Учора ў Мінску пачалі дзейнічаць адразу дзве міжнародныя спецыялізаваныя выставы: «Транспарт і лагістыка» і «Лагістычны інжынірынг». Міністр транспарту і камунікацый Анатоль СІВАК на адкрыцці выстаў адзначыў, што такія мерапрыемствы з'яўляюцца найважнейшымі складнікамі Беларускага транспартнага тыдня. Кіраўнік транспартнай галіны падкрэсліў, што вынікі дзейнасці транспартных прадпрыемстваў з'яўляюцца адным з асноўных кампанентаў у выніках фінансава-эканамічнай дзейнасці дзяржавы.
Паводле слоў Анатоля Сівака, сёлета ў выставе «Транспарт і лагістыка» ўдзельнічаюць каля 125 кампаній з 15 краін. Гэта сведчыць аб тым, што геаграфія гасцей выставы пашыраецца: летась налічвалася каля 50 кампаній з 9 краін. Свае стэнды на экспазіцыі гэтага года, у прыватнасці, прадставілі прадпрыемствы з Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Аўстрыі, Германіі, Бельгіі і Швецыі. У цэлым каля 60% удзельнікаў прыбылі з-за мяжы.
Прадстаўнікі закрытага акцыянернага таварыства «Тэхніка і камунікацыі» адзначалі, што выстава «Транспарт і лагістыка» з кожным годам набывае ўсё большае значэнне, а цікавасць да яе ўзрастае. Кіраўніцтва прадпрыемства ўпэўнена, што правядзенне такога мерапрыемства неабходна ў сувязі з актыўным развіццём лагістычнай інфраструктуры ў рэспубліцы, а таксама інтэграцыяй у адпаведную інфраструктуру Мытнага саюза і Еўропы.
Гэтыя дзве экспазіцыі дэманструюць сучасныя транспартныя сістэмы і абсталяванне для іх, тэхналогіі і тэхніку для праектавання, будаўніцтва, рамонту і абслугоўвання розных відаў транспартных камунікацый. На выставах кліенты могуць азнаёміцца з паслугамі па перавозцы грузаў і пасажыраў, сістэмамі кіравання запасамі, абслугоўвання і інфармацыі транспартнай і лагістычнай тэматыкі.
Сяргей КУРКАЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[5] https://zviazda.by/be/tags/transpart-i-lagistyka
[6] https://zviazda.by/be/tags/lagistychny-inzhyniryng
[7] https://zviazda.by/be/tags/anatol-sivak