Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка папярэджвае аб недапушчальнасці няўважлівага стаўлення чыноўнікаў да людзей пры барацьбе з афрыканскай чумой свіней і патрабуе аказваць насельніцтву ўсялякае садзейнічанне. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе аб эпізаатычнай сітуацыі ў свінагадоўлі і мерах барацьбы з вірусным захворваннем свіней, перадае БЕЛТА.
"Мяне не столькі трывожыць сам працэс гэтай барацьбы, колькі тое, як рэагуе насельніцтва на меры, што прымаюцца органамі ўлады і ветэрынарнымі службамі. Я ўсё больш і больш атрымліваю сігналаў, у Адміністрацыі Прэзідэнта мы фіксуем узрастаючую колькасць зваротаў грамадзян па гэтых пытаннях. Сутнасць іх зводзіцца да таго, што мы часам няўважліва, а часам па-хамску паводзім сябе з людзьмі. Гэта значыць мы, здавалася б, выконваем святую місію — змагаемся з гэтай заразай, але ў той жа час ствараем новую праблему — негатыўнае рэагаванне людзей на нашы дзеянні, дзеянні ветэрынарных службаў. Павінен вас папярэдзіць: гэта недапушчальна", — сказаў Прэзідэнт.
"Хацеў бы, каб з наступнага тыдня такіх заяў ад насельніцтва ў мой адрас не паступала, — папярэдзіў Прэзідэнт. — Вашы тлумачэнні, што вы правільна робіце, вы добрыя, а людзі дрэнныя, прымацца не будуць!"
"Вы там, калі ласка, на месцы разбярыцеся з кожным чалавекам. Не думаю, што ў нас знойдзецца шмат людзей, якія ад няма чаго рабіць будуць займацца пісанінай у адрас Прэзідэнта з просьбай аб прыняцці нейкіх мер. Таму з гэтага моманту мы з вамі дамовіліся: ад людзей скаргаў быць не павінна! Стаўцеся да людзей па-чалавечы, ліквідуючы гэту заразу", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прысутных у зале.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што АЧС не ўяўляе пагрозы для здароўя людзей. Ён са шкадаваннем заўважыў, што ў свеце яшчэ не выпрацавалі эфектыўных мер барацьбы з гэтай хваробай, не існуе вакцыны, а адзінае выйсце — гэта лакалізацыя ачагоў, знішчэнне захварэлых жывёл для прадухілення распаўсюджвання хваробы.
"Прычынамі таго, што нам даводзіцца ліквідаваць гэту заразу, з'яўляецца парушэнне элементарных санітарных норм, каранціннага рэжыму на фермах і прыватных падворках, і гэта можа прывесці да пашырэння зоны эпідэміі, нанясення значнага ўрону як свінагадоўчай галіне, так і эканоміцы краіны ў цэлым", — сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што галоўная праблема — эканамічная. "Мы ні ў якім выпадку не павінны дапусціць распаўсюджвання гэтай хваробы
і падзяжу свіней, будзе гэта на прыватных падворках, на фермах або на комплексах. Мы і так ужо страцілі, няхай няшмат, але гэта не адзін мільярд рублёў", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Для Беларусі развіццё свінагадоўлі мае вялікае значэнне. Ва ўсіх рэгіёнах функцыянуюць магутныя свінагадоўчыя комплексы, прадукцыя з якіх паступае не толькі на ўнутраны рынак, але і на экспарт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на комплексах прымаюцца жорсткія меры, і нідзе не зафіксавана паўторнага з'яўлення хваробы. Найбольшую заклапочанасць у Прэзідэнта выклікаюць дробныя фермы і прыватныя падворкі. Паводле слоў Прэзідэнта, у 97 выпадках са 100 жывёла заразілася ў прыватных падворках, а таму неабходна прымаць усялякія меры, каб не дапусціць пераносу захворвання на буйныя комплексы або фермы.
"Страту галіны мы ні ў якім выпадку дапусціць не можам. Не менш важны і той факт, што амаль на кожным сельскім падворку гадуюць свіней як для ўласных патрэб, так і для продажу на рынак, тым самым папаўняючы харчовыя рэсурсы краіны", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што ў прыватных падворках гадуюцца амаль 900 тыс. свіней, што складае больш як 20 працэнтаў усяго пагалоўя свіней у Беларусі. "Таму мы павінны аказаць істотную дапамогу насельніцтву ў барацьбе з гэтай заразай", — падкрэсліў Прэзідэнт.
На думку кіраўніка дзяржавы, для таго каб не дапусціць распаўсюджвання хваробы, трэба прымаць прэвентыўныя меры. У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў вопыт Мінскай вобласці, дзе забой жывёлы ажыццяўляюць на мясакамбінаце, а потым чалавек або забірае мяса, або пакідае там за грашовую кампенсацыю. "Калі вы нармальна заплаціце чалавеку за кожны кілаграм свініны або жывой вагі, ён вам яе аддасць. Таму каб не дапусціць ліквідацыі жывёлы, лепш у зонах рызыкі здаць цяпер здаровую жывёлу на мясакамбінат", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, на гэтай бядзе пачынаюць іграць розныя дэструктыўныя сілы, нагнятаючы абстаноўку. "Мы не павінны даваць падставы, каб гэтыя нягоднікі раздувалі пажар у нашым грамадстве", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ва ўрадзе створаны спецыяльны штаб, прымаюцца пэўныя меры, аднак нараканняў з боку людзей на такую работу нямала. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава не можа стаяць у баку ад гэтай праблемы, у тым ліку ад вырашэння яе фінансавых пытанняў.
Аляксандр Лукашэнка выказаў занепакоенасць тым, што афрыканская чума свіней набывае распаўсюджванне ў Расіі. Выяўлены яшчэ адзін вялікі ачаг у Яраслаўскай вобласці. "Адгарадзіцца ад усяго свету мы не можам, тым больш ад Расіі, таму трэба тут, на месцы, прымаць эфектыўныя меры", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/aficyyna