага стала" вельмі цікавая для Украіны, — расказаў журналістам Валерый Мунціян, упаўнаважаны Урада Украіны па пытаннях супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй, краінамі СНД, ЕўрАзЭС і іншымі рэгіянальнымі аб'яднаннямі. — Украіна зараз павінна правільна зрабіць свой выбар. Мы падлічылі, што самы вялікі каэфіцыент інтэграцыйнай сумяшчальнасці Украіна мае менавіта з краінамі Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. У нас з краінамі Мытнага саюза самы вялікі аб'ём таваразвароту — $65 млрд. І што б палітыкі ні казалі, іншага такога рынку няма. Людзі хочуць мець заробак, працоўныя месцы і будучыню. Да таго ж па структуры таваразвароту самая вялікая доля тавараў з дабаўленай вартасцю таксама прыпадае на краіны Мытнага саюза. Еўропа не надта купляе ўкраінскія самалёты, трансфарматары, станкі, кампрэсары. Згодна з нашым аналізам, экспартны патэнцыял Украіны ў Расійскай Федэрацыі выкарыстоўваецца толькі на 27 працэнтаў, гэта значыць, у нас рэзерв — 73 працэнты! Ва ўмовах глабальнага фінансавага крызісу гэта вельмі важны фактар.
Суверэнітэт
Для таго, каб выканаць даручэнні лідараў трох краін аб стварэнні да 1 студзеня 2015 года свабоднай эканамічнай прасторы без выключэнняў і абмежаванняў, Еўразійская эканамічная камісія распачала збор і аналіз усіх перашкод і дыскрымінацый, з якімі сутыкаецца бізнес, капітал і простыя грамадзяне трох краін.
— Нам трэба выявіць усё, што не з'яўляецца адзіным, усё, дзе маецца дыскрымінацыя па нацыянальнай прыкмеце, і прапанаваць захады па ліквідацыі такой практыкі, — сказала ў інтэрв'ю "Звяздзе" член калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі, міністр па асноўных кірунках інтэграцыі і макраэканоміцы Таццяна Валавая. — Мы збіраемся стварыць Белую кнігу — пералік выключэнняў, і заклікаем бізнес, грамадзян і экспертную суполку да ўдзелу ў гэтай працы.
У сваім дакладзе Таццяна Валавая настойвала на неабходнасці бесперапыннай інтэграцыі. На пытанне "Звязды", наколькі гэта пагражае нацыянальнаму суверэнітэту краін-удзельніц, яна адказала:
— Мы ўжо адмовіліся ад суверэнітэту. Уступіўшы ў СГА, кожная краіна страчвае частку свайго суверэнітэту. Зараз у свеце няма суверэнных дзяржаў. Розніца толькі ў тым, што мы свой суверэнітэт аддаём добраахвотна, нас ніхто не заваёўвае. Мы свае кампетэнцыі перадалі, даверылі, разумеючы, што калектыўнае кіраванне лепш. У адзіночку мы ўвогуле несуверэнныя, але калі мы разам, мы вяртаем свой суверэнітэт назад, ужо на калектыўнай аснове. Утрох мы больш суверэнныя, хоць аддалі частку свайго суверэнітэту пэўнаму наднацыянальнаму органу. Але кожная краіна кантралюе гэты працэс, мы можам нешта паправіць, змяніць, нарэшце, усё адмяніць, але гэта — наш добраахвотны выбар.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] http://zviazda.by/be/news/20130806/1375803410-euraziyski-ekanamichny-sayuz-yak-adstoyvanne-ulasnyh-intaresau#
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[5] https://zviazda.by/be/tags/zvyazda
[6] https://zviazda.by/be/tags/ukraina
[7] https://zviazda.by/be/tags/sankt-pecyarburg
[8] https://zviazda.by/be/tags/kazahstan
[9] https://zviazda.by/be/tags/rasiyskaya-federacyya
[10] https://zviazda.by/be/tags/eurazes
[11] https://zviazda.by/be/tags/mytny-sayuz
[12] https://zviazda.by/be/tags/parlamencki-shod-sayuza-belarusi-i-rasii
[13] https://zviazda.by/be/tags/sayuznaya-dzyarzhava
[14] https://zviazda.by/be/tags/rygor-rapota
[15] https://zviazda.by/be/tags/adzinaya-ekanamichnaya-prastora
[16] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-andreychanka
[17] https://zviazda.by/be/tags/mihail-myasnikovich
[18] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-valavaya
[19] https://zviazda.by/be/tags/euraziyskaya-ekanamichnaya-perspektyva
[20] https://zviazda.by/be/tags/euraziyski-ekanamichny-sayuz
[21] https://zviazda.by/be/tags/syargey-naryshkin
[22] https://zviazda.by/be/tags/eurapeyskaya-ekanamichnaya-kamisiya
[23] https://zviazda.by/be/tags/vysheyshy-ekanamichny-savet
[24] https://zviazda.by/be/tags/kyrgyzstan
[25] https://zviazda.by/be/tags/syargey-sidorski
[26] https://zviazda.by/be/tags/valeryy-munciyan
[27] https://zviazda.by/be/tags/belaya-kniga