8 кастрычніка «Звязда» прэзентавала сумесны з полацкай грамадскасцю праект па зборы сродкаў на будаўніцтва мемарыяла «Урочышча Пяскі». У гады фашысцкай акупацыі ў Полацку за Свята-Еўфрасіннеўскім манастыром было пахавана некалькі дзясяткаў тысяч савецкіх грамадзян: ваеннапалонных, партызанаў, падпольшчыкаў і мірных жыхароў. Дагэтуль гэтае месца не прыведзена ў парадак: дождж і вецер агаляюць чалавечыя астанкі. Мы абяцалі звяртацца да гэтай тэмы столькі разоў, колькі спатрэбіцца, пакуль сітуацыя не будзе выпраўлена і абавязак памяці не будзе выкананы. «Звязда» ўзяла невялікае інтэрв'ю ў загадчыка полацкага Музея баявой славы, аўтара кнігі «Урочышча Пяскі — тэрыторыя смерці. 1941—1944» Сяргея КОПЫЛА.
— Сяргей Пятровіч, першае пытанне, якое ўзнікае, калі даведваешся пра ўрочышча Пяскі: як так атрымалася, што такое масавае пахаванне часоў вайны дагэтуль не добраўпарадкавана?
— Спачатку дзейнічаў чалавечы фактар: скончылася страшная вайна з каласальнымі стратамі, калі людзі прывыклі да трагедый. Таму, магчыма, у першыя пасляваенныя гады там не быў пастаўлены нават нейкі сціплы абеліск або помнік. Да таго ж, урочышча пераходзіла з аднаго ведамства ў іншае. Некаторы час яно належала сельскаму Савету Полацкага раёна, потым вобласці. Затым зноў было перададзена Міністэрству абароны Савецкага Саюза, і там быў уладкаваны невялікі палігон…
— Палігон на месцы масавага пахавання?
— Так. У пачатку 90 х зямля, якая сёння выглядае, як роўная пляцоўка, была здратавана ваеннай тэхнікай. Астанкі людзей аказаліся на паверхні таму, што слой зямлі быў зрушаны.
Разам з тым увага грамадскасці была прыкаваная да гэтага месца. У 1949 годзе менавіта жыхары Спас-Слабады звярнулі ўвагу спачатку раённага выканаўчага камітэта, потым абласнога на тое, што на гэтым месцы пасеялі жыта. Тады заворванне ўрочышча спынілі і прынялі рашэнне пра неабходнасць усталявання помніка. Не ведаю, які лёс запыту ў Савет Міністраў БССР аб выдаткаванні на гэта сродкаў, але, напэўна, рашэнне было адмоўным, бо помнік там не з'явіўся. Памятны знак быў усталяваны толькі ў пачатку 90 х.
— Вы казалі, што ў 1949 м жыхары Спас-Слабады звярнулі ўвагу ўлад на гэтае месца. Гэта былі відавочцы трагічных падзей?
— Так, відавочцы жывуць там дагэтуль. І сярод жыхароў раёна ёсць тыя, хто рэгулярна пералічвае частку сваёй пенсіі ў фонд будаўніцтва мемарыяльнага комплексу ва ўрочышчы. Яны памятаюць, што там было.
У гэтым месцы пахаваныя тры катэгорыі савецкіх грамадзян: ваеннапалонныя транзітнага лагера Дулаг 125; падпольшчыкі і партызаны, якіх захапілі карнікі і пасля катаванняў расстралялі ў гэтым месцы; цывільнае насельніцтва з лагера, які знаходзіўся параўнальна недалёка — ля чыгуначнай станцыі Грамы.
Мясцовыя жыхары бачылі факты расстрэлаў. Некалькі разоў на тыдзень прыязджалі «чорныя варанкі» з гарадской турмы або з турмы службы бяспекі, месца ачэплівалася паліцыяй, з машын выводзілі людзей, ставілі ля выкапаных раней ям і расстрэльвалі. Тыя, хто гэта бачыў і сёння яшчэ можа пра гэта расказаць, тады былі дзецьмі.
