Генеральны дырэктар ДВА "Мінскбуд" Мікалай Мілашэўскі лічыць, што адмена заяўнага прынцыпу выдзялення ў сталіцы зямлі пад будаўніцтва шматкватэрных дамоў камерцыйнымі забудоўшчыкамі не павінна справакаваць рэзкага падаражання кошту жылля.
Кіраўнік будаўнічай арганізацыі ўпэўнены, што інтарэс да магчымасці сур'ёзнага падаражання жылля ў Мінску
штучна кімсьці падаграваецца.
"Да 2 тысяч долараў за квадратны метр цэны на стандартнае жыллё ў сталіцы не падскочуць, — падкрэсліў ён. — Каб падобнага не адбылося, у Мінску сёлета неабходна пабудаваць 1 млн кв. метраў, у наступным годзе — 1,2 млн. Арэнднае жыллё, якое будуецца ў горадзе, таксама павінна знізіць гэты накал", — дадаў спадар Мілашэўскі.
Раней паведамлялася, што з восені гэтага года ў Мінску і абласных цэнтрах участкі пад будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў, за выключэннем аб'ектаў павышанай камфортнасці, будуць прадастаўляцца без конкурсу толькі мясцовым УКБ. Камерцыйныя забудоўшчыкі павінны будуць удзельнічаць у конкурсе, парадак правядзення якога распрацуе ўрад. Пры гэтым прыватныя кампаніі на працягу года неаднаразова выказвалі сваю занепакоенасць тым, што вылучэнне ім зямель у сталіцы пад будаўніцтва жылля фактычна спынілася, што ў будучыні можа выклікаць дэфіцыт і, адпаведна, падаражанне кошту квадратнага метра.
Мікалай Мілашэўскі паведаміў, што прыватныя забудоўшчыкі змогуць паўнавартасна ўдзельнічаць у будаўніцтве, але пасля таго, як будуць выпрацаваны адпаведныя правілы ў сістэме выдзялення зямель.
Сяргей ПАЛІНІН.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[2] https://zviazda.by/be/rozgalas
[3] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[4] https://zviazda.by/be/tags/syargey-palinin
[5] https://zviazda.by/be/tags/generalny-dyrektar-dva-minskbud-mikalay-milasheuski
[6] https://zviazda.by/be/tags/ukb