У будучыні трапіць «выпадкова» ў ВНУ будзе ўсё больш праблематычна. У гэтым паспрабавалі пераканаць журналістаў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам прыёмнай кампаніі Анатоль РУБІНАЎ і першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр ЖУК. Анатоль Рубінаў і Аляксандр Жук правялі прэс-канферэнцыю, на якой агучылі не толькі вынікі прайшоўшай прыёмнай кампаніі, але і падзяліліся сваім бачаннем таго, як у далейшым павінен ажыццяўляцца адбор прэтэндэнтаў на атрыманне вышэйшай адукацыі.
— У гэтым годзе прахадны бал на бюджэтную форму навучання на ўсіх спецыяльнасцях не апускаўся ніжэй за 96 балаў, у той час як летась былі выпадкі, калі студэнтамі станавіліся абітурыенты, якія мелі ўсяго 46 балаў, — расказаў Анатоль Рубінаў. — Увядзенне больш высокага парогавага значэння на цэнтралізаваным тэсціраванні дапамагло выключыць з кола прэтэндэнтаў на навучанне ў ВНУ самых слаба падрыхтаваных абітурыентаў. Амаль 41 тысяча абітурыентаў не змагла пераадолець устаноўлены парог. І гэта было правільна: з аднаго боку, мы павысілі патрабаванні да ведаў тых, хто паступаў, а з іншага, — забяспечылі прыток абітурыентаў у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.
— На шэраг спецыяльнасцяў прахадны бал у вышэйшых навучальных установах вырас ад 20 да 100 пунктаў, — дадаў Аляксандр Жук. — Мы праводзілі маніторынг у 9 пунктах правядзення тэсціравання і заўважылі, што на ЦТ па фізіцы і матэматыцы да 40% абітурыентаў пакідалі экзаменацыйную аўдыторыю на працягу першай гадзіны. Гэта людзі, якія не спрабавалі рашаць задачы, а спадзяваліся ўгадаць адказ, расставіўшы ў сваіх бланках крыжыкі. Менавіта абітурыенты, якія такім чынам «здавалі экзамен», і аказаліся сярод тых, хто не змог пераадолець ніжні парог.
Існаванне ніжняга парогу — гэта вельмі важны сігнал і для грамадства, і асабліва для моладзі, што не трэба блытаць даступнасць вышэйшай адукацыі з лёгкасцю яе атрымання. Сапраўды, права атрымаць менавіта тую прафесію, пра якую марыш, ёсць ва ўсіх, але аднаго толькі жадання недастаткова: для таго, каб атрымаць вышэйшую адукацыю, неабходна мець яшчэ і адпаведную базу ведаў, трэба добра вучыцца і сістэмна рыхтавацца да паступлення.
Міністэрства адукацыі не засмучае і той факт, што з за ўвядзення ніжняга парогу не ўдалося ўкамплектавацца ў гэтым годзе не толькі прыватным ВНУ, але і дзяржаўным. Недабор на бюджэтную форму навучання ў дзяржаўных ВНУ склаў 2414 месцаў, з іх 1643 месцы засталіся незапоўненыя на дзённай форме навучання. План набору на бюджэтную форму выканалі толькі 19 з 45 дзяржаўных ВНУ. На платную форму навучання ў дзяржаўныя ВНУ залічылі на 19,2 тысячы чалавек менш, чым планавалі (або на 36%). А ў прыватных ВНУ і ўвогуле недабор склаў 46%: планавалі набраць 8,8 тысячы чалавек, а набралі толькі 4,8 тысячы першакурснікаў.
— Калі мы яшчэ восенню прымалі рашэнне ўзняць ніжняе значэнне бала на ЦТ, то ўсведамлялі, якія наступствы будзе мець гэтае рашэнне, — запэўніў Аляксандр Жук. — Наша галоўная задача — выканаць дзяржаўны заказ на падрыхтоўку кадраў. І мы з ім фактычна справіліся. Невыкананне лічбаў бюджэтнага набору ў нас нязначнае. З праблемамі сутыкнуліся педагагічныя спецыяльнасці фізіка-матэматычнага профілю. Але ў дзвюх абласных ВНУ (Гродзенскім дзяржаўным і Віцебскім дзяржаўным універсітэтах) усе бюджэтныя месцы на педагагічных спецыяльнасцях фізіка-матэматычнага профілю поўнасцю запоўнены, што сведчыць аб эфектыўнасці прафарыентацыйнай работы, якая праводзіцца ў гэтых рэгіёнах. Для таго, каб прыцягнуць абітурыента, правядзення адных толькі дзён адкрытых дзвярэй у навучальнай установе недастаткова. На Гродзеншчыне цалкам удалося ўкамплектавацца таксама і Гродзенскаму дзяржаўнаму аграрнаму ўніверсітэту — яшчэ адзін аргумент на карысць якаснай прафарыентацыі ў рэгіёне.
