Фактычна прарыў: на айчыннай сцэне адразу чатыры новыя спектаклі, аўтары якіх — нашы сучасныя драматургі. Плюс яшчэ адзін — пластычны. Ушчыпніце мяне!.. Гэта не сон, а ява, хоць месцамі яна была амаль падобная на сон — паводле трактоўкі пастаноўшчыкаў. Але сутнасць не ў гэтым, а ў тым, у што мы самі доўга не верылі (звычайная беларуская практыка), пакуль не паказалі іншыя: у Беларусі раптам з'явіліся актуальныя п'есы, якія можна і трэба ставіць. Толькі вось апошняе — ставіць — тычыцца ўжо не Беларусі, а краін суседніх. Неяк дзіўна, але факт: беларускі тэатр застаецца больш грувасткім і традыцыйным як з пункту гледжання рэжысёрскага, так і аўтарскага. Слова «аўтарскі» наўмысна стаўлю другім, таму што яны, аўтары, якраз залежаць ад жадання рэжысёраў іх ставіць. А ў рэжысёраў гэтае жаданне ў большай ступені прадыктавана кантэкстам, дзе магчымыя ці немагчымыя эксперыменты. Дык вось, фестываль на тое і патрэбен, каб часам рабіць немагчымае магчымым.
Напрыклад, паказаць дакументальны тэатр праз пастаноўку ў Новым драматычным тэатры «РАTRІS» (пра яе будзе асобная гаворка ад Таццяны Арловай). Але хацелася б спыніцца на іншых спектаклях, каб назваць імёны і паказаць сутнасць эксперымента рэжысёрскага, глебу для якога ствараюць драматургі.
Сцешык
Канстанцін Сцешык — аўтар п'есы «Кароткачасовая», якая прыцягнула ўвагу расійскага рэжысёра Сямёна Александроўскага.
Тэатральны форум даў яму магчымасць праэксперыментаваць. Ён гэта зрабіў. П'еса пра кароткачасовую чалавечую памяць, у якой ідзе дыялог бацькі з сынам, дэманстравалася ў выглядзе… цітраў на сцяне. Іх прачыталі. Сутнасць зразумелі. Далей — пачалася дэманстрацыя таго, што, на думку рэжысёра, уяўляе сабой кароткачасовасць. На сцэне пасярод расстаўленай старой мэблі ляжалі навушнікі, да якіх пачалі выходзіць людзі з залы і нешта ў іх слухаць. Па меры таго, як залу запаўняла цішыня, усё больш і больш з'яўлялася жаданне ў гледачоў узнімацца на сцэну. У навушніках гучала тая ж п'еса, якую чыталі па ролях розныя людзі — часам бацька з сынам, часам іншыя, нават сам рэжысёр… Гледачы мяняліся навушнікамі, каб паслухаць розных выканаўцаў, калі іх можна так назваць. Пераходзілі з канапы на крэсла і гэтак далей. У нейкі момант мэблю сталі прымаць — выносіць літаральна з пад тых, хто быў на сцэне. Даводзілася ісці зноў у глядзельную залу, назіраючы за тым, як рэчаіснасць імгненна мянялася, а сцэна пусцела.
Кароткачасовасць уласцівая не толькі памяці. Яна, бывае, уласцівая пачуццям, яна ўласцівая самому жыццю. І ў гэтым жыцці нейкімі фрагментамі з'яўляюцца іншыя людзі. Кароткачасовыя з'яўленні… Каб потым і яны — людзі з іх праблемамі, жаданнямі і чаканнямі — сышлі ў цемру забыцця…
Метафарычна і цікава. Інтэрактыўна. Так падавалася. Але не ўсе былі гатовыя да такога радыкальнага эксперымента: фактычна да маўклівай дэманстрацыі драматургіі.
Пражко
І, можа быць, пытанні да эксперымента з «Кароткачасовай» засталіся б, каб не было іншых — з п'есай Паўла Пражко «Засмучаны хакеіст».
У былым павільёне завода (клуб «Ме100») размясціліся дзве дзіўныя глядзельныя пляцоўкі, падзеленыя белымі аркушамі паперы, паводле задумы рэжысёра Дзмітрыя Валкастрэлава. Гэта той самы рэжысёр, які ў Санкт-Пецярбургу вельмі актыўна ставіць п'есы беларускага драматурга Пражко. І вось — Мінск. І трэба радавацца: такі рэжысёр ды ў нас нешта зрабіў! Але пасля — больш пытанняў: а што ж зрабіў? Што гэта было?