— Летам мінулага года мне давялося паездзіць па працоўных калектывах горада Полацка — я расказваў пра ўрочышча Пяскі. Большасць маіх слухачоў мелі досыць цьмянае ўяўленне пра гэта месца, хаця яно знаходзіцца ў рысе горада.
У гараджан ёсць два пункты погляду на намеры будаўніцтва там мемарыяла. Адны лічаць, што будаваць яго неабходна. Да таго ж ужо праведзеныя вялікія падрыхтоўчыя работы, закуплена частка будаўнічых матэрыялаў, і зроблена гэта на народныя грошы, таму трэба завяршыць пачатае. Іншыя лічаць, што грошы трэба выдаткоўваць на жывых.
— Што вы думаеце пра думку апошніх?
— Калі мы не аддадзім даніну памяці, мы забудзем сваю ўласную гісторыю, і тады яе можна будзе замяніць чужымі ўяўленнямі. Трэба дабудаваць мемарыяльны комплекс, ён будзе мець важнае значэнне і для палітыкі, і для патрыятычнага выхавання, і проста для маральнага стану грамадства. Большасці людзей Полаччыны, якая страціла вялізную колькасць сваіх жыхароў падчас Вялікай Айчыннай вайны, няма куды прыйсці і пакланіцца сваім родным. А гэта важна.
Сам мемарыяльны комплекс павінен мець міжнароднае значэнне. Таму што вайскоўцы, якіх знішчалі ў лагеры Дулаг 125, служылі ў Чырвонай Арміі, а гэта была і 214 я стралковая дывізія, якая фарміравалася ва Украіне, і 62 і стралковы корпус у складзе трох стралковых дывізій, які прыйшоў да нас з Урала, а гэта — башкіры, удмурты, рускія… Там было вельмі шмат масквічоў, якія аказаліся пад Полацкам падчас мабілізацыйных мерапрыемстваў пры пераходзе Чырвонай Арміі на штат ваеннага часу. Тут былі знішчаныя людзі многіх канфесій: праваслаўныя, католікі, пратэстанты, іўдзеі, мусульмане.
Таму варта было б дабудоўваць мемарыяльны комплекс разам з нашымі суседзямі — былымі рэспублікамі Савецкага Саюза.
— Вы бачылі праект мемарыяла. На ваш погляд, ён адпавядае таму, што вы ведаеце пра гэта месца?
— Разглядалася два праекты: Льва Аганава і Ігара Рудэні. Было абмеркаванне гэтых праектаў у друку, я бачыў абодва. Праект Аганава больш сціплы. Праект Рудэні прадугледжвае ўваходную кампазіцыю, шматканфесійную сімволіку, Сцяну памяці з прозвішчамі, якія мы ведаем. Гэты праект мне бліжэй.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Грашовыя сродкі на стварэнне мемарыяла «Урочышча Пяскі» ў Полацку можна пералічваць у Віцебскае абласное аддзяленне ГА «Беларускі фонд міру» на рахунак
№ 3015411066026 (у беларускіх рублях),
№ 3135411066502 (у доларах)
№ 3135411066805 (у расійскіх рублях)
у дырэкцыі ААТ «Белінвестбанк» па Віцебскай вобласці, код 153001739, АКПА 0583697
______________________________________________________________________________________
«Мой бацька ляжыць у Пясках» [9]
Абавязак сыноў [10]
______________________________________________________________________________________
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/pamyac
[4] http://zviazda.by/2013/10/17747.html
[5] http://zviazda.by/2013/11/21717.html
[6] http://zviazda.by/2013/11/23468.html
[7] http://zviazda.by/2014/02/30490.html
[8] http://zviazda.by/2014/02/31564.html
[9] http://zviazda.by/2014/03/36978.html
[10] http://zviazda.by/2014/05/40409.html
[11] https://zviazda.by/be/tags/polack
[12] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kopyl
[13] https://zviazda.by/be/tags/memaryyal-urochyshcha-pyaski