На думку Анатоля Рубінава трэба прыводзіць падрыхтоўку кадраў з вышэйшай адукацыяй у адпаведнасць з рэальнымі патрэбамі рынку працы.
— У нас заяўленая колькасць месцаў для прыёму ў ВНУ складала 97,5 тысячы, а, напрыклад, у 1991 годзе план прыёму быў усяго 37,5 тысячы чалавек. Гэта значыць, што сёння мы выпускаем у 2,6 раза больш спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, чым у пачатку 1990 х гадоў. А ў сістэме прафтэхадукацыі запланавана прыняць на вучобу 36 тысяч маладых людзей, у той час як у 1991 годзе гэты паказчык складаў 72 тысячы. Атрымліваецца, што на аднаго рабочага ў нас прыпадаюць тры спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. Гэта не зусім нармальная прапорцыя… Што тычыцца платнай формы навучання, я мяркую, што далейшы лёс маладых людзей, якія атрымліваюць адукацыю за ўласныя сродкі, павінен хваляваць не толькі іх, але і дзяржаву. Калі выпускнік з дыпломам аб вышэйшай адукацыі не можа сябе ў далейшым у жыцці рэалізаваць, гэта вялікая праблема. Таму і колькасць платных месцаў, напэўна, таксама трэба планаваць.
Аляксандр Жук упэўнены, што рабіць нейкіх рэзкіх рухаў у плане рэзкага скарачэння платнай формы навучання сэнсу няма: існаванне ніжняга парогу на ЦТ прывядзе да таго, што «сітуацыя сама паступова ўвойдзе ў нармальнае рэчышча». Але сёння колькасць студэнтаў-платнікаў перавышае ў дзяржаўных ВНУ колькасць «бюджэтнікаў». Асабліва гэта тычыцца завочнай формы навучання.
Дзяржаўная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў чарговы раз ініцыіруе зацвердзіць новы парадак прыёму ў ВНУ.
— Зрабіць гэта трэба яшчэ да канца гэтага года, каб у абітурыентаў быў час усё вывучыць і падрыхтавацца да новых умоў паступлення, — падкрэсліў Анатоль Рубінаў.
Паводле яго слоў, кожны год Міністэрства адукацыі і дзяржаўная камісія выяўляюць праблемныя пытанні. У 2011 і 2012 гадах былі зроблены канкрэтныя рэкамендацыі і на іх падставе была распрацавана новая рэдакцыя правіл прыёму. Аднак прыняць новы парадак не паспелі. Таму сёлета ўсе акрэсленыя праблемы зноў нагадалі пра сябе, што пацвярджае іх невыпадковы характар.
Як зазначыў Анатоль Рубінаў, як і летась, адмоўны ўплыў на якасць адбору абітурыентаў аказвала правядзенне на шэрагу спецыяльнасцяў асобнага конкурсу паміж выпускнікамі сельскіх і гарадскіх устаноў адукацыі. Ад асобнага конкурсу трэба адмаўляцца. Тым больш, што сёння выпускнікі сельскіх устаноў адукацыі амаль не ўступаюць па сваіх балах гараджанам, а часта маюць нават і больш высокія балы. Разам з тым, ёсць сітуацыі, якія ўвогуле супярэчаць здароваму сэнсу: напрыклад, калі падае дакументы толькі адзін абітурыент з сельскай мясцовасці, то ён увогуле паступае без конкурсу — незалежна ад узроўню ведаў.