Павел Пражко прыдумаў героя — Ігара, натуру паэтычную, нават узнёслую. Мы адразу, дзякуючы дзяўчыне, што чытае вершы, уваходзім у свет гэтага чалавека з вельмі пяшчотнай душой: гэта яго вершы. Месцамі — аматарскія, месцамі — лірыка, месцамі — графаманства. Ці штосьці падобнае на нейкія дзённікавыя запісы (чаго варта толькі адна заўвага: калі іншыя мужчыны называлі жонку «яна», то ён заўсёды — Ірынка…). Хочацца рыдаць ад шчырасці!.. І вось наступная частка жыцця Ігара неяк не стасуецца з яго душэўнай часткай: ён — мужны мужчына, які гуляе ў хакей. Але яго самога ў глядзельным павільёне мы бачым толькі ў відэа, якое дэманструецца на белым экране. Ігар вырашыў зрабіць сваім калегам па камандзе прыемнае: упрыгожыў распранальню выразанымі з паперы белымі сняжынкамі. Вось такі ўчынак для сапраўднага мужчыны.
Але неяк не стасавалася першае з другім. Дзве часткі жыцця Ігара так і засталіся часткамі: вершы прагучалі, відэа паглядзелі (трэба сказаць, трошкі зацягнутае). Але чаму тады трэба было разбіваць прастору на два павільёны, калі з гэтым рэжысёр ніяк не пагуляў?
Было б зразумела, калі б у адным перад гледачамі разгортвалася паэтычнае жыццё, а ў другім — хакейнае. Але канцэпцыя не пайшла далей за тое, каб галасы ў адным і другім павільёне даганялі адзін другога. Самым прыемным эпізодам гэтага спектаклю быў выхад з павільёнаў, дзе чакаў прыемны сюрпрыз — развешаныя папяровыя сняжынкі…
Але гэта хутчэй эксклюзіў ад Пражко (амаль гламурны) — адмыслова для Беларусі. Ну «не зайшлі» тут асабліва яго ранейшыя п'есы, дзе гучала руская ненарматыўная лексіка…
Багаслаўскі
Чаму прыходзяць у снах нябожчыкі? Што яны хочуць паведаміць? Пра што папярэдзіць? Аднойчы здаецца, што дзеля таго, каб высветліць нейкія пытанні, на якія раней не знайшлося адказаў: «Тата, а ты мяне любіў?..» Але і ў снах адказ адразу не даецца. Да яго трэба дайсці. Саспець. Быць гатовым. Герой п'есы Дзмітрыя Багаслаўскага «Ціхі шоргат сыходзячых крокаў» пакутуе ад сваіх сноў, у якіх размаўляе з памерлым бацькам. Едзе жыць у яго хату — каб зразумець нешта важнае для сябе. Пачуць ад яго параду, як пачысціць калодзеж, і просьбу прыбраць куст з матчынай магілы, бо душыць яе… Разабрацца з сёстрамі, якія хочуць прадаць хату, — каб яму пакінулі. І ўсё-такі зразумець сэнс гэтых пякучых сноў — у экстрасенса (псіхолага). Але зноў ад іх пакутаваць, сустракацца са сваякамі ды суседам, які ведаў бацьку, каб задаць усё тое ж пытанне…
І зноў пачаць трызніць… Зноў чысціць калодзеж і прыбіраць куст, з кожным разам набліжаючы чарговую сустрэчу з бацькам.
Высыпаецца пясок (ён сімвалізуе ваду) — як ідзе час галоўнага героя. І з кожным разам усё больш цісне гэтае пытанне. З кожным разам гук свістулек, з якімі гулялі ў дзяцінстве, становіцца пранізлівейшым: усе выраслі, у кожнага з дзяцей сваё жыццё, усім патрэбны грошы, і толькі
Аляксандру — бацькава хата.
