У кабінеце старшыні праўлення грамадскага аб'яднання "Адпачынак у вёсцы" Валерыі КЛІЦУНОВАЙ у вочы кінуўся партрэт Яўгена Будзінаса, які заснаваў музей старадаўніх рамёстваў у Дудутках. Пасля смерці мужа Валерыя распаўсюдзіла ідэю "Дудутак" на ўсю краіну. Сёння менавіта з прозвішчам гэтай незалежнай, рашучай, амбіцыйнай жанчыны звязана нараджэнне сельскага турызму ў Беларусі.
Пра млын, ружовыя акуляры і зялёнага пеўніка
Складана было нават уявіць, што я, карэнная гараджанка, некалі буду займацца адраджэннем вёскі. Але нарадзілася дзіця, і Будзінас набыў дом у Дудутках. Спачатку мы з дзіцем пераязджалі туды выключна на лета. Пасля таго, як муж стварыў паліграфічную фірму, атрымаў 200 гектараў зямлі і пачаў будаваць "Дудуткі", сама не заўважыла, як стала праводзіць у вёсцы 6 месяцаў у годзе. Гэта цяпер я ўспрымаю горад выключна як месца для працы. Сапраўднае жыццё для мяне пачынаецца за межамі горада. Большасць людзей з узростам таксама да гэтага прыходзіць.
Партрэт гэты (паказвае на сцяну) Будзінасу падарыў сам Уладзімір Стальмашонак. Намаляваў мужа мастак на фоне млына ў Дудутках невыпадкова. Бо ідэя зрабіць гэты музей належыць менавіта Будзінасу. Я, ужо будучы замужам, уцягнулася ў справу. Пісала экскурсіі, прываблівала турыстаў... Мы "раскруцілі" гэты ўнікальны аб'ект. Але пасля давялося ад яго пазбавіцца, можна сказаць, не па сваёй волі. У "Дудутак" цяпер новы гаспадар. Ён, нічога не магу сказаць, развівае музей, досыць шмат укладвае ў інфраструктуру, уводзіць новыя аб'екты. Я шчыра радуюся, што дзецішча Будзінаса жыве і карыстаецца папулярнасцю.
Загарэлася ідэяй развіцця сельскага турызму пасля таго, як пагасцявала ў сядзібе ў Паланзе. Там я наяве ўбачыла, што такое — аграэкатурызм. Пазнаёмілася з гаспадаром. Ён распавёў, што ў Літве ёсць асацыяцыя сельскага турызму, якая дапамагае ўладальнікам сядзіб развіваць гэтую справу. Вярнулася дадому і патэлефанавала прэзідэнту літоўскай асацыяцыі Рэгіне Сірусене. Запрасіла яе ў "Дудуткі". Менавіта яна мне і падказала, куды рухацца, з чаго пачынаць.
У Беларусі зарэгістравана больш за 2 тысячы аграсядзіб. З іх амаль палавіна актыўна займаецца прыёмам турыстаў. Гэта значнае дасягненне, калі ўлічыць, што 10 гадоў таму ў нас слова "аграэкатурызм" наогул не ўжывалася.
Сімвалам беларускага аграэкатурызму вырашылі зрабіць зялёнага пеўня, бо ён асацыюецца з вёскай, з нечым светлым, ён будзіць людзей і разганяе злых духаў. Вядомы мастак па выцінанцы Слава Дубінка выразаў нам эмблему ў выглядзе дарослага пеўніка з дзеткамі невыпадкова. Бо сельскі турызм у Беларусі — на 99% сямейны бізнес. Як правіла, гэта тандэм "муж—жонка". Мне вельмі падабаецца, што многія дзеці пачалі ўцягвацца ў гэты працэс. Вучацца турызму і вяртаюцца ў вёску.
