Студэнты факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Белдзяржуніверсітэта заваявалі тры медалі на 20-й Міжнароднай матэматычнай студэнцкай алімпіядзе, якая завяршылася ў Балгарыі.
Залатым прызёрам стаў трэцякурснік ФПМІ Сяргей Фінскі, а "серабром" узнагароджаны трэцякурснік Уладзіслаў Стажынскі і студэнт чацвёртага курса Арцём Говараў
. Усяго ў алімпіядзе ўзялі ўдзел больш як 300 студэнтаў з 35 краін свету. Беларусь на гэтых прэстыжных матэматычных спаборніцтвах была прадстаўлена толькі камандай БДУ.
Міжнародная алімпіяда па матэматыцы сярод студэнтаў універсітэтаў праводзіцца, пачынаючы з 1994 года. На працягу двух дзён студэнтам трэба было рашыць 10 задач: кожны дзень па пяць задач, на рашэнне якіх адводзілася пяць гадзін. Задачы ахоплівалі матэматычны аналіз, лінейную і абстрактную алгебру, функцыянальны аналіз, аналітычную геаметрыю, камбінаторыку і тэорыю лічбаў. Рабочай мовай спаборніцтваў з'яўляецца англійская.
Выхаванцы БДУ прымаюць удзел у Міжнароднай матэматычнай студэнцкай алімпіядзе з 2001 года. За гэты час на рахунку БДУ ўжо 37 залатых, 30 сярэбраных і пяць бронзавых узнагарод.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[4] https://zviazda.by/be/tags/fakultet-prykladnoy-matematyki-i-infarmatyki-beldzyarzhuniversiteta
[5] https://zviazda.by/be/tags/mizhnarodnaya-matematychnaya-studenckaya-alimpiyada
[6] https://zviazda.by/be/tags/arcyom-govarau