П'еса ідзе нібыта кругамі. Кожны новы віток — новы сэнс, новы пласт, за якім набліжаецца адказ. Артысты Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі спрабавалі выцягнуць напружанне ігрой. На жаль, праца рэжысёра Шаміля Дыйканбаева (запрошаны з Кыргызстана) не дазволіла адчуць шматузроўневасць драматургічнага матэрыялу. Асобныя моманты метафар не выратоўвалі сітуацыю: розныя ўзроўні засталіся не акрэсленымі рэжысурай. А шкада: глыбокі і вельмі чалавечы матэрыял звяртае да таго, што тычыцца і турбуе кожнага: да шчырасці, любові, такіх рэдкіх цяпер нават сярод блізкіх людзей. Аляксандр адказ знаходзіць. І разумее, чаму ж да яго ў сны так настойліва прыходзіў бацька… А за ім і глядач — таму што сюжэт і сэнс п'есы Дзмітрыя Багаслаўскага зразумелы з таго, што прамаўляюць артысты, а не з таго, як гэта пададзена на сцэне. Так, мінімалізм, так, адчуванне цякучасці часу, зменлівасці (праз пясок) ёсць. Але гэта такая дробязь у параўнанні з тым, пра што п'еса. Дзіўна тое, што яе аўтар — зусім малады чалавек. А такое адчуванне, што пражыў сто гадоў… Калі глыбіня ёсць, то яна ёсць, нягледзячы на несупадзенне з глыбінёй рэжысуры.
І гэта вырасла і выхавалася ў нас!
Іназемцаў
Што ёсць «мы»? З чаго яно ствараецца? І дзе вырастае? Насуперак чаму? Такія пытанні задаваў сабе — і беларускім гледачам — Вячаслаў Іназемцаў, аўтар спектакля «Рамонт», прэм'еру якога прадставіў пластычны тэатр «Інжэст».
Нам фактычна распавялі гісторыю нашай краіны. Прыгожай, як ранішняе світанне над воднай паверхняй. Спеўнай, як птушыны гай. Рамантычнай, як пацалункі закаханых пры зіхатлівым агеньчыку. Такой прывабнай, але трошкі, можа, архаічнай. Чаму б не зрабіць у ёй якую рэканструкцыю? Ёсць жа спецыялісты! Ёсць землямеры, якія час ад часу прыглядаюцца да абсягаў, але вось жа няўдача: нязручна хадзіць — зацягвае…
Зацягвае, уцягвае, прыцягвае. Уцягвае і гэтае дзеянне, вельмі нетаропкае, нават трошкі манатоннае, але такое падобнае на рытм нашага жыцця. І з гэтым прыходзіцца лічыцца, сачыць за персанажамі, якія выпаўзаюць… з глядзельнай залы. Дзеянне разгортваецца літаральна наадварот: гледачы занялі месцы, згодна з квіткамі, на сцэне. І адтуль, са сцэны, назіралі за тым, што робяць артысты, якія ходзяць, лазяць, поўзаюць па крэслах, правальваюцца, зноў устаюць, каб паказаць, як можа аднаўляцца жыццё ў асобна ўзятай купіне пасярод багны, якія каларытныя ў ёй ёсць персанажы, як у іх адбываюцца святы і вяселлі, як плённа працуецца.
Але не пакідала адчуванне таго, што галоўныя ўдзельнікі гэтага спектакля размясціліся менавіта там, дзе сцэна. І назіралі адтуль за тым, якая іх уласная рэчаіснасць. Гэта спектакль, дзе ў кожнага — і з артыстаў, і з гледачоў — свая роля. Нездарма ў фінале жыхары гэтай містэрычнай краіны паўзуць да сцэны з кветкамі — і дзячаць тым, хто глядзеў перформанс, які ёсць у жыцці. Але што гэта было: эксперымент альбо частка сапраўднага жыцця, у якім, дарэчы, ёсць месца і артыстам, і культурным установам, якія перыядычна перажываюць рамонт?..
Заслона. Музыка. Апладысменты. Каму?..
Тым, хто робіць у нас тэатр як мастацтва, не звяртаючы ўвагу на густ масавай аўдыторыі. І аўдыторыі — за тое, што дае тэмы для асэнсавання.
Ларыса ЦІМОШЫК.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/larysa-cimoshyk
[2] https://zviazda.by/be/teatr
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[4] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-arlova
[5] https://zviazda.by/be/tags/kanstancin-sceshyk
[6] https://zviazda.by/be/tags/pavel-prazhko
[7] https://zviazda.by/be/tags/novy-dramatychny-teatr
[8] https://zviazda.by/be/tags/pesa-karotkachasovaya