— Сітуацыя, якая склалася сёлета падчас прыёмнай кампаніі, у чарговы раз даказала, што пытанні прадастаўлення абітурыентам пры паступленні льгот патрабуюць перагляду. Ці можа быць інжынер з ільготамі на веды або ўрач, у якога пры паступленні былі асаблівыя абставіны? — задаў рытарычнае пытанне Анатоль Рубінаў. — Я ўпэўнены, што льгот на ўзровень прафесіяналізму быць не павінна. А пакуль такія льготы існуюць, яны прыводзяць да парадаксальных сітуацый: напрыклад, у БДУ на біялагічным факультэце прахадны бал быў 262, а льготнік змог паступіць, маючы ўсяго 142 балы. На «сучасныя замежныя мовы» паступалі абітурыенты, якія мелі больш як 300 балаў, але гэта не перашкодзіла паступіць сюды выпускніку з сельскай мясцовасці, які меў усяго 155 балаў. Лічу, што льготы павінны быць перанесены ў матэрыяльную сферу: гэта можа быць абавязковае прадастаўленне месца ў інтэрнаце, выдача льготнага крэдыту, адмена платы за ўдзел у ЦТ і гэтак далей.
Анатоль Рубінаў звярнуў таксама ўвагу на праблему залічэння пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце «Грамадазнаўства». Гэтыя абітурыенты, якія маюць права быць залічанымі без уступных іспытаў, пры паступленні на звышпрэстыжныя спецыяльнасці нярэдка выціскаюць абітурыентаў з вельмі высокімі баламі па выніках ЦТ. Скажам, у БДУ з 15 залічаных на спецыяльнасць «Міжнароднае права» 14 аказаліся пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды. Затое сюды не змог паступіць абітурыент, які меў бліскучы вынік: 386 балаў з 400 магчымых. Прычым абітурыент аказаўся на вышыні на ўсіх трох дысцыплінах цэнтралізаванага тэсціравання.
— Нельга сказаць, што «Міжнароднае права» і «Грамадазнаўства» на 100% карэлююць, — падкрэсліў Анатоль Рубінаў, — таму з гэтай алімпіяднай дысцыплінай трэба разбірацца… Як і з пералікам экзаменацыйных дысцыплін на роднасных спецыяльнасцях. Трэба яго ўніфікаваць, каб абітурыент, які раптам не прайшоў на адну спецыяльнасць, мог бы са сваім наборам сертыфікатаў паступіць на блізкую спецыяльнасць, дзе чамусьці патрабуецца сертыфікат па іншай дысцыпліне. Гэта тычыцца ў першую чаргу гуманітарных дысцыплін.
А вось над зместам тэстаў, як лічыць Анатоль Рубінаў, яшчэ трэба будзе папрацаваць, каб зменшыць верагоднасць угадвання правільных адказаў. Асабліва востра гэтая праблема стаіць для тэстаў па рускай і беларускай мовах, тым больш што на гэтых дысцыплінах устаноўлена самая нізкая планка на ЦТ. Старшыня дзяржкамісіі лічыць, што вобласць А, дзе да заданняў прыводзяцца варыянты адказаў, трэба скарачаць, а вобласць В (дзе ад абітурыента патрабуецца ўпісаць правільны адказ самастойна) — павялічваць.
Увогуле ж, на думку Анатоля Рубінава, гэта не зусім правільна, калі няпрофільныя прадметы ў агульным бале абітурыента прэваліруюць: для інжынера больш важнае веданне фізікі і матэматыкі, чым рускай мовы. Таму, магчыма, можна было б замяніць экзамен залікам?
Але Аляксандр Жук лічыць недапушчальным, калі інжынер не можа запоўніць без памылак нават заяву ў аддзеле кадраў, бо валоданне мовай — абавязковы атрыбут любога чалавека з дыпломам аб вышэйшай адукацыі. І нават калі гэта будзе залік, усё роўна давядзецца ўстанаўліваць нейкае абмежаванне на ўваходзе…
І напрыканцы яшчэ некалькі лічбаў: з выпускнікоў агульнаадукацыйных устаноў гэтага года студэнтам стаў кожны другі (55%). Сярод выпускнікоў ліцэяў колькасць тых, хто паступіў у ВНУ, даходзіць да 90%, а сярод выпускнікоў гімназій — да 80%.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] https://zviazda.by/be/kampetentna
[4] https://zviazda.by/be/tags/anatol-rubinau
[5] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-zhuk