На пенсіі я таксама планую заняцца аграэкатурызмам. Некалі мясцовыя жыхары ўгаварылі мяне набыць дом у Расонскім раёне. Ён стаіць у цудоўным месцы, на беразе возера, побач рака. Поўная прыродная ізаляцыя, адным словам. Дом той калісьці належаў фатографу. Хачу даць яму другое дыханне. Раблю там стылізацыю 60-х гадоў мінулага стагоддзя: блакітныя капы, прошвы...
Пра цэментавыя платы, туі і дрэсіраваных кароў
Раней я не бачыла ніякага хараства ў нашых драўляных хатах. Кардынальна змяніла меркаванне пра беларускую вёску толькі тады, калі паглядзела на яе вачыма замежнікаў. Вёскі, дзе захавалася традыцыйная беларуская забудова, выклікаюць у іх захапленне. Зараз я таксама лічу, што вёска — наш здабытак. Хаты з разнымі ліштвамі, платы. Толькі не цэментавыя! Тое, што цяпер адбываецца замена драўляных платоў на цэментавыя, — гэта жахліва. Нікому не раю іх ставіць. Гэта проста знішчэнне беларускай вёскі.
Сэрца крывёю абліваецца, калі бачу сярод драўляных дамоў белы трохпавярховы асабняк з сілікатнай цэглы. У англійскай вёсцы гэта немагчыма. Вам проста не дазволяць парушыць архітэктурную гармонію. Хочацца, каб і ў нас з'явіўся строгі закон аб захаванні сельскага ландшафту.
Вёска павінна быць падобнай на вёску. Я за тое, каб заставаўся агарод, магчыма, меншага памеру. І абавязкова кветнікі! Прычым я супраць туй, якімі цяпер паўсюдна абсаджваюць сядзібы. Бо беларуская вёска мае свае традыцыйныя кветкі.
Пасялілі мы неяк у вясковую хату экспертаў з Англіі і Амерыкі. Праз тыдзень спыталі ў іх: "Што вас больш за ўсё здзівіла"? Яны адказалі: "Дзве гаспадарскія каровы. Яны самі кудысьці сыходзілі і вярталіся..." Зразумела, што каровы сыходзілі на пашу. Але для іх гэта былі "дрэсіраваныя каровы", таму што "самі сыходзілі". Для заходняга чалавека гэта фантастыка! Многія з іх упершыню каштуюць свойскае яйка, бачаць, як дояць карову, як цэдзяць малако, б'юць з яго масла пры дапамозе драўлянай маслабойкі... Захапляюцца замежныя турысты і тым, што мы здолелі захаваць традыцыйныя абрады, рамёствы!
У мяне вельмі сентыментальнае стаўленне да нашай беларускай керамікі. Яна вельмі вытанчаная, элегантная. Маю шмат вырабаў з гліны, прычым не толькі на працы, але і дома. Некаторыя работы вельмі вядомых майстроў. Мне падабаецца, што раней ганчары ўсё прадумвалі да дробязяў. Вось гэтаму гарлачу гадоў 60 (<І>паказвае ), дык ён зроблены так, каб нават бабка, у якой трасуцца рукі, магла яго ўтрымліваць. У мяне дома ёсць гліняны сервіз, пакрыты зялёнай глазурай. Ён зроблены ў "Дудутках". І я ім вельмі даражу. Калі сервірую ім стол на прыродзе, госці не ўтойваюць захаплення...
Мы можам стаць славянскай Швейцарыяй ці Італіяй. Краінай сельскага турызму для ўсёй Еўропы. У нас для гэтага ўсё ёсць. Некранутая прырода, шматлікія абрады і традыцыі, добрыя дарогі, вельмі гасцінныя і душэўныя людзі. Як пісаў Караткевіч, "Беларусь — гэта край раскрытых душ і дзвярэй". Трэба толькі вырашыць дыпламатычныя пытанні з візамі і праблемы з інфраструктурай. Бо турысты гатовы пакідаць у вёсцы грошы: набываць сувеніры, арандаваць аўтамабілі, лодкі, веласіпеды, наведваць музеі... Але не паўсюль пакуль створаны ўмовы.
