Да канца верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі працуе выстава "Марцін Лютэр: 530 гадоў з дня нараджэння", прысвечаная жыццю і дзейнасці нямецкага хрысціянскага багаслова і "вялікага рэфарматара". Выстава падрыхтавана сумесна з грамадскім аб'яднаннем нямецкай культуры "Масты", старшынёй якой з'яўляецца пастар лютэранскай царквы Вольга Штокман.
Экспазіцыю складаюць інфармацыйныя матэрыялы ды мастацкія творы, прысвечаныя Марціну Лютэру. І менавіта па іх цікава прасачыць шлях творчай і духоўнай эвалюцыі хрысціянскага багаслова. Ад нараджэння да заканчэння Эрфурцкага ўніверсітэта ў 1505 годзе, ад публікацыі славутых 95 тэзісаў супраць індульгенцый у 1517 годзе да перакладу тэксту Бібліі на нямецкую мову.
Беларусам гэтая выстава павінна быць цікавай асаблівым чынам. Усё-такі менавіта творчасцю і дзейнасцю Марціна Лютэра натхняўся наш выдатны суайчыннік, асветнік і першадрукар Францыск Скарына. Тады, калі ў Вітэнбергу Марцін Лютэр абвясціў 95 тэзісаў супраць індульгенцый, доктар лекарскіх навук Францыск Скарына пачаў у Празе друкаваць кнігі Старога Запавету ў перакладзе на беларускую мову. І наогул, праваслаўныя багасловы сцвярджаюць пра істотны ўплыў ідэй Лютэра на дзейнасць Францыска Скарыны.
Дарэчы, у 2017 годзе споўніцца 500 гадоў з часу выдання Лютэрам сваіх 95 тэзісаў супраць індульгенцый да брамы Замкавай царквы ў горадзе Вінтэнберг. А таму з 2008-га да 2017 г. у Германіі ладзяцца Лютэраўскія дэкады, выставы, спектаклі, дыскусіі ды іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею Рэфармацыі і асобе аднаго з яе галоўных дзеячаў. А Беларусь, такім чынам, таксама ўключана ў ланцужок міжнародных акцый.
Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[3] https://zviazda.by/be/tags/francysk-skaryna
[4] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnaya-bibliyateka-belarusi
[5] https://zviazda.by/be/tags/volga-chaykouskaya
[6] https://zviazda.by/be/tags/vystava-marcin-lyuter-530-gadou-z-dnya-naradzhennya
[7] https://zviazda.by/be/tags/gramadskae-abyadnanne-nyameckay-kultury-masty
[8] https://zviazda.by/be/tags/pastar-lyuteranskay-carkvy-volga-shtokman
[9] https://zviazda.by/be/tags/marcin-lyuter
[10] https://zviazda.by/be/tags/brama-zamkavay-carkvy-u-goradze-vintenberg