Беларусь і Шры-Ланка маюць намер вывесці двухбаковае супрацоўніцтва на якасна новы ўзровень. Гэту пазіцыю пацвердзілі 26 жніўня на сустрэчы ў Мінску Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка Махінда Раджапакса, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што краіны за кароткі час выпрацавалі шэраг прапаноў па пашырэнні двухбаковага супрацоўніцтва і цяпер настаў час краінам прымаць канкрэтныя рашэнні па напрамках далейшага ўзаемадзеяння. Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў вялікія поспехі, якіх дабіўся Прэзідэнт Шры-Ланкі для працвітання і стабілізацыі сітуацыі ў дзяржаве. "Пасля доўгіх гадоў канфліктаў на тэрыторыі Шры-Ланкі вы далі свайму народу не проста надзею, а гарантыю міру і спакойнага жыцця. І гэтым самым вы звярнулі на сябе, на вашу краіну погляды вельмі многіх лідараў, грамадска-палітычных дзеячаў розных дзяржаў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Махінда Раджапакса адзначыў, што Шры-Ланка выступае за ўмацаванне дружалюбных адносін з Беларуссю. Ён звярнуў увагу на важнасць таго, што ў беларускай дзяржаве ўстаноўлены мір, што з'яўляецца добрай асновай для развіцця дзяржавы.
На сустрэчы сам-насам кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі ўвесь спектр двухбаковых адносін і пацвердзілі ўзаемны намер вывесці беларуска-ланкійскае супрацоўніцтва на якасна новы ўзровень.
Прэзідэнт Беларусі прапанаваў рэалізаваць шэраг буйных двухбаковых праектаў са Шры-Ланкой. "Мы зацікаўлены гандляваць з тэрыторыі Шры-Ланкі на гіганцкіх рынках Інданезіі, Паўднёва-Усходняй Азіі і асабліва Індыі, тым больш што ў вас з гэтымі дзяржавамі вельмі выгадны ў падатковых адносінах гандаль", — сказаў беларускі лідар. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Шры-Ланцы стварэнне сумесных прадпрыемстваў і нарошчванне паставак беларускай тэхнікі. "Мы гатовы ісці на стварэнне сумесных прадпрыемстваў на вашай зямлі, і такія прапановы ўжо напрацаваны спецыялістамі дзвюх краін. Думаю, у бліжэйшы час мы на практыцы зможам рэалізаваць гэтыя праекты", — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў зацікаўленасць у тым, каб ланкійскі бізнес інвеставаў у Беларусь, тым больш што шырокія магчымасці для гэтага адкрывае ўдзел краіны ў Мытным саюзе.
Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што беларуска-ланкійскія адносіны набылі апошнім часам дакладную станоўчую дынаміку. Прэзідэнт Беларусі запэўніў свайго ланкійскага калегу ў тым, што беларускі бок зробіць усё неабходнае для рэалізацыі дасягнутых у час перагавораў дамоўленасцяў. "Закрытых тэм у нашым супрацоўніцтве абсалютна няма, мы будзем развіваць адносіны па ўсіх напрамках, якія будуць вас цікавіць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Сёння мы адкрываем новую старонку нашых адносін. Беларускі бок поўны рашучасці вельмі хутка і эфектыўна прайсці гэты шлях".
Прэзідэнт Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка падкрэсліў важнасць таго, што гэты візіт — першы ў гісторыі двухбаковых адносін Беларусі і Шры-Ланкі, які пацвярджае зацікаўленасць абедзвюх дзяржаў ва ўмацаванні ўзаемавыгадных кантактаў. "Я прыехаў у Мінск як сябар вашай краіны і хачу запэўніць у рашучым намеры Шры-Ланкі развіваць усебаковыя адносіны з Беларуссю", — сказаў Махінда Раджапакса.
Ён таксама запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Шры-Ланку. Па выніках перагавораў бакі падпісалі восем міжнародных дакументаў, якія пашыраюць супрацоўніцтва па цэлым шэрагу напрамкаў.
У прыватнасці, падпісаны міжурадавыя пагадненні аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, аб бязвізавых паездках для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў, аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў адносна падаткаў на даходы, аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, аб кантактах у сферы турызму.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/belta
[5] https://zviazda.by/be/tags/mytny-sayuz
[6] https://zviazda.by/be/tags/shry-lanka
[7] https://zviazda.by/be/tags/prezident-demakratychnay-sacyyalistychnay-respubliki-shry-lanka-mahinda-radzhapaksa