У Беларусі няма ніводнай аграсядзібы, дзе б маглі адпачываць інваліды-калясачнікі. Гэта проста абсурдна. І справа, як высветлілася, не ў тым, што гаспадары сядзіб не хочуць гэтым займацца. Яны проста не ведалі, што такая праблема ёсць. Таму зараз мы гэтай тэмай заняліся ўшчыльную. Праводзім адаптацыю сядзіб, распрацоўваем экасцежкі для інвалідаў-калясачнікаў па Налібоцкай пушчы. Людзі з абмежаваннямі маюць такія ж правы на адпачынак, як і мы з вамі. Тым больш, не варта забывацца, што бяда можа здарыцца з кожным.
Пра кластары, цмока і беларускі курорт
Ёсць у нас крэатыўныя сядзібы. Напрыклад, гаспадыня сядзібы "Дамелька" ў Смалявіцкім раёне захапляецца фітадызайнам і праводзіць майстар-класы па працы з кветкамі. Васіль Фралоў з жонкай Алай зрабілі ў Валожынскім раёне сядзібу, прысвечаную пчалярству. Там нават ёсць шкляны вулей, каб назіраць за тым, як жывуць пчолы. На сядзібе "Барок" музыкі Алеся Лася ёсць музей старадаўніх прылад. Гаспадар сам аднаўляе прылады, робіць дуды, вучыць беларусаў традыцыйным танцам...
Каб стварыць арыгінальны рэгіянальны турпрадукт, мясцовым уладам і гаспадарам сядзіб трэба навучыцца працаваць разам. Бо будучыня ў аграэкатурызме і ў цэлым у эканоміцы менавіта за кластарамі.
Ярчэй за ўсіх у гэтым плане развіваецца Валожынскі раён. Там каля 30 сядзіб аб'яднана вакол зялёнага маршруту "Валожынскія гасцінцы" ў агратурыстычны кластар. Туды ўваходзяць і мясцовыя музеі, і фермеры, у якіх ёсць стайні, і мастакі, якія аздабляюць сядзібы, і фабрыка "Іўкон", якая ладзіць "Цукеркавы фэст". На тэрыторыі раёна ёсць санаторый, куды гаспадары сядзіб возяць сваіх турыстаў на масаж, у басейн. Там жывуць вельмі творчыя людзі, і ў іх вельмі шмат крэатыўных ідэй. Так, ёсць думкі зрабіць фестываль, звязаны з развіццём ніжняй бялізны. Бо, аказваецца, вынаходніца станіка Іда Розенталь родам з тых мясцін...
Кожны рэгіён павінен мець цікавую адметнасць. Бо людзі не паедуць у вёску дзеля ложка і ежы. Зацікавіць сучасных турыстаў можна нейкай унікальнай цікавінкай. Напрыклад, у Дрыбінскім раёне распаўсюджана шапавальства. Там ёсць грамадскае аб'яднанне шапавалаў, цудоўны музей, звязаны з традыцыяй ручнога вырабу валёнак, свята "Дрыбінскія таржкі"... У шапавальстве я бачу для рэгіёна вялікую перспектыву. Ім засталося толькі скааперавацца і больш інтэнсіўна працаваць на гэтую ідэю ўсім раёнам.
У Лепельскім раёне пачынаюць развіваць вобраз цмока, які, па Караткевічу, жыў у Лепельскім возеры. Ужо ў верасні на дзень горада там з'явіцца помнік гэтай істоце. Мы ж нічым не горшыя за Шатландыю, якая прываблівае турыстаў легендай пра Лох-Нескую пачвару.
Першы аграэкатурыстычны курорт у Беларусі плануем зрабіць у Расонскім раёне. Бо гэта самы чысты раён. Там 80 адсоткаў лесу, каля 200 рэк і азёр, ёсць мінеральныя воды, сапрапель, заказнікі "Сіньша" і "Чырвоны Бор", вельмі шмат аграсядзіб. Мясцовы тураператар мог бы штодзень арганізоўваць нейкія праграмы для тых, хто адпачывае.
