Жнівень — гэта хіба не самы пакутлівы месяц для тэатралаў: месяц чакання адкрыцця новага тэатральнага сезона. Кожны беларускі тэатр рыхтуецца да гэтага свята па-свойму. Але адметна, што апошнім часам спектаклем адкрыцця становяцца пастаноўкі беларускіх аўтараў. І нават там, дзе звычайна аддавалі перавагу праверанай часам высокай класіцы...
Што прыемна, нават у Нацыянальным акадэмічным Рускім драматычным тэатры імя Горкага
ёсць такая пастаноўка. Мала таго, тэатр фактычна апярэдзіў іншых, адкрыўшы сезон спектаклем "Пане Каханку" (аўтар А. Курэйчык, рэжысёр С. Кавальчык) у сярэдзіне жніўня. Публіка настолькі зачакалася тэатральных вечароў, што ўсе квіткі былі прададзены, у зале быў аншлаг, напрыканцы — гарачыя авацыі: беларуская тэма ў тэатры Горкага ўспрымаецца з удзячнасцю. Усё-такі гэта нацыянальны тэатр.
І не толькі гэты тэатр ідзе такім шляхам. Нават Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі другі сезон запар імкнецца пачаць беларускім творам. Калі летась ім стала опера "Сівая легенда" (Д. Смольскага, У. Караткевіча, пастаноўка М. Панджавідзэ), то сёлета 5 і 6 верасня мы чакаем прэм'еру балета "Вітаўт" (паводле музыкі В. Кузняцова).
І беларуская класіка на адкрыцці сезона, вядома, будзе. У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Янкі Купалы, згодна з традыцыяй, першай (10 верасня) з гледачамі сустрэнецца "Паўлінка", толькі ўжо абноўленая. Але пастаноўка паводле Янкі Купалы на пачатку сезона (5 верасня) будзе паказана ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі: "Адвечная песня" (пастаноўка С. Кавальчыка). Але ж сучасная драматургія побач: "Тры Жызэлі" (А. Курэйчык, пастаноўка А. Гарцуева) — 6 верасня.
Асабліва засумаваўшым па тэатры гледачам варта паклапаціцца пра квіткі загадзя: нас такіх вельмі шмат!..
Ларыса ЦІМОШЫК.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/larysa-cimoshyk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-teatr
[5] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-akademichny-ruski-dramatychny-teatr-imya-gorkaga
[6] https://zviazda.by/be/tags/spektakl-pane-kahanku
[7] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-akademichny-vyaliki-teatr-opery-i-baleta-belarusi
[8] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-akademichny-dramatychny-teatr-imya-yanki-kupaly