УКРАЛІ $18 МЛН З ДАПАМОГАЙ ФАЛЬШЫВАГА АНТЫВІРУСА
Ахвярамі злачыннай групы пад кіраўніцтвам беларуса сталі больш за 200 тыс. грамадзян са 125 краін
Беларус стварыў вэб-сайт міжнароднага ўзроўню — своеасаблівую крымінальную сацыяльную сетку. З дапамогай апошняй аб'яднаў больш за 100 грамадзян розных дзяржаў, якія валодаюць навыкамі здзяйснення злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Кожны з «кардараў» спецыялізаваўся на выкананні пэўнай ролі ў працэсе падрыхтоўкі і здзяйснення крадзяжоў.
— Злачынная група з выкарыстаннем разгалінаванай сістэмы вэб-сервераў распаўсюджвала ў інтэрнэце праграму — так званы фальшывы антывірус, — патлумачыў следчы па асабліва важных справах упраўлення па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і інтэлектуальнай уласнасці галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Беларусі Іван СУДНІКОВІЧ. — Праграма цалкам імітавала працу антывіруснага праграмнага забеспячэння, але пры гэтым паказвала лжывыя паведамленні аб заражэнні камп'ютара шматлікімі вірусамі, якіх на самой справе не было, і прапаноўвала набыць поўную версію, каб абараніць камп'ютар. Напалоханыя карыстальнікі камп'ютараў пакідалі на спецыяльных сайтах зламыснікаў рэквізіты сваіх плацежных карт. Наіўна меркавалі, што такім чынам купляюць легальнае антывіруснае праграмнае забеспячэнне ў надзейнага вытворцы.
Такім чынам, за чатыры месяцы арганізаваная злачынная група здзейсніла больш за 260 тыс. эпізодаў крадзяжоў з карт-рахункаў на суму звыш $18 млн. Пацярпелымі ад злачыннай дзейнасці сталі больш за 200 тыс. грамадзян, якія пражываюць у 125 дзяржавах.
— Асноўныя сродкі атрымліваў непасрэдна кіраўнік злачыннай групы, які затым размяркоўваў іх паміж усімі ўдзельнікамі, — адзначыў Іван Судніковіч. — Яго затрымалі ў Кіеве. У яго гаражы знаходзілася пяць дарагіх аўтамабіляў. Кошт кожнага складае ад $100 тыс. Маёмасць канфіскавана. Астатнія ўдзельнікі групы атрымлівалі грошы ў залежнасці ад сваёй ролі. Выплаты некаторым з іх дасягалі $600 тыс.
Акрамя кіраўніка, затрыманы і знаходзяцца пад вартай яшчэ тры актыўныя ўдзельнікі арганізаванай злачыннай групы — усе грамадзяне Беларусі. Іх сярэдні ўзрост — 25 гадоў. Маладым людзям пагражае зняволенне тэрмінам да 15 гадоў.
Надзея ДРЫЛА.
ДВОЕ ХЛОПЦАЎ ЗА НОЧ ПАСПЕЛІ ЎЧЫНІЦЬ ДВА ЗЛАЧЫНСТВЫ
Яны пазнаёміліся падчас адбывання арышту ў ізалятары часовага ўтрымання Пастаўскага раённага аддзела ўнутраных спраў. У абодвух, нягледзячы на малады ўзрост, на той час за плячыма ўжо былі па пяць не знятых і не пагашаных судзімасцяў. Неўзабаве пасля таго, як выйшлі на волю, пасля ўжывання спіртнога пайшлі на чорную справу ў Глыбоцкім раёне, дзе жыў адзін з таварышаў.
— Уначы праніклі ў дом састарэлых жыхароў адной з вёсак. Пабудзіўшы пенсіянераў, патрабавалі выдаць грошы, каштоўныя рэчы. Не знайшоўшы нічога каштоўнага, акрамя 130 тысяч рублёў, сябры прыхапілі з сабой прадукты харчавання, якія знаходзіліся ў халадзільніку. У іншай вёсцы зайшлі да знаёмых, працягвалі выпіваць. Даведаўшыся, што ў гаспадара ёсць паляўнічая стрэльба, зламыснікі вырашылі яе забраць. Калі гасцінны гаспадар дома зброю аддаваць адмовіўся, крымінальная парачка пачала яго збіваць. У ліку іншага збівалі табурэткай, качаргой, прыстаўлялі да шыі нож. У выніку катаванняў вымусілі небараку аддаць зброю. Перад тым, як пайсці, прыстрашылі забойствам, калі мужчына паведаміць аб тым, што здарылася, у міліцыю. Але гаспадар неадкладна патэлефанаваў па тэлефоне 102, — расказаў Валерый ДАЙЛІДЗЁНАК, намеснік пракурора Глыбоцкага раёна.
Можна толькі ўяўляць, на якія яшчэ «подзвігі» пацягнула б узброеных злачынцаў. Добра, што іх аператыўна затрымалі міліцыянеры. Была заведзена крымінальная справа. Затрыманых абвінавачваюць у здзяйсненні рабавання і крадзяжу зброі шляхам разбою. Нягледзячы на тое, што ў ходзе расследавання было сабрана дастаткова доказаў, у судзе таварышы сябе вінаватымі не прызналі, не пакаяліся ў зробленым. Судом Глыбоцкага раёна вынесены прысуд. Аднаго з рабаўнікоў пазбавілі волі тэрмінам на 9 гадоў, а яго напарніку давядзецца правесці за дротам 10 гадоў. Акрамя таго, з абвінавачаных на карысць старых, якія пацярпелі, спагнана маральная шкода.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zdarenni