Яшчэ адзін цікавы шлях развіцця сельскай тэрыторыі назіраю ў Карэліцкім раёне. Бацька набыў закінутую вёску для сваёй дачкі — маёй выпускніцы (Валерыя Кліцунова, да таго ж, з'яўляецца дацэнтам кафедры міжнароднага турызму БДУ). Вёска ўключае 17 хат, якія цяпер аднаўляюцца з захаваннем аўтэнтычных традыцый. Там плануецца стварыць турыстычны комплекс.
Пра шкляную тэрасу, сэрцабіццё і дыскрымінацыю
Я практычна не адпачываю. Магу, вядома, паехаць на тыдзень туды, дзе мора і сонца. Але вострай патрэбы ў адпачынку не адчуваю. Бо па працы я вельмі шмат перамяшчаюся, таму атрымліваецца, што рух, новыя ўражанні — гэта мой лад жыцця. Нават калі еду праводзіць семінар у вёску, адпачываю душой і целам. Душой — бо займаюся любімай справай, целам — бо пасля семінара ўсіх яго ўдзельнікаў чакае купанне, лазня, забавы...
Больш за ўсё люблю бавіць час у сваім доме ў Дудутках. Вакол — сад.Ёсць там вялізная шкляная тэраса, над якой звісаюць галінкі дрэў. Таму нават у дождж і холад на тэрасе камфортна, адчуванне, што знаходзішся на прыродзе. Збіраюся асесці там на некалькі месяцаў і завяршыць некалькі кніг.
Маё сэрца б'ецца часцей, калі займаюся развіццём аграэкатурызму ці гавару на гэтую тэму. Аднойчы да нас у офіс прыходзіў прадстаўнік "Зялёнай партыі". Распавядаў пра свой праект. "Малайцы, — кажу, — добрая ідэя". "Ну, значыць, вы будзеце з намі яе прасоўваць". "Не, — кажу. — Маё сэрца не стала біцца часцей". Ён, магчыма, падумаў, што я вар'ятка. Але я пераканана, што калі адразу сэрца не стала часцей біцца, значыць, не варта губляць час.
Стогны пра дыскрымінацыю жанчын некалькі надуманыя. Я абсалютна ў іх не веру. І ні ў адну жаночую арганізацыю не ўступала і не ўступлю. Таму што, лічу, гендарнай праблемы няма. Праблема не паміж паламі — яна ў самой жанчыне. Кожны мае тое, што жадае. Гэта я кажу, вядома, пра свой досвед. Калі я выйшла замуж у 17 гадоў, у мяне быў досыць цвёрды кантроль над маімі жаданнямі, бо Яўген Будзінас быў нашмат старэйшы за мяне: маўляў, гэта табе нельга чытаць, гэта табе не трэба рабіць... Словам, "месца ўсходняй жанчыны на кухні". Я дамаглася ўсяго праз супраціў, ніхто нічога не паднёс мне на сподачку, я ваявала за свае правы.
У нас дзіўнае грамадства. З аднаго боку, у нас ніколі не абяруць жанчыну прэзідэнтам ці прэм'ер-міністрам, як, напрыклад, у Турцыі ці ў Пакістане. Перш за ўсё таму, што ў саміх жанчын ёсць меркаванне: "Не жаночая гэта справа". З іншай — займацца бізнесам жанчынам у нас лягчэй. Мужчыны цвёрда канкурыруюць адзін з адным, а да жанчыны гэтага пачуцця яны не адчуваюць. Я магу дазволіць сабе нефармальныя паводзіны, мяккасць, жарт, гумар — нават у гутарцы з чыноўнікамі. Прызнацца, я не жадала б быць мужчынам.
Надзея ДРЫЛА.
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva-0